Хрыстос Уваскрос!

ХУ

 

..Хрыстос уваскрос!
Зь вялікім Сьвятам адвечнага аджыўленьня віншую цябе, Вялікі Беларускі Народ!
Гэтай вялікай начы страсі зь сябе ўсю пагарду, увесь бруд, каторым аблепліваюць цябе ад вякоў. Чыста вымыйся, прыбярыся ў найлепшую вопратку, каб хоць на адзін дзень стаў ты роўным з усімі. Ідзі туды, дзе пачуеш гэтыя вялікія словы:
— Хрыстос уваскрос!
Услухайся ў іх. Якая вялікая сіла! Які ўсёажыўляючы зьмест захованы ў іх! Ці ня чуеш, як радасьцю надзеі, радасьцю скорага ўваскрасеньня вее ад гэтых слоў:
— Хрыстос уваскрос!
Радуйся, мой родны край! Надзея, як жывучая вада, ліецца ў тваю душу. Скора і ты ўваскрэсьнеш ад доўгага мёртвага сну. Вясна прыйшла і да цябе.
— Хрыстос уваскрос!
Над Ім зьдзекаваліся. Яго білі па твары, сьцябалі бізуном. Плявалі на Яго. Кпілі зь Яго. У канцы расьпялі і расьпятага не пераставалі мучыць. Сьпечаныя смагай вусны зьвільжвалі воцатам і жоўцю. Ён памёр на Крыжы паміж двох разбойнікаў. Але ўсё ж ткі:
— Хрыстос уваскрос!
Уваскрос Хрыстос, і Крыж, раней знак пагарды й сораму, зрабіўся сьвятыняй усяго сьвету. Мукі Хрыстовыя змылі ўсё зь яго. I штогоду вялікай вясеньняй начы тысячы цэркваў і касьцёлаў сьвецяцца агнямі сьвечак, ліецца радасны пераклік званоў, крыж падымаецца над мільёнамі схінёных галоваў, і ў паветры разносіцца радасны шэпт:
— Хрыстос уваскрос!
Што гавораць табе званы, Беларускі Народ? Ці не віншуюць яны цябе яшчэ і з тваім уласным вялікім сьвятам? Скора ж і ты ўваскрэсьнеш!
Ад вякоў пагарджалі табой, тваёй мовай; ад вякоў мелі за быдла, годнае толькі на цяжкую, надсільную работу. Не давалі табе расьці й разьвівацца. Воцтам чужой культуры зьвільжвалі твае сьпечаныя смагай сьвятла вусны. Лепшых тваіх сыноў адрывалі ад цябе, прымушалі іх рабіцца здраднікамі. А цяпер пышаюцца імі, называюць іх сваімі. I яны такі іхныя.
А хіба ж яны не любілі цябе? Хіба лепшы жар свайго сэрца ахвяравалі не табе? А дзе яны?
Іх няма з табой! З самага малку адарвалі ад роднае глебы, атруцілі здрадай. I іх, тваіх дзяцей, маюць за зброю проці цябе.
Цябе катавалі. Ты цярпеў мукі, але ня ўмёр. Глыбока, глыбока ты захаваў сваю душу. Хрыстос быў з табою ў тваіх муках; і Ён разам з табою цярпеў іх. Колькі разоў расьпіналі Яго разам з табой! Больш разоў, чым ёсьць пяшчынак на дне мора! Але кожнага году па ўсёй Беларускай зямлі разносіўся кліч:
— Хрыстос уваскрос!
…I ты ўваскрэсьнеш, мой родны край! Скінеш з шыі ярмо адвечнага гора й нуды.
Ты ўжо перастаў плакаць. Ты падняў свой твар. З надзеяй ловіш зыкі званоў:
“Прачынайся ад сну, Беларусь! Годзі стагнаць ды жаліцца, жальба нічога ня дасьць табе. Уставай! Ідзі будаваць зруйнаваную бацькаўшчыну!”
Наперад, па шчасьце! Хай злое ўсё дрогне!
Вясна ўжо на сьвеце — Хрыстос Уваскрос!*
Я бачу, як сьвятлее твой твар, мой родны краю. I, поўны сілы і веры, я крычу ўва ўсю моц тваім нівам, лясам і балотам, тваім панурым вёскам, тваім пакрыўджаным сынам:
— Зь Вялікім Сьвятам віншую! Зь вялікім Сьвятам, Вялікі Беларускі Народ!
— ХРЫСТОС УВАСКРОС!

Сяргей Палуян (“Наша ніва”, № 43, 1910 г.)

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com
04.04.2021 Без рубрики|




Блогі