З якой літары пісаць слова “Бог”?

Засмучае, калі бачу слова “Бог”, напісанае з малой літары. А такое напісанне ўсё часцей сустракаю і ў фэйсбучных постах, і ў СМІ.
І гэта не толькі пытанне веры.
Гэта пытанне логікі і арфаграфіі. З вялікай літары называюць тыя месцы і з’явы, якія адзінкавыя – імёны людзей, назвы гарадоў, краін, гістарычных падзей.
Слова “Бог” у краінах, дзе панавалі або пануюць монатэістычныя рэлігіі — заўсёды абазначае канкрэтнага і адзінага Бога. Не аднаго з багоў грэцкай ці рымскай міфалогіі, а адзінага Бога. Не важна, верыць у Яго той, хто вымаўляе ці піша гэтае слова — на нашай прасторы калі кажуць “Бог”, маюць на ўвазе адзінага Бога.
Дарэчы, вось у Дзеда Мароза ніхто не верыць, але словы “Дзед Мароз” пішуць з вялікай літары, бо гаворка ідзе пра канкрэтнага, хай сабе і казачнага ды выдуманага, персанажа.
Калі журналісты цытуюць святара ці епіскапа, то яны дакладна ведаюць, што святар ці епіскап, кажучы “Бог”, маюць на ўвазе адзінага Бога. Але ўсё адно пішуць гэта слова так, як быццам бы аўтар выказвання гаворыць пра нейкага там аднаго з грэцкіх ці рымскіх паганскіх багоў.
Па другое, гэта пытанне культурнай і цывілізацыйнай прыналежнасці. Такі маркер цывілізацыі. У англійскай мове, у польскай, у большасці, калі не ва ўсіх еўрапейскіх мовах, “Бог” пішацца з вялікай літары.
“Бог” з малой літары пісалі камуністы. Памятаю, як я быў малы і чытаў выдадзеныя пры Саветах кніжкі, то думаў: вось, як камуністы спрабавалі прынізіць Бога і рэлігію, што нават з малой літары Яго называлі, і як добра што гэтая камуністычная сістэма скончылася.
Дык вось, мне хочацца належаць да слаўнай еўрапейскай цывілізацыі, дзе “Бог” пішуць з вялікай літары, а не вяртацца ў камуністычнае рабства, дзе “Бог” пісалі з малой, а заадно, дэманстратыўна спрабуючы прынізіць Бога, прыніжалі і здзекваліся з чалавека і ягоных правоў.
Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі