Папа Францішак заклікае не задавальняцца «фармальнай рэлігійнасцю»

1 верасня ў Ватыкане прайшла агульная аўдыенцыя, падчас якой Папа Францішак працягнуў цыкл катэхез, прысвечаных Пасланню да Галатаў, звярнуўшы ўвагу на небяспеку страты свабоды ў Хрысце.

Фота: Andrew Medichini / AP

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя Vatican News, Святы Айцец нагадаў, што апостал Павел выкарыстоўваў не вельмі лагодныя словы, калі папярэджваў хрысціянаў Галатыі пра тое, што з-за фармалізму яны рызыкуюць змарнаваць досвед атрыманай ласкі. У іншых яго пасланнях сустракаюцца такія звароты як «браты» ці «ўмілаваныя», але тут такіх словаў няма. Павел называе іх проста «галатамі» і двойчы выкарыстоўвае слова «неразумныя».

«Ён рабіў так не таму, што яны не былі разумнымі людзьмі, але таму, што нават не ўсведамляючы гэтага, рызыкавалі страціць веру ў Хрыста, якую прынялі з вялікім энтузіязмам.

Яны былі неразумнымі, бо не ўсведамлялі небяспекі страты каштоўнага скарбу — прыгажосці навізны Хрыста. Здзіўленне і смутак апостала былі відавочныя. Не без горычы ён правакаваў гэтых хрысціянаў узгадаць першае абвяшчэнне, якое ён здзейсніў між імі і праз якое даў ім магчымасць здабыць свабоду, дагэтуль неспадзяваную», — сказаў Пантыфік.

Апостал задаваў галатам пытанні, каб узварушыць іх сумленне. Гаворка ідзе пра рытарычныя пытанні, «бо яны добра ведалі, што іх прыйсце да веры ў Хрыста было ласкай, атрыманай праз прапаведванне Евангелля». Словы, пачутыя імі ад Паўла, былі засяроджаны на любові Бога, цалкам аб’яўленай у смерці і ўваскрасенні Езуса. Павел не мог знайсці больш пераканаўчых словаў, чым тыя, якія, магчыма, шмат разоў казаў падчас прапаведвання: «І ўжо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус. А што цяпер жыву ў целе, то жыву вераю ў Сына Божага, які палюбіў мяне і аддаў сябе за мяне» (Гал 2, 20).

«Павел меў намер паставіць хрысціянаў у цяжкую сітуацыю, каб яны ўсвядомілі важнасць пытання і не паддаліся чарам галасоў сірэн, што прагнулі прывесці іх да рэлігійнасці, заснаванай выключна на скрупулёзным выкананні прадпісанняў», — падкрэсліў Папа.

На думку Святога Айца, галаты цудоўна разумелі тое, на што спасылаўся апостал, бо, безумоўна, перажылі досвед дзейнасці Святога Духа ў супольнасці. На пачатку іх прыйсця да веры была Божая ініцыятыва, а не чалавечая. «Святы Дух быў галоўнай дзеючай асобай іх досведу; паставіць Яго цяпер на другі план, каб даць прыярытэт уласным справам, было б неразумна», — дадаў Пантыфік.

«Такім чынам святы Павел запрашае і нас паразважаць пра тое, як мы жывем верай.

Ці застаецца любоў укрыжаванага і ўваскрослага Хрыста ў цэнтры нашага штодзённага жыцця як крыніца збаўлення, або мы задавальняемся нейкай фармальнай рэлігійнасцю, супакоіць сумленне? Ці прывязаныя мы да каштоўнага скарбу — прыгажосці навізны Хрыста, або аддаем перавагу чамусьці, што на момант прываблівае нас, а потым пакідае ўнутры пустку? Эфемернае часта стукае ў дзверы нашай штодзённасці, але з’яўляецца ўсяго толькі сумнай ілюзіяй, якая падштурхоўвае нас да ўпадання ў павярхоўнасць і перашкаджае распазнаваць тое, дзеля чаго жыць па-сапраўднаму варта», — сцвердзіў пастыр паўсюднага Касцёла.

Ён звярнуў увагу на актуальнасць Паслання да Галатаў у наш час і заклікаў вернікаў не сумнявацца ў тым, што «нават калі мы паддаемся спакусе аддаліцца, Бог працягвае адорваць сваімі дарамі». Гэта тое, пра што апостал казаў галатам, нагадваючы, што Айцец «дае вам Духа і здзяйсняе між вамі знакі» (Гал 3, 5). «Бог ніколі не пакідае нас, але застаецца з намі са сваёй міласэрнай любоўю. Бог заўсёды побач з намі са сваёй дабрынёй.

Ён такі, як бацька, што кожны дзень выходзіў на ганак, каб убачыць, ці не вяртаецца яго сын: любоў Айца не ведае стомы. Будзем жа прасіць аб мудрасці, каб заўсёды асэнсоўваць гэта», — сказаў, завяршаючы катэхезу, Папа Францішак.

Catholic.by

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі