У Навагрудку з удзелам біскупа Касабуцкага адзначаць 400-годдзе Хоцінскай бітвы

10 кастрычніка ў фарным касцёле Перамянення Пана ў Навагрудку адбудзецца набажэнства ў памяць пра гістарычную бітву пад Хоцінам, якая стала важнай перамогай хрысціянскіх народаў Рэчы Паспалітай над асманскімі заваёўнікамі.

З гэтай нагоды біскуп Юрый Касабуцкі ўзначаліць цэлебрацыю святой Імшы ў святыні, дзе ў памяць пра гістарычную падзею адзін з яе ўдзельнікаў усталяваў памятную пліту.

Пачатак у 18.00.

У старажытным касцёле Перамянення Пана ў Навагрудку, дзе быў ахрышчаны Адам Міцкевіч і спачываюць рэліквіі сясцёр назарэтанак, мучаніц Другой сусветнай вайны, знаходзіцца мемарыяльная пліта ў памяць бітвы пад Хоцінам 1621 года.

Тая бітва, пра якую сёння ў Беларусі нямногія ведаюць, мела насамрэч агульнадзяржаўнае і нават міжнароднае значэнне.

Хоцін — горад у колішняй Паўднёвай Бесарабіі, на правым беразе ракі Днястра, сёння — раённы цэнтар Чарнавіцкай вобласці Украіны.

Хоцінская бітва. Мастак Францішак Смуглевіч / commons.wikimedia.org

Заключанае 9 кастрычніка 1621 года ў выніку бітвы пад Хоцінам перамір’е фактычна стала перамогай Рэчы Паспалітай над Асманскай Турцыяй і мела вялікае значэнне як для нашых народаў, так і для ўсёй Еўропы.

Дзякуючы адвазе нашых продкаў была ліквідавана пагроза турэцка-татарскага ўварвання не толькі ва Украіну, але і на аддаленыя ад турэцкай мяжы землі.

Вядома, што яшчэ ў пачатку XVI стагоддзя крымска-татарскія загоны даходзілі амаль да Навагрудка.

Герой гэтай бітвы навагрудчанін крылаты панцырны гусар Ян Рудаміна-Дусяцкі, страціўшы ў бітве брата і сам паранены, праз 22 гады паставіў у Навагрудскай Фары памятную пліту — помнік мастацтва барока, якая сёння яшчэ і важны помнік гісторыі.

«Гэта таксама бясспрэчнае сведчанне нашай агульнай шматвекавой гісторыі з братнімі народамі — палякамі, літоўцамі і украінцамі.

Гісторыі еўрапейскай, гісторыі народаў з памежжа еўрапейскай цывілізацыі — народаў якія засланялі Еўропу ад азіяцкіх заваёўнікаў з усходу», — адзначае доктар гістарычных навук Аляксандр Краўцэвіч.

Фота: Lucyna Omieczynska / polonika.pl / Catholic.by

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі