Салідарнасць па-беларуску. Каін не беларус

 

Грэшны чалавек і жыццёвыя прынцыпы мае грэшныя. Чалавек жа, які вызваляецца ад зла, жыццёвыя прынцыпы таксама меняе.

Каін, пасля забойства свайго брата, агучыў свой прынцып так: „хіба я вартаўнік брату майму?”(Быццё 4,10). На пытанне Бога: “дзе брат твой?” Каін напачатку казаў: “не ведаю”.

Безумоўна, калі не свядома, то на ўзроўні падсвядомасці кожны разумее, што гэта няправільны прынцып.

Нездарма ж таксама Апосталы, трапіўшы ў небяспеку буры на Галілейскім моры, звярнуліся з пытаннем да Ісуса: „Настаўнік, не хвалюе цябе, што мы гінем?” (Мк 4, 38).
Яны, як і кожны з нас, спадзяваліся, што іх асабістая праблема мае быць клопатам таксама іншага чалавека.

Чаму? А менавіта таму, што свет ўладкаваны згодна з законам любві і мы створаныя, каб заўважаць патрэбы іншага чалавека.

У сябе на канале я шмат гаварыў пра асноўныя каштоўнасці грамадскага жыцця: праўду, справядлівасць, свабоду і любоў.

Аднак, мала прысьвячаў увагі прынцыпам Сацыяльнага Вучэння Касцёла: супольнаму дабру, субсідыярнасці і салідарнасці.

Хоць, безумоўна, ўскосна і пра іх мова была. Немагчыма ніяк абмінуць у прапаведванні тыя прынцыпы, якія наўпрост тычацца годнасці чалавека.

Так вось, каб усвядоміць, што любоў, да якой заклікае хрысціянства, не ёсць толькі хоць і прыгожым але пустым словам, важна таксама прысвяціць увагу і агучаным прынцыпам.
Каб любоў не пазаставалася толькі пустымі словамі і каб грамадства наша не вымушанае было быць сведкай таго як святары гаворачы пра любоў асвячаюць летальную зброю, або назіраць, як манахіня здольная выйсці з тортамі ў руках выключна да сілавікоў і ніяк да вязняў, што седзяць пабітымі тымі ж сілавікамі ў турмах.

Так вось паразважайма пра салідарнасць, гэта той прынцып, што вучыць практычнай любві. Кампендый Сацыяльнага Вучэння Касцёла прысвячае ёй параграфы 192-196.

Настаўнік любві – Хрыстос, які супакойвае буру і гэтым нейтралізуе прычыну небяспекі сваіх вучняў, звяртае ўвагу на тое, што Ён салідарны з чалавекам.  Да салідарнасці заклікае Хрыстос і сваіх падзвіжнікаў. Апостал Павел сфармуліруе гэты прынцып так: “Насіце цяжары адзін аднаго і так выканаеце закон Хрыстовы” (Гал 6, 2).

Салідарнасць гэта закон, прынцып, абавязак, кашоўнасць і хрысціянская цнота – сталая здольнасць бачыць цяжар іншага чалавека, не горш, чым свой уласны. А бачачы, мець імкненне прыйсці на дапамогу.

У Сацыяльным Вучэнні Касцёла тэрмін салідарнасць увайшоў у абыход досыць нядаўна. Уласціва пачаў яго ўжываць святы Ян Павел ІІ у сацыяльнай энцыкліцы Centesіmus annus (1991г.)
Перад гэтым жа папа Леў ХІІІ гэты прынцып узгадваў у энцыкліцы Rerum novarum (1891г.) называючы яго “сяброўствам”. Папа Пій ХІ ужываў выраз “сацыяльная любоў”, а Павел VI казаў пра “цывілізацыю любві”.

Аднак, розныя назвы прынцыпу ніяк не зменяюць глыбокага сэнсу самаго прынцыпу, які падкрэслівае: жыццё чалавека мае тады ўласцівае развіццё, калі чалавек не ёсць сляпым на небяспеку гібелі іншага чалавека. Інакш кажучы, чалавек тады чалавек, калі ведае, што дзеецца з ягоным братам і з іншым чалавек мэтанакіравана імкнецца ўтварыць сувязь, каб дапамагчы даць роўны шанец у карыстанні з супольнага дабра . Кожны з нас беларус тады беларус і чалавек, калі ведае, што ў гэтыя дні прынамсі  501 беларус сядзіць за кратамі па палітычных матывах, над некаторымі з іх здзекаваюцца, некаторых катуюць, некаторыя, магчыма, і не вернуцца з-за кратаў, так як ніколі ўжо не вернецца і Вітольд Ашурак загінуўшы ў вязніцы 30 дзён таму. А ведаючы пра вязняў і іх праблемы, сапраўдны чалавек перажывае іх як свае ўласныя.

Ну і адпаведна, калі ты не ведаеш, што дзеецца з тваімі братамі і сёстрамі, табе абыякава, што гінуць тыя, хто плыве з табой у адной лодцы і ты надалей думаеш толькі пра сябе, бо салідарнасць для цябе чужое слова з галіны палітыкі, а ты вядома ў палітыку,ў брудную справу, не лезеш- тым самым ты выбіраеш жыццёвы прынцып забойцы Каіна.

Кожны сам выбірае прынцыпы. Аднак, наўздагон чыненню выбару зацытую словы Апостала Паўлы : “Езус памёр за ўсіх, каб тыя, хто жыве, ужо не дзеля сябе жылі, а дзеля памерлага за іх і ўваскрослага.” (2 Кар 5, 15).

Проста памятайма, што жыць варта дзеля Хрыста, а гэта значыць дзеля кожнага чалавека і дзеля іншага чалавека. А ніяк дзеля сваёй стыпендыі, зарплаты і пенсіі.

Салідарнасць гэта і ёсць той прынцып, які змушае выбудоўваючы зносіны з іншымі пераадольваць свой індывідуалізм.

Вячаслаў Барок

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі