У першы ў гісторыі Дзень дзядуляў і бабуль фэст у гонар святой Ганны адзначылі ў Жодзішках (фотарэпартаж)

26 ліпеня ў Касцёле адзначаецца ўспамін святых Яўхіма і Ганны — бацькоў Найсвяцейшай Панны Марыі, а напярэдадні ў касцёле Святой Тройцы ў Жодзішках (Смаргонскі дэканат) адбыўся парафіяльны фэст у гонар святой Ганны.

Гэтая нядзеля была асаблівай, паколькі стала першым у гісторыі Касцёла Днём дзядуляў, бабуль і пажылых людзей, устаноўленым Папам Францішкам.

«Мы збіраемся разам у святыні, каб праз нашу апякунку, святую Ганну, выпрасіць ласкі для парафіі, таму асаблівым чынам сёння ўзносім малітвы, просьбы і падзякі да Пана Бога», — зазначыў, вітаючы ўсіх удзельнікаў урачыстасці, пробашч жодзішскай парафіі ксёндз Павел Калеснік.

Цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў Біскупскі вікарый Астравецкага дэканату і пробашча парафіі святых Космы і Дам’яна ў Астраўцы ксёндз Юзаф Багдзевіч. Слова Божае прамовіў дырэктар Caritas Віцебскай дыяцэзіі ксёндз канонік Андрэй Аніскевіч. У цэлебрацыі бралі ўдзел таксама святары з суседніх парафій: Вішнева, Войстама, Смаргоні і Солаў.

Звяртаючыся да вернікаў, ксёндз Андрэй звярнуў увагу на ролю старэйшага пакалення ў духоўный апецы над моладдзю; на нашых бабуль і дзядуляў, якія прыкладам свайго жыцця захавалі і перадалі веру нашчадкам.

Паколькі ў нядзелю 25 ліпеня адзначаўся ўспамін святога Крыштафа, які лічыцца апекуном кіроўцаў, маракоў, вандроўнікаў і пілігрымаў, у гэты дзень на заканчэнне святочнай літургіі адбылося благаслаўленне вадзіцеляў і транспартных сродкаў.

Віктар Ведзень, Сatholic.by

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі