Беларусь, як пабіты чалавек, якога пільнуюць бандзіты

 

Сябры, пытаецеся што новага?
Ды нічога, вось пару дзён таму 1чэрвеня 2021г на судзе спрабаваў сабе горла перарэзаць Сцяпан Латыпаў… Яшчэ адна спроба суіцыду палітвязня. І хоць гэта становіцца ўжо нормай – трагічныя смерці ў невысветленых абставінах, а можа і забойствы або давядзенне да самазабойстваў, колькасць палітвязняў не змяншаецца, бо за краты саджаюць усё новых невінаватых людзей.
У краіне, у якой насілле стала нормай, такія смерці абсалютна нічога новага.
Ведаеце, калі думаю пра Беларусь і шукаю яе вобраз у Пісанні, то на думку прыходзіць шырока вядомая прытча пра добрага самараніна. (Лк 10, 29-37)
У ёй гаворыцца пра абрабаванага і збітага бандзітамі на дарозе чалавека.
Так вось, Беларусь сёння – гэта той абрабаваны чалавек…. А побач з ім і далей стаяць бандзіты, бо яны пакуль не паўцякалі пасля здзейсненага злачынства але стаяць і прыглядаюцца, каб ніхто не дапамог зняможанаму чалавеку.
Святары, якія ў прытчы прайшлі міма, у Беларусі можа і дапамаглі б абрабаванаму, але прысутнасць бандзітаў не дазваляе таго зрабіць; можа б нават і сам папа рымскі наведаў бы Беларусь, або, прынамсі, скіраваў братэрскае слова, якое так чакалі беларусы – як ніяк, мы ж усе браты, бо пісаў жа пантыфік #FratelliTutti, але ж пакуль практыка паказвае, што прасцей дамовіцца з ісламістамі ў Іраку, чым з мясцовымі “красаўцамі”, бо ў Іраку папа быў, у Беларусі – не.
Жыць з бандзітамі пад адным дахам няма ніякай прыемнасці, вось таму беларусы і не вытрымоўваюць. То з даху хто саскочыць, то хтосьці вены ўскрые або горла сабе перарэжа.
Не! Беларусы не слабыя! Яны -героі! Чаму ж тады самагубствам завяршаюць жыццё? Гэта таму, каб адабраць магчымасць у бандзітаў здзекавацца над сабой. Сваёй смерцю садзістаў пазбаўляюць асалоды ад здзеквання. Гэта так, як святыя хрысціянскія мучанікі прагнулі смерці і часам заканчвалі жыццё самагубствам, пакідаючы з ні з чым сваіх ганіцеляў.
Нашыя героі нават без зброі мацней сваіх катаў. “Прэс-хата” ў 51 дзень, праз якую прайшоў Сцяпан, ёсць аргументам на тое. Вось яго не пераканалі супрацоўнікі МУС пайсці на супрацу. Мітрапаліт Веніямін 21 мая 2021 г. падпісаў дакумент аб супрацоўніцтве БПЦ і МУС, а Сцяпан не падпісаў.
..
Дарога насілля, якую абраў рэжым у Беларусі абсалютна неновая і неўнікальная.
Можна прыгадваць безліч прыкладаў краінаў, у якіх дзяржаўны тэрарызм станавіўся нормай і практыкай, хоць бы і Аргентына з бруднай вайной 1976-1983г.г. Яе смяротнымі ахвярамі сталі каля 30 тысяч чалавек.
Хтосьці скажа, ну ладна там пастараліся людзі ўлады, сярод іх рэдка святыя трапляюць, але вось маўчанне беларускіх цэркваў на здзейсняемае беззаконне ў краіне, ну гэта ж унікальны феномен, бо цэрквы ж праз сваё слова навучання маюць быць “святлом свету”! Але ж і ў злачынным маўчанні таксама нічога новага няма. У Аргентыне Касцёл таксама маўчаў, да таго ж па словах аднаго святара – быў так блізка дыктатуры, што гэта была грахоўная ступень блізкасці. Некаторыя духоўныя нават ішлі на супрацоўніцтва з крывавым рэжымам. Былі святары, якія прымалі самы беспасрэдны ўдзел у злачынствах. У выніку, пасля як закончылі з хунтай, прынамсі адзін з 30 публічна абвінавачаных святароў атрымаў рэальны турэмны тэрмін – сем год зняволення.
Так што сённяшняя беларуская сітуацыя ўнікальнай не ёсць і пад гэтым поглядам.
Проста разгойданая падчас апошніх выбараў хваля хлусні і насілля ўсё не спыняцца і цалкам накрывае Беларусь. А гэта ж і не дзіва. Пра небывалая рэпрэсіі, якія чакаюць нас я заяўляў яшчэ 16 жніўня 2020 у відэа “Я іду на марш свабоды. Я супраць насілля і хлусні”.
Так, згодзен, пакуль няма масавых забойстваў, ёсць толькі канвеерны здзек і катаванне за кратамі, захопленых сілавікамі мірных грамадзянаў. Аднак, і Беларусь яшчэ не перегарнула мінулагоднюю старонку гісторыі пад назвай “выбары”. І не вядома, што нас чакае заўтра.
Але ж вядома адназначна: калі сітуацыя не ўнікальная, то мы павінны ведаць таксама, што згодна з досведам іншых краінаў – усе дыктатары паміралі і мала хто з іх дажываў да спакойнай старасці. Два аргентынскія кіраўнікі хунты былі асуджаныя на 30 і 50 гадоў турэмных тэрмінаў. Так будзе і ў Беларусі.
Кожны дзень нашага жыцця паказвае, што дна, ў злачынных дзеяннях сілавікоў і прыслугоўваючых рэжыму, няма. Але і гісторыя паказвае – кожная дыктатура заканчваецца трыбуналам!
Так што я абсалютна спакойны калі адкрыта выступаю супраць насілля.
У той самай Аргентыне было каля 150 святароў якія адкрыта выказваліся супраць рэжыму, безумоўна за гэта цярпелі. Вышэйшыя іерархі касцёла, якія не выказваліся і не цярпелі, пасля прасілі прабачэнне.
І як бы не хацелася, каб у Беларусі пасля, як мы ўжо будзем ізноў жыць па законах, хтосьці казаў пра нашыя цэрквы, як Аргентынскі святар Рубэна Капітаніо пра касцёл часоў хунты: ”Касцёл быў як маці, якая не дбала пра сваіх дзяцей. Нікога не забіў, але і нікога не выратаваў.”
А таму, можа варта не чакаць таго моманту, калі бандзіты пачнуць цікаць ад “абрабаванага чалавека”, але ўжо цяпер стаць добрым самаранінам.
Гэта ж так проста заўважыць, што сёння ў Беларусі “…кожны, хто не бандзіт, і кожны, хто не абыякавы мінак, ёсць або зранены, альбо сам на сваіх плячах нясе параненага” (#FratelliTutti п.70).
Чаму мы здольныя гэта казаць толькі будучы адарванымі ад канкрэтнай рэчаіснасці?
Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі