У 2021 годзе ў Магілёве павінен быў праходзіць традыцыйны Міжнародны фестываль духоўнай музыкі «Магутны Божа». У апошні час фестываль ладзіўся раз на два гады, папярэдні арганізоўвалі ў 2019 годзе, і па плане XXIV фестываль павінен быў прайсці ў 2021 годзе. Звычайна мерапрыемства праходзіла вясной ці летам, аднак да 30 жніўня інфармацыі пра фестываль так і не з’явілася.
Як даведаўся Katolik.life, на гэты год фестываль не запланаваны. Пра прычыну адмены арганізатары нічога не змаглі паведаміць. Наўрад ці ёй мог стаць каранавірус — бо іншыя святы і фестывалі, у тым ліку «Славянскі базар у Віцебску», праходзілі.
«Магутны Божа» праводзіўся з 1993 года, яго мэтамі ставілася адраджэнне духоўнай культуры на хрысціянскім падмурку, умацаванне і пашырэнне міжнародных сувязяў, аб’яднанне і ўзаемнае духоўнае ўзбагачэнне з дапамогай музыкі.
Мерапрыемства аб’ядноўвала больш за 900 салістаў і творчых калектываў з розных краін, у праграме былі конкурсы вакалістаў і харавых калектываў, духоўныя спектаклі, свята звонавай музыкі, канцэртныя выступленні. Таксама ладзіліся канферэнцыі, на якіх абмяркоўваліся актуальныя пытанні рэлігіі і веравызнання, узаемадзеяння Царквы і дзяржавы.
Фестываль назвалі па вершу «Магутны Божа» Наталлі Арсенневай, які лёг у аснову беларускага духоўнага гімна. Да нядаўняга часу гэтая песня-малітва шырока выконвалася як у Праваслаўнай, так і ў Каталіцкай цэрквах.