Курапацкая варта — малітва і змаганне за “асноўныя правы”
Красавік заканчваецца, але ж заахвочванне папы Францішка у гэтым месяцы маліцца “…за людзей, якія рызыкуюць сваім жыццём, змагаючыся за асноўныя правы там, дзе пануюць дыктатуры і аўтарытарныя рэжымы, а таксама ў дэмакратычных краінах, якія перажываюць крызіс” не губляе актуальнасці.
Вядома, у Беларусі справай небяспечнай ёсць не толькі змагацца за “асноўныя правы” але і маліцца ў гэтай справе.
23 красавіка, калі “па- каталіцкаму” каляндару адзначаўся дзень святога Георгія (Юрыя) і святкавалася духоўная перамога пакутніка над сваімі катамі і сатаной, ў Мінску была затрыманая сілавікамі так называная “курапацкая варта”. Агулам затрымалі 5 чалавек. Сімвалічна, што падзея адбылася ў дзень святога Георгія. Ён некалі быў жаўнерам Рымскай імперыі, але узрушаны пакутніцтвам вернікаў, прыняў хрысціянства. Справа ў тым, што імператар Дыяклетыян, навязваючы рымскае язычніцтва быў вялікім ганіцелям хрысціянаў. Святы выступіў супраць тыраніі і несправядлівасці імператара. За свае перакананні ў 303г быў замучаны, але праз тое, што не адрокся прынятай веры, атрымаў духоўную перамогу над сваімі ворагамі. Пахаваны ў Палестынскай Лідзе.
Усе затрыманыя ў Курапатах-Зміцер Дашкевіч, Ганна Шапуцька, Кірыл Лойка, Марыя Камарова і Артур Белаблоцкі, а пасля, ўсе пасаджаныя за краты, за выключэннем непаўнагадовай дзяўчынкі, якую адпусцілі з РАУС, сваімі паводзінамі нагадваюць подзвіг святога Георгія.
Калі прыглядзецца бліжэй да гэтых людзей, то прыкметным становіцца тое, што ўсе яны хрысціяне. Прыналежаць да каталіцкай або пратэстанцкай царквы. І асаблівай іх адметнасцю ёсць тое, што не раз усе разам сустракаліся на экуменічнай малітве за Беларусь пры Чырвоным касцёле. Зрэшты, калі паглядзіш на здымак асуджаных з Курапат і прыглядзішся да таго, што трымаюць у руках тыя асуджаныя па артыкулу 23.34, можна здзівіцца- бо ў руках Ганна Шапуцька мае намаляваны на паперы крыж, бадай за гэта і атрымала 15 сутак няволі.
Вось бачыце, для мяне, як святара, становіцца зразумелым, што той, хто трымае крыж у руках, звяртаецца да Бога. Упэўнены, тыя, хто сярод затрыманых не меў крыжа ў руках, то трымалі яго на сваіх плячах. Так Артур Белаблоцкі збіраўся таго ж дня прыняць удзел у малітве за Беларусь у Чырвоным, але пасля перадумаў і вырашыў памаліцца ў гэты вечар на Курапацкай варце. З яго слоў, што да мяне пісаў, вынікае, што ён мае такую традыцю: па-пятніцах прыходзіць у Курапаты і маліцца. Кірыл Лойка, які ўжо адседзіў сваіх 5 сутак, падзяліўся ў тэлефанічнай размове, што калі ён і наведвае Курапаты, то перадусім для таго, каб там памаліцца.
Як жа называецца мерапрыемства на якое людзі збіраюцца;з духоўных перакананняў ды яшчэ клапоцяцца захапіць рэлігійны сімвал, прынамсі намаляваны крыж. Як па мне, гэта адназначна малітва, хай сабе і сваеасаблівай формы, але малітва. І калі абраная імі форма малітвы і не адпавядае быць можа нейкім склаўшымся ў хрысціянстве канонам, то, ва ўсялякім выпадку, іх прысутнасць у Курапатах адпавядае пазіцыі годнай хрысціяніна.
І безумоўна, сама атмасфера Курапатаў напэўна спрыяе таму, каб узносіць малітвы да Бога, просячы за “фундаментальныя правы” чалавека. Калі хочаце, на Беларусі падаецца і няма лепшых месцаў да такой малітвы.
Курапаты – сімвал пазбаўлення чалавека любых правоў, у тым ліку і фундаментальнага права проста жыць і быць, а тым больш, мець свае перакананні.
Здзіўляе, што тое ж мерапрыемства пра якое разважаю, праваахоўчыя органы ацэньваюць як незаконнае і падлягаючае адміністратыўнай адказнасці. А ліст начальніка Мінскай міліцыі, ў якім персанальна просіць Суд пакараць Зміцера Дашкевіча на 20 сутак, наогул выклікае шквал эмоцый.
Разумееце, атрымоўваецца, што міліцыя ў Мінску імкнецца пакараць за тое, да чаго папа Францішак заклікае.
Кожны, безумоўна, сам выбірае, як яму і дзе маліцца і, таксама, каго слухаць: ці папу Францішка, ці высокіх начальнікаў у пагонах. Аднак, з упэўненасцю можна сказаць толькі адно: абіраючы, будзьма свядомыя, што ў адначассі, як кажа Хрыстос: “не можаце служыць Богу і мамоне” (пар. Мц 6,24). Не магчыма служыць двум гаспадарам.(Лк 16, 13) Гэта значыць, што і ў Беларусі немагчыма і рэжыму дагадзіць, і перад Богам быць добрым вернікам.
А таму, хай кожны слухае і робіць свой выбар.
Ведаеце, калі сёння ў беларускіх турмах катуюць так людзей, як на судзе казаў Зміцер Дашкевіч і як пасля адбытага пакарання сведчыў Кірыл Лойка, і хтосьці разлічвае пры гэтым адседзецца ў баку, думаючы гэта не яго барацьба – ён вельмі моцна памыляецца. Бо не твая вайна гэта толькі тады, калі ты ўжо прагуляў і зло ўзяло над табой верх. У іншым выпадку гэта ўсё яшчэ твая вайна, у якой ты можаш дабром перамагчы зло. У гэтай барацьбе няма месца на абыякавасць.
У Беларусі ёсць месца і запатрабаванні на тых , хто як святы Георгій з суперажывання несправядліва пакутуючым, стане на бок дабра і далучыцца да духоўнай барацьбы супраць бязбожных ідэй імператара.
Падобныя навіны
Апошнія навіны
- Сайт Krynica.info часова спыняе сваю працу 21.09.2022 17:18
- Пастару Вячаславу Ганчарэнку штраф 100 базавых 20.09.2022 14:55
- Затрыманы Вячаслаў Ганчарэнка 20.09.2022 11:53
- Адзін з самых пазнавальных беларускіх календароў ужо ў продажы 19.09.2022 12:11
- “Стаміліся ўсё ад хлусні”. Белгарадскі мітрапаліт лічыць, што ў Расіі з-за вайны можа паўтарыцца 1917 год 19.09.2022 10:43
- «Маці Будслаўская, Маці святая…». Фотарэпартаж
- У першы ў гісторыі Дзень дзядуляў і бабуль фэст у гонар святой Ганны адзначылі ў Жодзішках (фотарэпартаж)
- Маці Божая Шкаплерная зноў паклікала вернікаў у Гудагай
- У Чырвоным касцёле вернікі розных канфесій маліліся за Беларусь (фотарэпартаж)
- Пад Віцебскам ушанавалі ахвяр камуністычных рэпрэсій (фотарэпартаж)
- Патрыярх Кірыл на асвячэнні Храма-помніка ў Мінску: Раптам паўстаў вораг і мірны дух знік (фотарэпартаж)
- Латвія. Рыга. Папа (фотарэпартаж)
- Сустрэча з Папам Рымскім у Літве вачыма беларусаў (фотарэпартаж)
- Юбілейная «Камяніца» сабрала людзей пад Мінскам (фотарэпартаж)