Папа Францішак добра перанёс планавую хірургічную аперацыю

Як паведамілі ў Прэс-службе Святога Пасаду, 4 ліпеня ў рымскай клініцы Джэмэллі Папу Францішку была паспяхова зроблена хірургічная аперацыя на кішэчніку.

Клініка Джэмэллі. Фота: policlinicogemelli.it

«Святы Айцец добра перанёс апепрацыю, якая прайшла пад агульным наркозам», — сказана ў камюніке прэс-службы, апублікаваным пасля аперацыі на тоўстым кішэчніку.

Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ звяртае ўвагу на тое, што больш не было пададзена ніякіх падрабязнасцяў. Журналісты зазначаюць, што цяпер неабходна пачакаць дзень-два, каб казаць пра вынікі, аднак у выпадку 84-гадовага пацыента нават такія лаканічныя звесткі маюць істотнае значэнне.

Падчас аперацыі лапараскапічным метадам былі ўзятыя пробы невялікіх фрагментаў тканак кішэчніка, што з’яўляецца нормай пры падобных аперацыях. Агульны наркоз Папа перанёс нармальна і без праблем.

Такім чынам, як зазначае КАІ, Святы Айцец добра адчуваў сябе ноччу і яго агульныя паказчыкі стабільныя і паступова вяртаюцца ў норму. Магчыма, цяпер Пантыфік праходзіць курс тэрапіі антыбіётыкамі і супрацьзапальнымі сродкамі.

Наогул, гэтыя навіны можна лічыць станоўчымі, што пацвярджае добрае самаадчуванне Святога Айца, пра якога кажуць, што ён мае «жалезнае здароўе».

Тым часам з усяго свету — ад кіраўнікоў дзяржаў, міжнародных аргнаізацый, людзей культуры і навукі, рэлігійных лідараў, а таксама ад мноства вернікаў, — у Ватыкан паступаюць пажаданні здароўя для Папы Францішка і запэўненні ў малітвах за яго, пра якія ён прасіў раней.

Сatholic.by

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі