Каштоўнасці Евангелля — падмуркі Еўропы

 

Дзейнасць Апосталаў Пятра і Паўла – гэта феномен, на які звяртаюць ўвагу не толькі хрысціяне розных канфесій, і безумоўна католікі, адзначаючы 29 чэрвеня ўрачыстасць у іх гонар, але і ўвесь свет.

Нічога дзіўнага, бо гэта на вучэнні, якое прапаведвалі Апосталы будавалася Еўропа. Як бы не было, каштоўнасці дэмакратыі і правы чалавека, чым ганарыцца сёння ўвесь цывілізаваны свет, свае карані маюць ў Евангеллі.

Апосталы не былі палітычнымі змагарамі, але і не былі рэлігійнымі фарысеямі, якія пазбягалі практычнай дзейнасці. Яны былі сапраўднымі пастырамі і займаліся пастырскай дзейнасцю. А як навучае Кампендый Сацыяльнага Вучэння Касцёла: “Пастырская дзейнасць развіваецца ў двух кірунках: абвяшчэнне хрысціянскіх падстаў правоў чалавека і асуджэнне парушэння гэтых правоў” (КСВК 159).

Каштоўнасць правоў чалавек, наўпрост вынікае з годнасці кожнай асобы чалавека, што прапаведуе хрысціянства. І разам з каштоўнасцю ““агульнага дабра” як мэты і крытэрыя, які рэгламентуе палітычнае жыццё” (КСВК 407) ляжаць у аснове сапраўднай дэмакратыі. (пар. КСВК 407). У такім святле Касцёл цэніць сістэму дэмакратыі, як сродак які дазваляе грамадзянам прымаць удзел у палітычных рашэннях і нават зьмяняць сваіх кіраўнікоў. (пар. КСВК 406).

Пётр і Павел аддалі сваё жыццё за Хрыста, бо паверылі ў Валадарства Божае, на практыцы яна праяўляецца ў перакананні, што будучыню можна збудаваць толькі на каштоўнасцях Евангелля.

Іх хрысціянская візія зямнога свету ішла ў разрыў з бачаннем дзяржавы Рымскай імперыі. Тым не меньш гісторыя паказала, што лепшая будучыня не можа абапірацца на мілітарнай сіле, на моцнай уладзе імператара, на рэпрэсіях  іншадумцаў і дзяржаўным тэроры. Будучае ёсць за тымі, хто служыць праўдзе. Бо вітальная сіла праўды ёсць мацней за ўсё іншае. Рымская імперыя рухнула, а на яе ашчэпках грамадства прышчэпленае каштоўнасцямі Евангелля будавала будучыню Еўропы.

Пётр і Павел ніколі не прэтэндавалі заняць уладу палітычную, разам з тым неаднаразова траплялі за краты і цярпелі зневаленне ад прадстаўнікоў розных палітычных уладаў. Іх забілі за Хрыста, але згодна з дзяржаўнымі законамі, гаворачы сучаснай мовай па-палітычных матывах.

Феномен дзейнасці Апосталаў ёсць выклікам для свету і хрысціянаў і для кожнага гучыць незмаўкаемым пытаннем: Які закон маеш у прыярытэце Божы або чалавечы?

Вячаслаў Барок

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі