«Быў бізнэсмэнам, а ў 50 гадоў пачуў пакліканне». Першы ў Беларусі святар-афрыканец служыць у Гомелі

Айцец Майкл скончыў універсітэт у СССР, ведае рускую мову, а цяпер вучыць беларускую.

162f2e2df71cfb2ec0b59df96a1ca878_XL

Свае першыя імяніны ў Гомелі адзначыў каталіцкі святар Майкл Уйяммаду Окіка. 29 верасня, у свята святых Арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала, вернікі гомельскай парафіі Унебаўзяцца Найсвяцейшай Панны Марыі павіншавалі айца Майкла (Міхала) з імянінамі. Ён – святар-манах з ордэна святога Паўла, першага пустэльніка (паўліны) і першы каталіцкі святар-афрыканец, які служыць у Беларусі.

Айцу Майклу 61 год, ён родам з Нігерыі, а стаў святаром усяго два гады таму. У яго незвычайная гісторыя жыцця:

    — Узрост для Бога не мае значэння. Я вучыўся ў Савецкім Саюзе і пасля вучобы вярнуўся ў сваю краіну. Там я стаў бізнэсмэнам, і амаль у 50 гадоў зразумеў сваё пакліканне, пачуў Езуса, – распавядаў айцец Майкл пасля святарскага пасвячэння, якое атрымаў ва Украіне.

У 1981 годзе нігерыец прыехаў у СССР, дзе скончыў Данецкі дзяржаўны універсітэт. А затым вярнуўся ва Украіну і ў 2010 г. пачаў манаскую фармацыю ў кляштары паўлінаў у Марыупалі. На святара вучыўся ў Інстытуце св. Тамаша Аквінскага ў Кіеве. Пасля пасвячэння ў 2019 г. служыў ва Украіне, затым — у Камеруне, а ў 2021 г. прыехаў у беларускі Гомель — бо ў тутэйшай маладой парафіі, якая будуе новы касцёл, была патрэба ў вікарыі.

Айцец Майкл — актыўны прапаведнік Божага Слова, ён быў выхаваны ў харызматычных рухах, якія распаўсюджаны ў Нігерыі. Святар ведае рускую мову і вучыць беларускую, таксама служыць святую Імшу па-ангельску для замежных студэнтаў-католікаў з гомельскіх ВНУ.

Katolik.life

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі