Аб’ектыўная справядлівасць

Ці існуе ўвогуле справядлівасць? Я маю на ўвазе справядлівасць як універсальную катэгорыю. Мы часта ўжываем гэтае слова, ацэньваючы падзеі і ўчынкі з пазіцыі справядлівасці ці несправядлівасці таго, што адбылося. Справядлівасць звязаная з разуменнем дабра і зла. Але ці заўсёды мы здольныя адрозніць гэта самастойна? Вельмі цяжка судзіць справядліва, не шукаць, хоць і несвядома, нейкай для сябе выгоды або помсты для іншага. Заўсёды хочацца ўнікаць цяжэйшага для сябе шляху, паддацца жаданню аблегчыць сабе жыцце, не ўскладаць лішняга цяжару на свае плечы.

Быць справядлівым азначае часам згаджацца з нечым непрыемным для сябе, прызнаючы, што гэта справядліва, і не радавацца чамусьці прыемнаму, бо атрымалася несправядліва. А як складана бывае стаць у абарону справядлівасці, калі цябе асабіста гэта не датычыць, і цвёрда сказаць: так несправядліва, так не павінна быць!

Я часам думаю, што добра было б пачынаць любую сур’ёзную размову з высвятлення таго, што суразмоўца лічыць добрым і дрэнным, справядлівым і несправядлівым, каб бачыць, ці супадаюць нашы сістэмы каардынатаў, ці здольныя мы ўвогуле зразумець адзін аднаго. Здаецца, што цалкам універсальных нормаў этыкі і сапраўды няма. Ад таго, што людзі часам лічылі справядлівым у Сярэднявеччы, у нашых сучаснікаў стыне кроў у жылах, дый цяпер еўрапеец з жахам будзе чытаць пра норавы якога-небудзь племені з астравоў Палінэзіі, што, святкуючы перамогу над суседнім племенем, не цураецца гэтымі пераможанымі павячэраць…

Падобнае мысленне не рэдкасць і ў цывілізаваным сучасным свеце. Палінэзійскі тубылец упэўнены, што з’есці сэрца ворага — справядліва, і бессэнсоўна даводзіць яму, што гэта не так. Але гэтак жа бессэнсоўна бывае, напрыклад, даводзіць нешта начальніку, які ставіць на выгодную пасаду свайго сваяка замест аб’ектыўна кваліфікаванага спецыяліста. Бессэнсоўна бывае пераконваць у нечым бабулю, якая, скажам, перапісвае сваю кватэру на ўнука алкаголіка, бо «так яго шкада, бедачыну», і забываецца пра іншага ўнука, які яе даглядае і дапамагае, бо «ў яго і так усё добра, нашто яму». Прыкра ажно да агіды, але падобных прыкладаў поўна, куды ні глянь, пачынаючы з нашых уласных праблемаў і заканчваючы становішчам цэлых краінаў. У выніку мы згаджаемся з тым, што жыццё несправядлівае, і адчайваемся ўвогуле шукаць справядлівасці ў гэтым свеце.

Як мне падаецца, пачуццё справядлівасці наймацней размываецца тады, калі мы пачынаем дзяліць свет на «сваіх і чужых» і судзіць адпаведна.

Як у старых фільмах: ёсць нашы разведчыкі і чужыя шпегі. Справу яны робяць па сутнасці адну і тую ж, і сродкі выбіраюць аднолькавыя, але разведчык — смелы і вынаходлівы, а шпег — падступны і хітры. Праўда, канешне ж, за намі і за «нашымі», а хто з гэтым не згодны, той «чужы». Таму «справядліва», калі нашы перамагаюць, а «чужыя» церпяць паразу. Чаму так? А таму што «нашы». Якія тут яшчэ патрэбны аргументы?

Думаеце, што так судзяць толькі дзеці? Зусім не, бо дарослы свет будуецца па тых жа правілах, толькі больш жорсткіх, бо ўжо не ў кіно і не ў гульнях, а ў рэальным жыцці людзей раздзяляюць на «нашых» і «не нашых». Яшчэ страшней, калі свет у чыёйсьці свядомасці пачынае выглядаць як «я і іншыя», — тады чалавек жыве ва ўпэўненасці, што «іншыя» заўсёды падмануць, нешта забяруць, пакрыўдзяць, і таму ад іх трэба ўсімі сіламі і ўсімі спосабамі абараняцца. І гэта будзе яго справядлівасцю, яго жыццёвым прынцыпам: думаць выключна пра ўласнае дабро.

Кожнай чулай душы несправядлівасць баліць. Так ці інакш кожны ўчынак мы падсвядома ўзважваем на шалях справядлівасці, параўноўваем з нейкім унутраным эталонам. Як працуе гэты механізм, мне не ўдасца растлумачыць, але ў тым, што ён існуе, я не сумняваюся. Хрысціяне тлумачаць гэта проста: паколькі чалавек створаны паводле Божага вобразу і падабенства, у яго «ўбудаваны» Божы закон маралі. Так, яго можна паспрабаваць задушыць у сабе, а дакладней — перанастроіць унутраны механізм, збіць фокус у бок «сваёй» справядлівасці і праўды, але не ацэньваць увогуле, пазбавіцца гэтага ўнутранага адчування, паводле якога мы гаворым пра падзеі і ўчынкі як пра добрыя і злыя, справядлівыя і несправядлівыя, мы не здатныя. Далёкія ад хрысціянства людзі, якія імкнуцца жыць годна, не думаючы пра Божы вобраз у сабе, не адпрэчваюць існавання нейкага ўнутранага «эталона дабра», міжволі ўзгадваючы словы Канта пра зорнае неба над галавою і маральны закон унутры нас.

Наша задача — вучыцца настройваць у сабе гэты тонкі механізм, сачыць, каб шалі ўзважвалі правільна, каб лінзы, праз якія мы глядзім на свет, не затуманьваліся.

Хрысціянам прасцей: у нас ёсць дакладны прыклад і арыенцір, нават калі ён для большасці застаецца недасяжным. Аднак тым цяжэй нам бывае чытаць, асабліва калі душы так балюча ад відавочнай несправядлівасці: «Вы чулі, што сказана: „Любі бліжняга твайго і ненавідзь ворага твайго“. А Я кажу вам: любіце ворагаў вашых і маліцеся за тых, хто пераследуе вас, каб сталіся вы сынамі Айца вашага, які ў нябёсах. Бо Ён загадвае сонцу свайму ўзыходзіць над дрэннымі і добрымі і пасылае дождж на справядлівых і несправядлівых. Калі ж вы будзеце любіць тых, хто любіць вас, якую маеце ўзнагароду? Ці ж не тое самае робяць і мытнікі? І калі вітаеце толькі братоў вашых, што асаблівага робіце? Ці ж не тое самае робяць і язычнікі? Таму будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны» (Мц 5, 43–48).

Як бы балюча ні было, як бы мы ні былі ўпэўненыя ва ўласнай праваце, трэба заўсёды памятаць, што мы — толькі грэшныя людзі, а міласэрны і справядлівы толькі Бог. Як бы пільна мы ні ўглядаліся ў рэчаіснасць, усё адно мы часам бачым яе праз цьмянае шкло падзорнай трубы, таму для нас, абмежаваных чалавечым бачаннем, гэтаю вузкаю падзорнаю трубою ня здольных убачыць усю карціну цалкам, справядлівасць мусіць быць неаддзельнаю ад пакаяння і міласэрнасці. Толькі так, гледзячы праз усе тры лінзы, можна спадзя вацца настроіць фокус сваёй «унутранай трубы» правільна.

Гэты спосаб паказвае нам Бог, і гэтаксама Ён будзе судзіць і нас. Узгадайма прыклады, якія адразу ўзнікаюць у памяці: прыпавесць пра марнатраўнага сына і здраду апостала Пятра. Я, калі ўзгадваю гэтыя сцэны, узгадваю адразу і дзве карціны: «Вяртанне марнатраўнага сына» Рэмбрандта ван Рэйна і «Пакаянне св. Пятра» Хусэпэ Рыбэры. Непадзельна ў дзвюх гісторыях перапляліся пакаянне, справядлівасць і міласэрнасць: бацька лічыць справядлівым міласэрна прыняць сына, які, каючыся, прыпадае да ягоных ног. Хрыстус лічыць справядлівым міласэрна прыняць Апостала, які здрадзіў Яму і тут жа глыбока пашкадаваў. Кранальна паказалі гэта мастакі ў дэталях сваіх карцін: усю бездань пакаяння — у безабаронных голых ступнях марнатраўнага сына і ў слязіне, што паволі сцякае па Пятровай шчацэ; усю бездань міласэрнасці — у пяшчотных руках бацькі, якія туляць да сябе сына, і ў раптоўным усёпаглынальным нябесным святле, што сыходзіць на Пятра, выхопліваючы яго з цемры, у якой той апынуўся.

Каб быць сапраўды справядлівым, наша справядлівасць мусіць абапірацца на падмурак пакаяння і міласэрнасці. Чалавек можа ўчыніць зло і можа пакаяцца ў ім, гэтак атрымаўшы шанец на міласэрнасць. Пакуль ёсць надзея на пакаянне, нельга нікога судзіць, не паглядзеўшы на яго вачыма міласэрнасці. Кожны, учыніўшы зло і пашкадаваўшы пра гэта ўсім сэрцам, імкнучыся выправіць гэта ўсім жыццём, мае права на Божую і чалавечую міласэрнасць. У гэтым прынцыпе — наш шанец зрабіць справядлівасць сапраўднаю аб’ектыўнаю сілаю.

Юлія Косава,  Ave Maria

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі