Праваслаўны святар: «Гасподзь кажа пра верны погляд на рэчы, але размова не толькі пра пасіўнае назіранне»

Сергій Лепін
а. Сергій Лепін

Праваслаўны святар, блогер і публіцыст айцец Сергій Лепін, настаяцель храма Перамянення Гасподня ў Ракаве, разважае аб сутнасці ўрыўку Евангелля ад Мацьвея: «Такім чынам, калі вока твае будзе чыстае, дык усё цела твае будзе светлае, калі ж вока твае будзе благое, дык і ўсё цела твае будзе цёмнае».

Нагадваючы пра тое, што праз зрок чалавек атрымлівае каля 90 адсоткаў інфармацыі пра навакольны свет, святар робіць выснову: чалавечае вока — гэта свайго роду аптычны прыбор, аднак прыбор прымітыўны, які саступае ў магчымасцях сучасным аб’ектывам: «Тэхнічна нашае вока — гэта манокль, аб’ектыў усяго з адной лінзаю. На што здольныя такія аб’ектывы, фатографы добра ведаюць: іх малюнак можа быць і цікавы, але наўрад ці нехта хацеў бы бачыць усе свае фотаздымкі менавіта такімі. І, тым больш, наўрад ці нехта жадаў бачыць такім чынам свет сваімі вачыма ўвесь час».

«Зразумела, што дасканаласць (параўнальная) малюнка, што атрымлівае наш зрок, нельга растлумачыць працай хіба адных нашых крышталікаў. Дак адкуль жа тады наяўнасць такой чоткасці, рэзкасці, кантрастнасці, каляровасці, моцы святла, аб’ема з аднаго боку, а з іншага – адсутнасць храматычных аберацыяў, дысторсіяў, скажэнняў і іншага зла? Уся справа ў тым, што малюнак, які мы атрымліваем у выніку, самым значным чынам «дапрацоўваецца» нашым мозгам» — «праграмна», на узроўні неўсвядомленых намі сістэмніх працэсаў. Хрыстос кажа, что тое, якім чынам мы глядзім на знешні свет, вызначае, что мы ўяўляем сабою знутры», — робіць а. Сергій заканамерную выснову.

«Бачнае шмат у чым высвятляе рэальныя патрэбы нашай сутнасці, а, значыць, і апісвае і саму нашую сутнасць, з пункту гледжання яе патрэбаў. Муха і пчала: першая паўсюль знойдзе лайно, а другая — нектар, нават у атрутных раслінах. Такая іхная сутнасць!

Але такая і нашая прырода — нашае бачанне вызначае нашыя патрэбы. І тут Гасподзь мае на ўвазе ўжо не проста зрок як адно з пяці пачуццяў, не проста фізіялогію зрокавага ўспрыняцця, але весь наш светапогляд», — працягвае святар, робячы выснову: «Мутнае вока не толькі вызначае ўнутраную зласлівасць, і не проста фарміруе скажонную карціну існасці свайго ўладара. Яно яшчэ скажае самую існасць, уносіць у яе свой дэструктыўны змест. Пазнанне свету — гэта ўзаемадзеянне і сузмяненне з ім. Яно ёсць у некаторай ступені не проста яго адлюстраванне у пачуццях, але сама светавытворчасць і светатворчасць».

Адсылаючы да спадчыны філосафа Хайдэгера, які назваў чалавека «пастырам быцця», айцец Сергій Лепін прапануе ўласны канон паняццяў: чалавек — гэта епіскап быцця, інакш кажучы, даслоўна «той, хто даглядае».

«Чалавек «даглядае» і праз гэты догляд альбо зрок розуму актуалізуе свой свет, запускае яго. Быццам у кампутарнай гульні: пралічваецца, прамалёўваецца і, значыць, існуе толькі тое, што вы бачыце ў дадзены момант на экране», — заключае а. Лепін, і тлумачыць: «Чалавек — гэта вока Сусвету, якое сваёй мутнасцю робіць увесь свет цёмным».

а. Сергій Лепін

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі