Аднаўленне сужэнскіх абяцанняў адбылося падчас тракельскіх урачыстасцяў

11 ліпеня ў межах галоўных урачыстасцяў у тракельскім санктуарыі сужэнствы аднавілі свае абяцанні. Зноў прынесці прысягу любові, вернасці, павагі і жыцця разам да смерці ў згодзе i еднасці сабралося шмат пар, сярод якіх былі як маладыя, так і тыя, якія разам ужо некалькі дзясяткаў гадоў.

Магчыма, найстарэйшай парай, якая аднаўляла сёлета сужэнскія абяцанні ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў, былі Тадэвуш і Ганна, якія дзякавалі за 59 гадоў жыцця ў сужэнстве.

Як адзначыла ўжо пажылога ўзросту, але з радасным тварам і з надзеяй у сэрцы Ганна, у гэты момант яна просіць у Бога толькі ласку здароўя, падкрэсліваючы, што нічога больш ім не трэба.

Цырымонію ўзначаліў генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі. Са словам да прысутных звярнуўся генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Іерарх пажадаў сужэнцам і далей імкнуцца разам да святасці, мужна праходзіць праз цяжкасці, якія сустракаюцца на іх шляху, i супольна перамагаць усе спакусы.

adnowienie_sluby_50

На заканчэнне біскуп Станеўскі прапанаваў сужэнцам, якія аднавілі абяцанні, замацаваць абрад пацалункам i запрасіў іх да супольнага танцу, песню падчас якога выканаў сам.

Аднаўленне сужэнскіх абяцанняў у тракельскім санктуарыі ўжо стала традыцыяй, бо дзе, як не ў гэтым месцы, у якім асаблівым чынам моляцца за сем’і, сужэнцы маюць магчымасць адрадзіць свае адносіны і ўдасканальвацца ў любові.

Гэта тое месца, дзе муж можа зірнуць у вочы жонкі, а жонка ў вочы мужа, і сказаць, што яны адно для аднаго з’яўляюцца вялікім дарам.

Кс. Юрый Марціновіч, фота: Вольга Сяліцкая. Grodnensis.by

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі