Гарыць Беларусь

Будслаў, Вітальд Ашурак, Тut.by, Раман Пратасевіч, Дзмітры Стахоўскі – гэтыя ўсе імёны і назвы, гучаць як назвы кропак ўзгарання пажару. Гарыць Беларусь.
Бог дазваляе гарэць нашай краіне, каб чалавек мог ачышчацца ў гэтым агні. Так як святар Елеазар у народзе абраным, звяртаючыся да воінаў, якія вярнуліся з вайны, патрабаваў ад іх ачышчэння і загадваў усё прапусціць праз агонь (пар. Ліч 31, 21-24), так Бог сёння прапускае праз агонь пажару.
У гэтым агні мае згарэць усё тое, што перашкаджае нам быць свабоднымі і незалежнымі ад унутранага зла. Бог прагне ачышчэння кожнага закуточка нашай душы і перадусім таго, ў якім некаторыя з нас, сустракаючыся са страхам, апраўдваюць насілле і беззаконне.
З іншага боку, згодна з загадам які Бог даў народу пасля вызвалення з няволі егіпецкай, віноўнік пажару вінен заплаціць удвая: “Калі з’явіцца агонь і ахопіць пожню і выпаліць капіцы, альбо жніво, альбо поле, дык павінен заплаціць, хто ўчыніў гэты пажар, удвая.”
(Выхад 22, 6)
І пра гэта вінен памятаць кожны, хто сёння забыўся аб тым, што за ўчыненае трэба будзе адказваць.

Сённяшні пажар – гэта як працяг Беларускага Армагедону, які пачаўся ў жніўні 2020г. Я ўзгадваю сваё разважанне, якім дзяліўся 8 жніўня таго ж года. Біблія пра гэты час кажа, што жывыя будуць зайздросціць мёртвым. У кнізе Адкрыцця даслоўна чытаем: “У тыя дні людзі будуць шукаць смерці, ды не знойдуць яе; захочуць памерці, ды смерць уцячэ ад іх.” (Адкр 9,6)
Можна меркаваць, такі час, калі не настаў, то ўсё бліжэй. З вялікім болем і сумам у сэрцы прачытаў на партале “Вясна” навіну пра самазагубства семнаццацігадовага Дзмітрыя  Стахоўскага з Мінска, што адбылося 25 мая 2020г. Юнак у перадсмяротным паведамленні ў сацыяльнай сетцы “Укантакце” у сваёй смерці вінаваціць СК: напярэдадні быў у іх на допыце, бо яго вінавацілі па крымінальнай справе- удзел у пратэстах у жніўні мінулага года. Хлопец не вытрымаў маральнага ціску, хацеў жыць, але не змог – смерць яму падалася не такая жорсткая, як беларускае правасуддзе і як жыццё ў “квітнеючай” Беларусі.
Рэжым напэўна хоча, каб мы звыкліся з катаваннем і забойствам людзей, што адбываюцца на турэмныя камеры відэаназірання. Запісы, якія паказаў СК нібыта з апошнімі хвілінамі жыцця Вітальда Ашурка, гэта як нібыты рэаліці-шоў. Назіраць за такім было б не па людску, калі адбывалася б з чалавекам, які за плячамі мае нават крымінальнае злачынства; тым больш гэта кепска, калі ў калоніі такое зрабілі з чалавекам, які жыў з верай у Бога ў сваім сэрцы. І з той самай верай імкнуўся змяніць нашу Беларусь.
Трымаўся прынцыпа Апостала Паўла “зло дабром перамагай”, так казалі пра яго тыя, з кім разам маліўся за Беларусь, калі яшчэ быў на волі. Пішучы лісты з турмы, ён не праклінаў, але верачы ў перамогу дабра над злом, казаў, што не аб чым не шкадуе, бо сумленне чыстае мае. Пра яго сябры кажуць: “Сумленне было ягоным сцягам, якое ён годна нёс праз жыццё”, “ён меў абвостранае пачуццё справядлівасці”.
Я не сумняваюся, што ў выпадку трагічна памерлага Вітольда, здзейсніліся словы Хрыста “шчаслівыя тыя, хто церпіць за праўду” і Бог пасля смерці забраў яго ў сваё Валадарства. Ён ёсць пакутнікам новай Беларусі. Ён мучанік Валадарства Божага.
Яго забіў рэжым, яго забілі несправядлівыя суддзі і пракуроры, яго забілі абыякавыя жыхары краіны, яго забілі прапаведнікі, якія прамаўчалі на здзейснянае беззаконне ў краіне.
Калі я пабачыў здымкі, як Вітольда паклалі ў труну, мне прагадаліся словы прарока Ісая пра слугу Яхвэ: “Не меў ён ані прывабнасці, ані бляску, каб на Яго паглядзець, ані выгляду, каб нам падабацца” (Іс 53,2). Яго твар быў збіты настолькі, што нават быў прыкрыты, але акурат праз скалечанасць, ён як ніколі быў падобны да Хрыста, ў якога верыў.
Веру, Хрыстос у Валадарстве Божым апранне яго ў сваю хвалу. І мы атрымалі нябеснага заступніка.
Беларусь чакае лепшы час! Ахвяры мучанікаў не будуць дарэмныя. Пажар скончыцца.
Аднак памятайце, свабода не даецца, свабода здабываецца.
З намі праўда і Бог.

Вячаслаў Барок

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі