Пастар Ганчарэнка: « Не чалавечай сілай, але сілай Божай будзе зламана ярмо над гэтай краінай»

Пастор Гончаренко

У нядзелю падчас набажэнства на паркоўцы пастар Менскай поўнаевангельскай царквы «Новае жыццё» Вячаслаў Ганчарэнка дзяліўся з вернікамі пасланнем « Што Бог кажа нам падчас глыбокага крызісу?»

Узяўшы за аснову словы прарока Ераміі — «Бо толькі Я ведаю намеры, якія маю пра вас, кажа Гасподзь, намеры на дабро, а не на зло, каб даць вам будучыню і надзею» — кіраўнік царквы «Новае жыццё» нагадаў аб тым, што Бог супраць любога рабства, якое звязвае чалавека, будзь то рабства наркатычнае, алкагольнае ці палітычнае.

«Час беззаконня павінен  выпрацаваць у сэрцах народа смагу праўды. І чым глыбей беззаконне, тым большай будзе смага . І беззаконне стане прычынай, чаму многія людзі нарэшце зразумеюць, і адкрыюцца іх сляпыя вочы. Гэта беззаконне стане прычынай, чаму людзі аддзеляць сябе ад беззаконьня, яно стане ім настолькі агідным. Але мера і глыбіня беззаконня павінны дасягнуць сваёй крытычнай кропкі», — падкрэсліў пастар, распавядае сайт «Новага жыцця».

На думку Вячаслава Ганчарэнкі, «Беззаконне было дапушчана ў сэрцы многіх людзей. Яно выяўляецца праз рабленне выгляду, што нічога страшнага не адбываецца, калі адбываюцца страшныя рэчы. Яно выяўляецца праз зліццё са злом — толькі б яно не кранула іх». Між тым варта «смела і ўпарта супрацьстаяць духу страху і духу стомленасці. Страх будзе больш кіраваць  людзьмі, чым вера і любоў. І людзі, накіраваныя  страхам, становяцца саўдзельнікамі злачынства».

«Беларусь, час твайго палону заканчваецца! Я хачу сказаць кожнаму: «Ваш палон падыходзіць да свайго завяршэння». Я бачыў на вуліцах нашага горада радасць неапісальнай сілы і прыгажосці. Бог не проста верне з палону. Ён адновіць страчаную годнасць. Бог верне табе тваю хаду, ты будзеш хадзіць з паднятай галавой. Беларусь, Бог верне табе свабоду. Не чалавечай сілай, але сілай Божай будзе зламанае ярмо над гэтай краінай», — упэўнены духоўны лідар менскіх пратэстантаў.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі