Пробашч мінскай архікатэдры: маю надзею, што трансляцыя святой Імшы па радыё адбудзецца

11 красавіка святая Імша а 8.15 з архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску можа трапіць у эфір нядзельнай праграмы Белтэлерадыёкампаніі.

Як паведаміў у размове з Catholic.by пробашч архікатэдры ксёндз Антоні Клімантовіч, Апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі sede vacante біскуп Казімір Велікаселец ад імя шматлікіх беларускіх парафій скіраваў ліст у Белтэлерадыёкампанію і Мінгарвыканкам з просьбай аднавіць штонядзельную трансляцыю ранішняй святой Імшы.

Ксёндз Антоні Клімантовіч адзначыў, што афіцыйнага пацвярджэння аб аднаўленні радыётрансляцый ён асабіста не атрымаў, аднак быў паінфармаваны супрацоўнікамі Белтэлерадыёкампаніі, што 11 красавіка парафіяльная святая Імша а 8.15 трапіць у прамы радыёэфір.

Пробашч архікатэдры мае надзею, што трансляцыя святой Імшы адбудзецца, і адбудзецца не толькі 11 красавіка, але вернецца ў штонядзельную праграму Белтэлерадыёкампаніі.

Трансляцыя нядзельных святых Імшаў у 8.15 з мінскай архікатэдры адбывалася бесперапынна з 2000 года па жнівень 2020 года. У адну са жнівеньскіх нядзеляў мінулага года без тлумачэнняў з боку Белтэлерадыёкампаніі спынілася ўключэнне набажэнстваў у прамым эфіры. Нагадаем, што да архікатэдры на працягу некалькіх гадоў радыётрансляцыі нядзельных Імшаў вяліся з касцёла святога Сымона і святой Алены ў Мінску (Чырвоны касцёл).

Сatholic.by

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі