Абраны новы старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

14 красавіка ў Мінску прайшло 80-е пленарнае пасяджэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, прымеркаванае да 30-годдзя адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне.

У пасяджэнні ўзялі ўдзел усе беларусія іерархі і Апостальскі Нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч. Прысутнічаў таксама арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які пасля выхаду на пенсію і адыходу ад пастырскага кіраўніцтва Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй працягвае выконваць шэраг функцый у структуры ККББ.

На пачатку пасяджэння яго ўдзельнікі памаліліся за здароўе Апостальскага візітатара для беларускіх грэка-католікаў архімандрыта Сяргея Гаека, які нядаўна быў шпіталізаваны з пнеўманіяй ў адну з мінскіх бальніц, а таксама за ўсіх хворых на каранавірус і медыцынскіх работнікаў.

Да прысутных звярнуўся Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч, які прадставіў актуальны стан эпідэміялагічнай сітуацыі ў свеце і падыход, якія прапануе Святы Пасад на падставе выказванняў Папы Францішка адносна вакцынацыі.

Удзельнікі пасяджэння ўважліва выслухалі Апостальскага нунцыя і пацвердзілі сваю прыхільнасць раней выдадзеным распараджэнням і рэкамендацыям па пытанні захавання санітарных норм у сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй.

Галоўным пунктам павесткі 80-а пленарнага пасяджэння стала абранне новага Старшыні, пасада якога вызвалілася пасля выхаду на пенсію арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў сувязі з дасягненнем ім 75-гадовага ўзросту.

У выніку галасавання новым Старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі быў абраны біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Намеснікам Старшыні быў абраны біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, Генеральным сакратаром ККББ быў абраны дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які застаецца старшынёй Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў і Рады па справах экуменізму, быў абраны таксама старшынёй Камісіі па справах агульнага пастырства пры ККББ.

Удзельнікі пасяджэння абмеркавалі правядзенне сёлетняга Будслаўскага фэсту. Было вырашана, што традыцыйныя ўрачыстасці ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай пройдуць 2 і 3 ліпеня ў леташнім фармаце, з захаваннем належных санітарных прадпісанняў і без правядзення арганізаваных пілігрымак. Ахвотныя могуць ладзіць пілігрымкі ў індывідуальным парадку.

Для адзначэння 30-годдзя ўтварэння Мінска-Магілёўскай Мітраполіі і адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, а таксама 260-й гадавіны каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Бялыніцкай папскімі каронамі было вырашана правесці агульнанацыянальную ўрачыстасць у Бялынічах (Магілёўская вобласць), якая пройдзе 17–18 верасня. У межах урачыстасці плануецца правесці сімпозіум, а таксама шэраг набажэнстваў і цэлебрацый з удзелам вернікаў і іерархаў Касцёла ў Беларусі.

Catholic.by

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі