Купалаў фэст у Радашковічах прайшоў з удзелам арцыбіскупа Кандрусевіча і Уладзіміра Някляева

У нядзелю 11 ліпеня ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Радашковічах адзначылі Купалаў фэст, які сёлета прайшоў з удзелам арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча і паэта Уладіміра Някляева.

Заслужаны іерарх і вядомы літаратар — аднагодкі: за два дні да фэсту Уладзімір Някляеў адзначыў свой 75-гадовы юбілей.

Фэст традыцыйна праводзіцца ў ліпені пры касцёле, дзе быў ахрышчаны Янка Купала, па ініцыятыве радашковіцкага пробашча ксяндза каноніка Юрыя Быкава ў супрацоўніцтве з Літаратурным музеем Песняра.

У мінулым годзе ў сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй мерапрыемства не праводзілася. Сёлетні фэст прайшоў з захаваннем неабходных санітарных мераў і складаўся з трох частак: малітоўнай, музычнай і літаратурнай. Распачаўся ён нядзельнай святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Звярнуўшыся да чытанняў пятнаццатай звычайнай нядзелі, у прамоўленай гаміліі арцыпастыр адзначыў, што місія евангельскага сведчання, якую даручае сваім вучням Хрыстус, ва ўсе часы сутыкалася з цяжкасцямі і непрыманнем.

«Падобна таму, як Бог выбраў і паслаў прарока Амоса прапаведваць пакаянне Ізраэлю, а святога Паўла — Евангелле язычнікам, так і Езус выбірае нас і пасылае абвяшчаць Добрую Навіну Божага Валадарства сучаснаму свету, а таксама быць сведкамі хрысціянскага жыцця», — падкрэсліў іерарх, дадаўшы што заданнем вучняў Езуса была прапаведзь Добрай Навіны; таго, што Бог з’яўляецца не караючым суддзёй, але любячым Айцом, які хоча выратаваць людзей з рабства граху.

«Вучні павінны былі заклікаць да пакаяння. Пакаяцца азначае змяніць сваё жыццё і прыняць яго новы напрамак.

Такім чынам, пакаянне азначае змену сэрца і дзеянняў, пераход ад эгацэнтрычнага жыцця да жыцця, арыентаванага на Бога», — заўважыў арцыбіскуп.

Гаворачы пра паліканне ўсіх хрысціянаў быць вучнямі і апосталамі Хрыста, ён адзначыў, што вернікі выбраныя і пасланыя абвяшчаць Евангелле прыкладам свайго жыцця: «Праз наша празрыстае хрысціянскае жыццё мы павінны ўласнымі дзеяннямі праяўляць любоў, міласэрнасць і клопат Езуса пра людзей вакол нас».

Заслужаны іерарх нагадаў, што галоўным заданнем Касцёла ў наш час з’яўляецца абвешчаная святым Янам Паўлам ІІ «новая евангелізацыя», або абвяшчэнне нязменнай праўды Евангелля новымі сучаснымі метадамі. Зазначыўшы, што Сінод біскупаў 2012 года быў прысвечаны новай евангелізацыі, арцыбіскуп Кандрусевіч, які браў у ім удзел, узгадаў, што сярод розных шляхоў евангелізацыі айцы Сіноду асаблівую ўвагу звярнулі на культуру, мастацтва і літаратуру ў справе перадачы Евангелля.

«Гэта добра разумеў наш славуты зямляк Янка Купала: беларус па паходжанні, католік па хросце і паэт па пакліканні. <…> Ён пакінуў пасля сябе багатую мастацкую спадчыну, якая мае не толькі літаратурнае значэнне, але і духоўна-евангелізатарскае.

У яго творах увасоблены духоўныя памкненні чалавека і высокія маральныя якасці, а таксама права кіравацца ў сваіх учынках уласным выбарам, жаданне знайсці справядлівасць.

Аб гэтым сведчаць яго шматлікія выказванні, закаранёныя ў духоўнай глебе, што заклікаюць да жыцця ў праўдзе, якая ўчыніць нас свабоднымі, — сцвердзіў арцыпастыр. — Класічнымі можна лічыць яго словы: „Ганьба таму чалавеку, што рукі апусціць, як перавяслы, і чакае, пакуль сама доля к яму прыйдзе ў хату і папросіцца, каб прыняў яе з ласкі свае! Ганьба таму, хто, вочы на ўсё заплюшчыўшы, будзе ісці ўцёртай здавён сцежкай няпраўды і бяспраўя, думаючы, што іначай быць ніколі не можа і што не ў яго волі змяніць стары парадак бессумленнага жыцця! Ганьба таму, хто, радзіўшыся ў ярме, валочыць яго пакорна, як вол стары, не парываючыся нават хоць на час выпрагчыся з гэтага ярма, паганячага пачуццё яго чалавечае!”» — працытаваў арцыбіскуп Кандрусевіч асабліва актуальныя сёння словы Старцы з купалавай драмы «Раскіданае гняздо».

Ён дадаў, што наш асабісты лёс і лёс грамадства залежыць ад нас саміх, прапанаваўшы даць адказ на пытанне, ці мы хочам змяніць сваё духоўнае жыццё на лепшае, ці выбіраем жыццё ў граху.

«Ад гэтага будзе залежаць наша будучыня. Грамадска-палітычны крызіс, які мы цяпер перажываем, гэта вынік нашага грахоўнага жыцця і патаптання асноватворнага хрысціянскага прынцыпу: „Не рабі іншаму таго, чаго не хочаш, каб табе рабілі“.

Таму ў нашым грамадскім жыцці мы не можам заставаца маўклівымі сведкамі граху і несправядлівасці, і, карыстаючыся сацыяльным вучэннем Касцёла, павінны шляхам навяртання, прабачэння і паяднання імкнуцца да мірнага вырашэння крызісу, які перажываем. Да гэтага ў сваёй паэзіі заклікае нас наш славуты земляк Янка Купала. Няхай яго памяць заўсёды будзе жывой у пакаленнях, а Добры і бязмежны ў сваёй міласэрнасці Бог прыме яго ў радасць вечнага шчасця», — сказаў на заканчэнне гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Пасля святой Імшы радашковіцкі касцёл напоўнілі гукі адноўленага аргана ХІХ стагоддзя, на якім па некалькі твораў выканалі арганісты Юрый Габрусь і Ігнат Данько. Літаратурную частку фэсту правяла супрацоўніца Літаратурнага музея Янкі Купалы Марыя Барткова.

У межах акцыі «Чытаем Купалу разам» у выкананні дзяцей і моладзі прагучалі вершы Песняра 1920–1921 гадоў.

На заканчэнне імпрэзы паэт Уладзімір Някляеў прэзентаваў сваю апошнюю кнігу, прысвечаную Янку Купалу.

Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі