Гродзенскія школьнікі атрымалі ад біскупа Кашкевіча благаслаўленне на новы навучальны і катэхетычны год

У нядзелю 6 верасня біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафію Святога Духа ў Гродне, дзе ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы, падчас якой благаславіў вучняў на новы навучальны і катэхетычны год.

Для школьнікаў з маладой парафіяльнай супольнасці ў гродзенскім мікрараёне Альшанка першыя дні верасня гэта не толькі святочныя лінейкі, кветкі і першы званок. Вельмі важнай падзеяй для маленькіх вернікаў з’яўляецца традыцыя благаслаўлення школьных прыладаў.

Год таму іх благаслаўляў тут біскуп Юзаф Станеўскі, а сёлета абрад здзейсніў біскуп Аляксандр Кашкевіч.

Пробашч парафіі Святога Духа ксёндз Павел Салабуда зазначыў, што з біскупскім благаслаўленнем вучыцца будзе спрытней, што, безумоўна, спадабалася маладым парафіянам.

Слова Божае падчас нядзельнай Імшы прамовіў ксёндз Юрый Марціновіч.

Ён растлумачыў школьнікам важнасць настаўніка ў чалавечым жыцці, а таксама нагадаў, што вучыцца трэба не толькі ў школе, але і ў штодзённым жыцці. Першымі настаўнікамі для чалавека з’яўляюцца бацькі, якія вучаць хадзіць, размаўляць і выхоўваюць прыкладам уласнага жыцця. Настаўнікам можа быць і бабуля, і брат, і нават сябра: галоўнае, каб у іх можна было навучыцца добраму. Калі хтосьці вучыць іншых рабіць зло, гэта не настаўнік, таму што галоўным настаўнікам і ўзорам для ўсіх іншых настаўнікаў з’яўляецца Бог. Дзеці прымалі актыўны ўдзел у інтэрактыўным казанні і распавядалі, чаму нас вучыць Бог.

Напрыканцы святой Імшы ксёндз Павел Салабуда нагадаў дзецям і іх бацькам, як важна не толькі хадзіць у школу і наведваць розныя гурткі і секцыі, але таксама прыходзіць на катэхэзы, каб лепш пазнаваць Бога.

Пасля малітвы маленькіх вернікаў чакалі спевы, танцы, салодкі пачастунак і забавы на свежым паветры, арганізаваныя старэйшай моладдзю пад кіраўніцтвам ксяндза Андрэя Струкеля, вікарыя парафіі ў Альшанцы.

Сatholic.by

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі