Пасха​ пачынаецца ў чацвер. Эўхарыстыя

Вялікі чацвер.
Пасха пачынаецца ў чацвер.
Эўхарыстыя — цэнтральная тэма гэтага дня, першага з Пасхальнага Трыдуума.
Пасхальную таямніцу не зразумееш, калі не ўсвядоміш сімвалізму падзей, што адбыліся ў чацвер, за тры дні да ўваскрашэння.
Эўхарыстыя – тэма канешне не папулярная і незразумелая для людзей з па-за хрысціянскага кола, ды і самымі хрысціянамі можа не да канца зразумелая.
Вучні Хрыста, якія былі юдэямі, бачылі яе так. Усе, а не толькі Апосталы з Ісусам, у гэты дзень спажывалі пасху — ягня і ўзгадвалі вызваленне Народа з Егіпецкага рабства.(пар. Зых 12, 1-8, 11-14). І вось, падчас гэтай вячэры, Хрыстос дае пачатак таінству Эўхарыстыі. Ён пераўтварае хлеб у Сваё Цела, а віно ў Сваю Кроў. ( пар. 1Кар. 11, 23-26) Гэта рашэнне не нарадзілася спантанна, ў адзін момант, пад уплывам штогадовага святкавання пасхі. Хрыстос значна раней пра сябе заяўляў, што Ён хлеб, які зышоў з неба (Ян 6,41) І той, хто будзе яго спажываць, будзе мець жыццё вечнае. (Ян 6,51) Зрэшты, таксама, калі апошні раз Ісус на свята Пасхі ўваходзіў у Іерусалім, яшчэ раз падкрэсліў, што цяпер Ён будзе хлебам, які прыносіцца ў ахвяру Богу.
Бо ўваходзіў з заходняга боку Іерусаліма, з боку Бэтфагіі (Мц 21,1) — гэта той пасёлак дзе пяклі хлябы ахвяравання для прынашэння ў святыню. Гэты хлеб з’яўляўся сімвалам заключанага запавету Бога з народам. (пар. Лев 24,8) І вось, калі з Бэтфагіі Ісус сядае на асла і пачынае ўрачысты ўваход ў Іерусалім, можна ў гэтым бачыць, што Ён сябе прыносіць у ахвяру, бо адгэтуль сам з’яўляецца тым самым хлебам, прынесеным з Бэтфагіі у Іерусалімскую святыню, Ён стане і хлебам прынашэння, і хлебам ахвярным, (пар. Лев 24,7) і хлебам, згодна з юдэйскай традыуыяй, прысутнасць якога сярод людзей будзе доказам Божага блаславенства чалавека і блаславенства ўсіх плёнаў людзкой працы. Такое значэнне меў той хлеб прынашэння. А таму і такія думкі былі ў тых, хто прымаў непасрэдны ўдзел у адбываўшымся пераходзе з жыцця ў старым запавеце да жыцця ў новым запавеце. Адгэтуль у новым запавеце ўжо больш не трэба будзе складаць Богу ахвяры, бо прынесенай ахвярай становіцца Божы Сын.
Хрыстос, пераходзячы да кульмінацыі тайны Эўхарыстыі, дае таксама тлумачэнне асабістай матывацыі, інакш кажучы, гаворыць навошта гэта робіць. Абрад абмыцця ног сваім вучням (Ян 13, 1-15) падкрэслівае прычыну, якой ёсць любоў Бога да чалавека. Любоў настолькі вялікая, што Хрыстос аддаецца цалкам і пазастаецца назаўсёды з чалавекам. І гэта ўсё магчыма дзякуючы Эўхарыстыі.
А каб ніхто не сумняваўся ў тым, што у  новым запавеце ў зносінах паміж Богам і чалавекам усё больш сур’ёзна, чым у старым; і каб ніхто не падумаў, што гэта толькі прыгожыя абрады, з роўні вось такога глыбокага фальклору з рэлігійным падтэкстам, Хрыстос мяняе прадмет ахвяры складанай Богу: традыцыйнае пасхальнае ягня, якое было з часу вызвалення ад егіпцян і ратавала ад смерці, на Самога Сябе. А дзень пазней, у пятніцу, становіцца крывавай ахвярай той безкрывавай ахвяры, якая была прынесена ў чацвер.
І напрыканцы, можна дадаць, што ахвярныя хлябы ў святыні мелі права праз тыдзень з’ядаць у самой святыні толькі святары. І трэба зазначыць, што Хрыстос не змяніў гэты прынцып. Толькі зрабіў так, што кожны, хто ў Яго паверыў стаў залічаны да каралеўскага святарства, (1П 2,9) а таму і мае магчымасць есці гэты Эўхарыстычны хлеб, не будучы святаром, кажучы свецкай мовай, з прафесіі.
У першы дзень Пасхальнага Трыдуума важна зразумець: Любоў Бога да чалавека, якая не мае межаў, ставіць кожнага з нас на парог вельмі важных падзей. А пераступіць яго здольны толькі той, хто ў сваім сэрцы знойдзе месца для любві. І вось тады пачынаюцца ў жыцці дзеецца вялікія справы Бога! Любоў робіць усё магчымым.

а. Вячаслаў Барок

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі