Купал будслаўскай базылікі ў аварыйным стане. Што яшчэ выявілі спецыялісты пасля пажару?

20 ліпеня была прадстаўлена справаздача па выніках абследвання стану будслаўскай базылікі пасля пажару, які здарыўся ў Нацыянальным санктуарыі 11 мая.

Нагадаем, што ўжо ў сам дзень пажару распачаўся маштабны збор сродкаў на аднаўленне святыні.

З 11 мая па 20 ліпеня на гэтыя мэты было сабрана 963 584,44 беларускіх рублёў, з якіх больш за палову, а менавіта 551 015,48 рублёў, складае спонсарская дапамога юрыдычных асоб.

За гэты час было выдаткавана 558 188,14 рублёў.

У справаздачы ўдакладнена, на што былі скіраваныя грошы:

* 39 120 руб — абследванне будынку касцёла;

* 24 613,3 руб. — правядзенне неабходных супрацьаварыйных прац (часовая абарона скляпення ад ападкаў)

* 19 760 руб. — аванс праектнай арганізацыі

* 470 751 руб. — аванс падраднай арганізацыі

* 3 943,84 руб. бягучыя выдаткі парафіі (электраэнергія, сувязь, ФСАН і г.д.).

Па выніках абследвання будынку касцёла спецыялісты адзначылі, што ад уздзеяння высокіх тэмператур найбольш пацярпелі цагляныя канструкцыі купала цэнтральнай навы: у ім з’явіліся расколіны, была страчана верхняя абмазка, пачаў адслойвацца тынк на ўнутранай паверхні.

Тэхнічны стан купала будслаўскай базылікі прызнаны аварыйным, расколіны ў ім павялічваюцца і таму патрэбна ўсталяванне страховачных канструкцый і ўмацаванне.

Павялічваюцца расколіны таксама ў скляпенні правай навы.

На жаль, пасля пажару небяспека не знікла. Адсутнасць даху і ўмовы надвор’я выклікаюць насычэнне вільгаццю цаглянай кладкі скляпенняў і сценаў пад імі, што можа ў далейшым прывесці да страты атынкоўкі з каштоўным фрэскавым жывапісам. Гаворка ідзе пра славутыя будслаўскія «аптычныя алтары».

Для таго, каб прадухіліць гэтыя працэсы, была зроблена абарона будынку ад дажджу з падручных матэрыялаў з арганізаваным водаадводам за межы будынку.

Гэта знізіла магчымасць далейшых пашкоджанняў, але не выключыла яе цалкам.

Адна з цяжкасцяў, з якой у ходзе працы сутыкнуліся спецыялісты, — гэта практычна поўная адсутнасць архіўных матэрыялаў па будынку касцёла. Раней не праводзілася яго комплекснае навуковае вывучэнне, у тым ліку і архітэктурна-рэстаўрацыйныя абмеры. Неабходныя інжынерныя абмеры пачалі рабіцца толькі цяпер. Акрамя таго, спецыялісты даследвалі падмуркі касцёла і грунт пад імі, у выніку чаго была зроблена выснова пра неабходнасць умацавання падмуркаў, паколькі іх зношанасць складае 55%, а агульны стан прызнаны незадавальняючым.

Акрамя таго, спецыялісты выявілі шэраг іншых праблем, прычым не ўсе з іх звязаныя з нядаўнім пажарам. Але іх, тым не менш, так ці інакш давядзецца вырашаць для захавання будслаўскай базылікі.

У сувязі з гэтым у бліжэйшы час прадугледжваюцца наступныя выдаткі:

* 44 561,43 руб. — аплата па дамове з праектнай арганізацыяй

* 102 848,55 руб. — комплексныя навуковыя доследы, неабходныя для правядзення далейшых рэстаўрацыйных прац.

* аплата падраднай арганізацыі.

Пробашч парафіі ў Будславе ксёндз Дзмітрый Дубовік шчыра дзякуе ўсім людзям, неабыякавым да лёсу Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай, ахвярадаўцам і валанцёрам.

«Дзякуючы вам у нас з’явіўся шанц здзейсніць усе неабходныя працы па рэканструкцыі святыні. Няхай Пан Бог узнагародзіць кожнага за клопат і працу!» — кажа святар.

Catholic.by

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com
23.07.2021 Беларусь| Тэгі:




Блогі