Біскуп Буткевіч узяў удзел ў працы пленарнага пасяджэння Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы

З 23 па 26 верасня ў Рыме праходзіла чарговае пленарнае пасяджэнне Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы (РКБЕ), прысвечанае 50-годдздю існавання гэтай касцёльнай структуры. У пасяджэнні узяў удзел Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Рада Канферэнцый Біскупаў Еўропы — гэта структура, створаная падчас пантыфікату Папы Паўла VI для падтрымання сувязі і ўзаемадзеяння паміж епіскапатамі Еўропы. Яе мэта — спрыяць памнажэнню дабра Касцёла і абараняць яго.

Тэма сёлетняга пленарнага пасяджэння Рады — «РКБЕ: 50 гадоў на службе ў Еўропе. Памяць і перспектывы ў кантэксце энцыклікі Fratelli tutti».

У дакладах працоўных дзён асамблеі іерахі звярнулі асаблівую ўвагу на братэрстве і еднасці, падкрэслівалі важнасць мужнасці ў евангелізацыі і пошуку спосабаў перадачы веры новаму пакаленню.

Пасяджэнне распачалося святою Імшою ў ватыканскай базіліцы Святога Пятра, цэлебрацыю якой узначаліў Папа Францішак.

Пасяджэнне наведаў Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы Францішка кардынал П’етро Паралін. Найбліжэйшы супрацоўнік Святога Айца вызначыў дзесяць кірункаў, у якіх еўрапейскія Касцёлы пакліканы дзейнічаць разам: фармацыя, братэрская дабрачыннасць, падтрымка сем’яў, абарона чалавечага жыцця, маладое пакаленне, увага да слабых і бедных, мігранты, адзінства хрысціянаў, клопат пра навакольнае асяроддзе і абарона міру.

 2021-09-27-CCEB3

На пасяджэнні новым старшынёй РКБЕ быў абраны Гінтарас Грушас, арцыбіскуп Віленскі. Яго намеснікамі сталі кардынал Жан-Клод Ольрыш, арцыбіскуп Люксембуржскі, і біскуп Ласло Нэмет, ардынарый дыяцэзіі Зрэняніна (Сербія).

Ісці разам з Божым народам заклікаў пастыраў новаабраны Старшыня РКБЕ ў нядзельнай гаміліі.

«Мы, пастыры, ідзем з людзьмі: часам спераду, часам усярэдзіне, часам ззаду.

Добры пастыр павінен рухацца так: наперадзе кіраваць, усярэдзіне заахвочваць і не забывацца пах статку, ззаду — таму што ў людзей таксама ёсць „нюх“. У іх ёсць нюх для пошуку новых дарог або для адшукання згубленай дарогі», — сказаў іерарх.

«Вернемся сёння ў нашыя краіны і нашыя дыяцэзіі, каб з новымі сіламі ісці разам гэтым шляхам да будучыні, кіруючыся Духам Божым і слухаючы Бога, які гаворыць праз Яго святы народ», — заключыў арцыбіскуп Грушас.

Catholik.by

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі