Касцёл які маўчыць, ідзе на Іюдаву здзелку

 

Пра супакой, законнасць і справядлівасць сёння ў Беларусі можна толькі марыць.

21 мая 2021г. абляцела вестка аб трагічнай смерці светлага чалавека хрысціяніна-католіка Вітольда Ашурак. Ён трагічна памёр у турме, адбываў пакаранне 5 гадоў зняволення. Нагадаю, першы раз калі яго ў мінулым годзе затрымалі праваахоўнікі, то затрымалі з ружанцам у руках – вяртаўся з малітвы. Вось такія ў Беларусі парушальнікі грамадскага парадку: не з бітамі ды зброяй але з ружанцамі.

І вось у такой сітуацыі гучыць пытанне: чаму Касцёл, Царква маўчаць? Яны безумоўна гавораць зрэдчас, але іх голас занадта ціхі. Чаму не скажуць ясна сваё слова? Чаму палітвязні дасылаючы лісты на волю прапаведуюць грамчэй, чым святары з амвонаў?

Сёння католікі адзначаюць дзень пяцідзесятніцы – гэта ўрачыстасць, якая нагадвае гістарычную падзею Спаслання Святога Духа. Для хрысціянства гэта быў пераломны момант, бо Апосталы ўпершыню пасля ўваскрашэньня Хрыста, без страху ў сэрцы, вышлі прапаведаваць Уваскрослага. Тым самым яны далі сведчанне веры ў перамогу дабра над злом.

Чаму раней маўчалі і раптам загаварылі? Адказ на гэта пытанне, магчыма, дапаможа разабрацца і ў нашай сітуацыі. У Іерусаліме за 50 дзён нічога не змянілася. Былі тыя самыя людзі, тая самая ўлада чужой ненавіснай Рымскай Імперыі, былі тыя ж самыя прыстасаванцы калябаранты, прадстаўнікі мясцовай улады. І тым не менш,Апосталы пазбаўленыя страху, вышлі на вуліцы Іерусаліма, прапаведваючы слова Праўды. Чаму гэта стала магчымым? Змянілася адно: Апосталы атрымалі Духа Святога.

Касцёл у сучасным свеце часам збоку  выглядае як той хто жыве без Духа Святога, адбываецца гэта тады, калі маўчыць.

Такі Касцёл падобны да Юды, што здрадзіў Хрыста. Ведаеце, пра апостала Юду нельга сказаць, што ён не верыў у Бога або не верыў у боскую моц  Ісуса; падаецца наадварот, ён верыў у Місію, а таму і паспрабаваў зарабіць 30 сярэбрэнікаў, бо ведаў, што Божы Сын дасць сабе рады з усімі сілавікамі Рымскай імперыі, як і з мясцовай сыстэмай правасуддзя – Ён жа Бог. Ён справіцца. Так думаў Юда, так думаў чалавек.

Божы Сын думаў жа інакш. Ён, дзеля таго прышоў у свет, каб навучыць чалавека быць чалавекам і каб чалавек не перакідваў адказнасць за сваё жыццё на Бога. Апосталы ў дзень пяцідзесятніцы тым і адрозніваюцца ад Юды, што яны не выпрабоўваюць Бога, але, маючы абсалютны давер да Бога, самі робяць усё тое, што залежыць ад іх, дазваляючы Богу, праз сваё прапаведванне слова, мяняць сэрцы слухачоў.

Гэта і ёсць галоўная місія Касцёла: прапаведваць Божую Праўду, не зважаючы на асобы і на знешнія фактары.

Калі задумваюся над маўчаннем хрысціянскіх Цэркваў у Беларусі сёння і ўсведамляю маштаб усяго гвалту і беззаконня, што адбываюцца, калі прыслухоўваюся да слоў праваслаўнага мітрапаліта Веніяміна, які, адказваючы на пытанне ці можна адназначна казаць дзе дабро, а дзе зло, замест таго, каб сказаць , так, гэта і ёсць галоўнае заданне Царквы, кажа, што ў свеце не ўсё чорнае і белае. Я пытаюся, што гэта, як не юдаўскае выпрабаванне Бога?

Прабачце, я не зразумеў слоў мітрапаліта ў інтэрв’ю на АНТ і я не разумею маўчання некаторых епіскапаў, не зважаючы на канфесійную прыналежнасць. І тут яўна кагосьці з нас не дакрануўся Дух Святы, бо дзе Дух там ёсць і зразуменне. Так гаворыць гісторыя пяцідзесятніцы з другога раздзела Дзеяў Апостальскіх.

Хтосьці скажа, але ў такіх умовах, як сёння, Касцёл павінен выжываць, трэба знаходзіць кампраміс.

Я ж заўважу, не мы першыя ў свеце сустракаемся ў Беларусі з такой дзяржаўнай сістэмай, якая, абапіраючыся на сыстэму правасуддзя, адышла ад прынцыпаў законнасці і справядлівасці і праз аўтарытарнае кіраванне забываючыся пра правы чалавека наўпрост будуе фашызм.

Калі ў падобнай сітуацыі Касцёл у Германіі сустрэўся з небяспекай фашызму і нацызму, біскупы звярнуліся да папы рымскага, каб даў афіцыйны адказ, як трэба сябе паводзіць Касцёлу, тады, калі ў дзяржаве  разгарнулася “кампанія супраць канфэсійных школ і знішчэнне свабоды выбару”. ( Энцыкліка 5)

Папа Пій XI у 1937 г. выдаў Энцыкліку Mit brennender Sorge. Пра Касцёл і Германскі Рэйх. Супраць фашызму і нацызму.

У ёц падкрэсліў, што кампрамісу з фашызмам быць не можа: “… на карту прама пастаўленыя вышэйшыя інтарэсы, і альтэрнатыў толькі дзве – альбо духоўная гібель, альбо нішто іншае, як гераізм. Калі прыгнятальнік прапануе камусьці Юдаву здзелку адступніцтва, той можа толькі, цаною ўсялякага зямнога ахвярапрынашэння, адказаць разам з Богам Нашым: “адыдзі ад Мяне, сатана, бо напісана: Госпаду Богу твайму пакланяйся і Яму аднаму служы” (Энцыкліка 21).

Рэжым у Беларусі, які трансфармуецца на ўзор фашыстоўскага, ёсць кепскім нетолькі таму што ён кепскі для апанентаў, але ж ён ёсць злом таму, бо нясе смерць і для сваіх прыхільнікаў.
Вось хоць бы ўзяць апошнія трагічныя смерці двух супрацоўнікаў МУС, аднаго ў Брэсце другога ў Полацку. Невядома што гэта было, самагубствы, ці забойствы, але ж вядома, так ці інакш, і яны сталі ахвярамі дзяржаўнага тэрору, у якім да не даўняга самі прымалі беспасрэдны ўдзел.

Вячаслаў Барок

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі