Я хачу, каб на Беларусі запанаваў голад!

 

Я хачу, каб на Беларусі запанаваў голад! І каб усе беларусы ад раніцы і да вечара, а нават, каб і сярод ночы прасыпаліся і ўвесь час думалі аб тым, як яго заспакоіць.
На ўвазе канешне я маю не голад цялесны, але духоўны, голад праўды і справядлівасці.

Госпад, безумоўна, як кажуць псальмы, дае чалавеку ежу ва ўласцівы час і насычае нас удосталь (пар. Пс 145 (144) 15-16). Аднак, калі мы звяртаемся выключна ў справах матэрыяльных і зямных да Бога, вельмі часта атрымоўваем тое, што просім, але ж сам Бог нас пакідае. Інакш кажучы, молячыся ў храмах і называючы сябе хрысціянамі, мы пазастаемся нібы бязбожнікамі, бо жывем без Бога.

Гэта прыкладна так, як пад-час евангельскага цуда размнажэння хлябоў, народ, атрымаўшы за дарма ежу, згубіў магчымасць адчуваць Божую прысутнасць. Бо, “… калі Ісус даведаўся, што хочуць прыйсці і схапіць Яго, каб зрабіць каралём, зноў адышоў на гару адзін.” (Ян 6,15)

Хрыстос адмовіўся быць валадаром для народу, бо людзі спрабавалі менаваць Ісуса на цара не з-за таго што захапіліся навукай аб лепшым жыцці, збудаваным на каштоўнасцях праўды і справядлівасці, што Ён прапаведаваў, але павяліся на дармовы кавалак хлеба, які атрымалі.

Згодна з логікай Божай, заспакоіць голад цялесны важна, але ж для чалавека ў прыярытэце мае быць заспакойванне голаду духоўнага.

Апостал Павел у гэтым кантэксце казаў так: “малю вас я, вязень Госпада, паступаць годна паклікання, якім вы пакліканы” (Эф 4,1). Адпаведна з Божым, пакліканнем кожнаму з нас прадвызначана шукаць магчымасць быць свабодным чалавекам і захоўваць хрысціянскую годнасць.

Пасланне да Эфесцаў Павел пісаў будучы сам ў зняволенні. Разам з тым, гэтае выпрабаванне не змусіла яго пераключыць увагу на інтарэсы зямныя. Ён заклікаў змагацца не з тымі, хто пасадзіў яго за краты, але са злом,якому могуць служыць чалавек і ўлада. З-за кратаў заахвочваў вернікаў і далей займаць у свеце пазіцыю верную навучанню Ісуса. Наказваў умацоўвацца ў Госпадзе, “каб маглі … супрацьстаяць каварству д’ябла; бо змаганне наша не супраць крыві і плоці, а супраць начальстваў, супраць улад, супраць сусветных уладароў цемры веку гэтага, супраць злых духаў паднябесных.” (Эф 6, 11-12)

Сёння, Хрысціянская Царква павінна лічыць прагуляным раўнд у барацьбе з д’яблам, калі сярод вернікаў знаходзяцца такія, якія перад фактам існавання ў грамадстве зла кажуць, што гэта палітыка, а палітыка – брудная справа і мы ў гэта не ўваходзім. Такая пазіцыя дае зялёнае святло ў дзейнасці д’яблу, бо хрысціянін дэкларыруе сваё нежаданне прымаць актыўны ўдзел у змаганні са злом, да якога заклікае Божае Слова.

Яшчэ горш, калі пасіўнасць абумоўлена памкненнем уратаваць сваю жыццёвую стабільнасць, у выглядзе самых розных матэрыяльных бонусаў: ад гарантаванага жыллёвага мінімума да прасоўвання па кар’ернай лесвіцы з асягненнем яе вяршын. Вобразна можна цвердзіць, што гаворка ўвесь час ідзе пра ежу, таксама і тую, што прапаноўваў д’ябал Божаму Сыну пад-час спакушэння ў пустыні.

Мне падаецца, д’ябал найбольш радуецца, калі вернікі праяўляюць пасіўнасць у палітычных справах, бо ў такім разе ён не мае перашкодаў ва ўтварэнні структур, якія зладжана будуць прадукаваць зло. Такім прыкладам зла можа быць і збудаваная сістэма дзяржаўнага тэрору ў Беларусі.

На жаль, і сам з’яўляюся не раз сведкай таго, як тыя людзі, што прыходзяць у храм, ёсць здольныя прасіць Бога шмат аб чым, калі гаворка ідзе пра зямныя патрэбы. Але ж, калі пры гэтым і перадусім яны не клапоцяцца пра праўду і справядлівасць ды не маюць голаду свабоды, то так і не змогуць увайсці ў Божае Валадарства. “Бо Царства Божае – не ежа і пітво, а справядлівасць, і мір, і радасць у Духу Святым.” (Рым 14,17) Шмат хто моліцца і атрымоўвае часовую ежу, не думаючы, што будзе далей.

На жаль, так ёсць, як чалавек не адчуе духоўнага голаду, то ў выніку пазастанецца і без Бога, а значыць і без хлеба. І Госпад ніколі не будзе яго валадаром.

Вячаслаў Барок

 

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі