Прынцыповага гродзенскага ўладыку Арцемія адправілі ў адстаўку? Рашэнне будзе прымацца ў Маскве

8 чэрвеня адбыўся сінод Беларускай праваслаўнай царквы.

У сухім афіцыйным паведамленні гаворыцца: «Сінод разглядзеў цякучыя пытанні жыцця БПЦ і прыняў шэраг рашэнняў».

Адзін з тэлеграм-каналаў, які спецыялізуецца на злівах спецслужбаў, паведамляе, што ў час працы сінода было прынятае рашэнне адправіць у адстаўку архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Арцемія (у свецкім жыцці Аляксандр Кішчанка).

У рэдакцыі “Нашай Нівы” спыталіся ў прэс-сакратара БПЦ іераманаха Афанасія (Сакалова), ці праўда гэта. «Я вам скажу адкрыта і без хітрыкаў: я не ведаю. На сённяшні момант ніхто вам не зможа гэтую інфармацыю ні пацвердзіць, ні абвергнуць. Беларускі сінод прымае рашэнні, але агалошаныя яны могуць толькі пасля таго, як іх разгледзіць патрыярх.

Бывалі выпадкі ў гісторыі, калі наш сінод прымаў пэўныя рашэнні, але яны не былі зацверджаныя», — кажа іераманах Афанасій.

Ён дадае, што нават калі такое рашэнне раптам было прынятае, то архіепіскап Арцемій усё адно пакуль выконвае свае функцыі па кіраванні епархіяй, да прыняцця рашэння ў Маскве нічога мяняцца не будзе.

Прэс-сакратар Гродзенскай епархіі дыякан Дзмітрый Паўлюкевіч сказаў «НН» прыкладна тое самае. Паводле ягонай інфармацыі, РПЦ разгледзіць журналы паседжання беларускага сінода каля 17 чэрвеня.

Архіепіскапу Арцемію 69 гадоў. Ён родам з Мінска. Вучыўся ў Ленінградскай духоўнай семінарыі. Служыў святаром у Карэліі. У 1982 годзе вярнуўся ў Беларусь. У 1996 годзе пастрыжаны ў манаства. У той жа год стаў епіскапам Гродзенскім і Ваўкавыскім.

Архіепіскап Арцеміі адзначыўся прынцыповай пазіцыяй падчас прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. На службе 16 жніўня ён казаў:

«Вам на каленях трэба стаяць, за ўсе фальсіфікацыі, за тую хлусню». Ужо сёлета ён гаварыў, што «царква не павінна быць абыякавай, маўчаннем прадаецца Бог». Пазіцыя архіепіскапа Арцемія не падабалася многім прадстаўнікам улады.

Наша Ніва

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі