Настаяцель праваслаўнай катэдры ў Гродне Георгій Рой і шэраг святароў адхіленыя ад кіраўніцтва сваімі прыходамі

У галоўным праваслаўным храме Гродна — Пакроўскім саборы будзе новы настаяцель.

Протаіерэй Георгій Рой, які шматкроць заклікаў спыніць рэпрэсіі і вулічны гвалт, адхілены ад пасады.

Адзін з апошніх запісаў у акаўнце протаіерэя Георгія Роя просьба аб малітве за палітвязня Дзяніса Івашына, які знаходзіцца ў Гродзенскім СІЗА ў цяжкім стане.

Меркаванае месца новага служэння мястэчка Дзятлава ў Гродзенскай епархіі.

Афіцыйнага рэлізу епархіі пакуль няма, але пра сутнасць таго, што адбылося распавёў у сваім акаўнце прэс-сакратар Гродзенскай епархіі БПЦ дыякан Дзмітрый Паўлюкевіч.

Прэс-сакратар Гродзенскай епархіі пацвердзіў: айцец Георгій Рой перастаў быць настаяцелем кафедральнага Пакроўскага сабора, айцец Анатоль Ненартовіч — сакратаром епархіі, айцец Мікалай Гайдук — настаяцелем Нікольскага храма.

Больш за месяц таму пераемнікам адхіленага ад кіравання епархіяй архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Арцемія стаў епіскап Антоній. «Яму прыйдзецца з намі памучыцца», — адрэагавалі ў сетках гродзенскія святары, не хаваючы: новы біскуп едзе на «чыстку шэрагаў».

«Мне пашанцавала служыць у Гродна. Менавіта пашанцавала. Памятаю ў акадэміі, пасля сесіі сядзелі ў пакоі з айцамі і распавядалі кожны пра сваю епархію. Амаль усе скардзіліся. І толькі нашы пастаянна хваліліся і ганарыліся сваёй. Я тады не звярнуў на гэта ўвагу, а цяпер зразумеў чаму так. Айцы скардзіліся на заробкі. Прычым тыя, у каго яны былі ў 2-3 разы больш нашых. На высокую загружанасць, на дурных прыхаджан, на кіслы кагор і нястраўнасць. Нам няма чым было крыць акрамя прозвішчаў тых, з кім мы служым. Мы хваліліся уладаром Арцеміем, сакратаром, настаяцелем. Людзі і ёсць самае каштоўнае ў епархіі. Не можа цябе радаваць зарплата, калі цябе не радуе тваё асяроддзе. Нас яно цешыла. Так, айцы напісалі прашэнне. Але яны нікуды не дзеліся. А, значыць, можна прыйсці да Ненартовіча, які заўсёды шакаваў сваім спакоем і ўпэўненасцю. Што б ні адбывалася. Ці паехаць да Роя, які моліцца як старазапаветны прарок. І кажа, што думае. Што б ні адбывалася. Хочацца ж часам ведаць, што людзі сапраўды думаюць », — піша дыякан Паўлюкевіч.

Рэпрэсіі могуць закрануць і іншых святароў, якім, хутчэй за ўсё, таксама прапануюць «напісаць прашэнне»: колькасць служыцеляў Гродна і іншых гарадоў епархіі, якія выступаюць супраць узмацнення рэпрэсій, сапраўды вялікая.

Відэа з Магутны Божа“.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі