За балаклавай не схаваешся!

“… паклікаў Пан Бог Адама і сказаў яму: Дзе ты? Ён адказаў: Я пачуў голас твой у раі і спалохаўся, бо голы я, і схаваўся.“ (Быц 3, 9-10)

Упершыню ў гісторыі чалавек захацеў схаваць свой твар, тады, калі зграшыў. Выбраў зло, але хацеў абстрагавацца ад наступстваў свайго ўчынка. Схаваўся – бо пабаяўся адказваць за тое, што нарабіў.

Шмат чаго мяняецца ў свеце, але нежаданне злачынцы хваліцца абраным ім бокам зла пазастаецца нязменным. Ніхто не хоча прызнаваць сваю нікчэмнасць, якая у словах Адама падкрэсліваецца нагатой і якая становіцца бачнай, калі чалавек адварочваецца ад свайго прадвызначэння рабіць дабро.

Сёння ў крызісны і пераломны момант гісторыі развіцця нашага грамадства, мы бачым, як жа шмат такіх людзей, якія таксама імкнуцца схаваць свой твар, як некалі зрабіў гэта Адам. Яны хаваюцца за балаклавамі, праз утойванне інфармацыі аб тым, што робяць і праз засякрэчванне асабістых дадзеных.

А калі ў балаклавах бачыш супрацоўнікаў МУС, падчас судовых палітызаваных працэсаў, наогул ад незразумення сам трапляеш у ступар, бо не знаходзіш адказу на пытанне: чаму тыя, хто нібыта ахоўваюць парадак і пільнуюць закон, хаваюць свой твар? Ці не павінна быць наадварот? Ці не на ўсіх слупах трэба вешаць іх фотаздымкі, ды казаць аб тым, што яны героі? А можа праблема і ёсць у тым, што супрацоўнікі сілавых структур сёння добра разумеюць, што яны толькі “нібыта” змагаюцца з беззаконнем, а насмарэч з’яўляюцца першымі вінавайцамі ў адыходзе ўсёй краіны ад законаў. А апраўданне, якое паўтараюць як мантру, што хтосьці іх саміх абяцаў вешаць на слупах, ёсць усяго толькі чарговай спробай схавацца ад адказнасці.

Заўважце, Адам пасля ўчыненага зла, не адразу хаваецца, але толькі тады, калі чуе голас Госпада! Бог дае магчымасць чалавеку, нават саступіўшаму з дарогі праведніка, справядліва ацэньваць свае паводзіны і ўчынкі і не забірае здольнасці адрозніваць дабро ад зла. Адам, які чуе голас Бога ў раі і хаваецца – гэта сімвал кожнага чалавека, які чуе голас Бога ў сваім сумленні і разумее адказнасць, якую трэба несці за зло, якое чыніць, але ад адказнасці спрабуе ўцячы.

Каб чуць ясны голас Бога, які кажа: “пазбегай зла і рабі дабро” ( пар. Пс 37,21)  не трэба нават станавіцца хрысціянінам, бо гэты голас кожны можа пачуць у сваім сумленні.
І ніхто таксама няхай не спрабуе сябе апраўдаць, што ён не ведае дзе дабро, а дзе зло. Робіш і баішся да таго прызнацца, што робіш- значыць робіш зло. Робіш і хочаш гэтым хваліцца перад сваімі дзяцьмі і бацькамі – гэта дабро.

Толькі хваліцца не так, як тыя, хто на камеру прапагандысцкага тэлебачання гавораць тое, што ім загадалі і за што заплацілі. А хваліцца так ,як бацька, калі  вяртаецца з працы і апавядае сваім малым дзецям, што ён рабіў цэлы дзень.

Памятаю, калі ў снежні 2020г. супраць мяне начальнікам крымінальнага вышуку Расонскага РАУС вёўся адміністратыўны працэс, я ў яго пытаўся, што ён кажа дома свайму дзіця, калі вяртаецца з працы: чым займаецца, ці пахваліцца, што ксяндза пасадзіў за краты? Ён адказаваў, што дома пра працу не гаворыць, маўляў, размяжоўвае працоўнае і сямейнае жыццё. Аднак, што ж гэта за жыццё, калі бацька не можа сваім дзецям казаць, чым зарабляе на хлеб. Бо вядома, гэтым жа ніхто не пахваліцца, што на працы збіваў людзей, даваў ілжывыя сведчанні, вынасіў несправядлівыя выракі, патрабаваў асудзіць невінаватых.

І чалавек, прымаючы ва ўсім гэтым удзел, імкнецца апраўдацца адной фразай: “я выконваў загад”.

Ізноў як, жа гэта падобна да апраўдання Адама. “Жанчына, якую Ты даў мне, яна дала мне, і еў я.”(Быц 3, 12) – казаў Адам, апраўдваючыся чаму пасягнуў на забаронены плод. У Адама вінаватыя ўсе: і Бог, які яму жанчыну даў, і жанчына, якая падсунула забаронены плод- усе, толькі не сам Адам.

Адам не змог не схавацца, не апраўдацца перад Богам. Таму і атрымаў пакаранне. Быў выкінуты з рая.

У вяртанні згубленага раю тактыка хованак і пустых апраўданняў не эфектыўная. Толькі беручы адказнасць за ўчынкі, выпраўляючы памылкі, можна вярнуць тое, што было згублена праз не правільна абраны бок у барацьбе між дабром і злом.

І ніяк інакш! Ад правасуддзя Божага і зямнога не схавацца  сілавіку за балаклавай, а прапаведніку за сцяной маўчання.

Апостал Павел казаў “Я паверыў, таму гаварыў” (2 Кар 4,13). Вось і я гавару. І вы, сябры,  гаварыце. Не хавайцеся але гаварыце – словамі праўды руйнуйце царства хлусні. І будзе нам рай.

Вячаслаў Барок

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі