Дзеці па ўсёй Беларусі далучацца да сусветнай ініцыятывы «Мільён дзяцей моліцца на Ружанцы»

У кастрычніку — месяцы, які ў Каталіцкім Касцёле асаблівым чынам прысвечаны ружанцовай малітве, — беларускія дзеці зноў далучацца да сусветнай ініцыятывы «Мільён дзяцей моліцца на Ружанцы», арганізаванай Папскім фондам «Дапамога Касцёлу ў патрэбе».

Яе мэта — папулярызаваць ружанцовую малітву сярод дзяцей і іх бацькоў, аб’яднаць свет перад абліччам праблем і крызісаў, якія ён сёння перажывае. У мінулым годзе акцыя сабрала рэкордную колькасць удзельнікаў: больш за паўмільёна дзяцей са 136-і краін свету — у тым ліку з Беларусі. Сёлета Беларусь таксама далучыцца да гэтай важнай сусветнай ініцыятывы.

Малітоўная акцыя «Мільён дзяцей моліцца Ружанец» у Беларусі распачнецца 18 кастрычніка ў 18.00.

Арганізатары заахвочваюць ва ўсіх парафіях на тэрыторыі Беларусі:

— перад сустрэчай арганізаваць майстэрні і правесці майстар-класы па стварэнні ружанцаў. Гэтыя ружанцы можна будзе падарыць дзецям пасля сустрэчы 18 кастрычніка;

— арганізаваць групы дзяцей і бацькоў, якія будуць удзельнічаць у сустрэчы у цэнтрах дыяцэзій;

— 18 кастрычніка ў 18.00 запрасіць вернікаў у касцёл, каб падключыцца да трансляцыі мерапрыемства і такім чынам далучыцца да супольнай, усебеларускай ружанцовай малітвы аб міры і згодзе;

— арганізаваць прагляд трансляцыі — паклапаціцца пра патрэбнае аўдыя- і відэаабсталяванне (камп’ютар, праектар, калонкі і г.д.);

— пажадана арганізаваць пачастунак і цёплую гарбату для прысутных;

— заахвоціць усіх дзетак і бацькоў узяць з сабой свечкі ці ліхтарыкі.

Арганізацыйнай групай падрыхтаваныя дадатковыя друкаваныя матэрыялы: плакаты, улёткі і марыйны ружанцовы стыкерпак для прысутных на сустрэчы 18 кастрычніка дзетак — усе яны будуць дасланыя ў парафіі. Яны таксама пададзены для спампоўвання ніжэй.

Больш падрабязная інфармацыя пра ініцыятыву і ход малітоўнай сустрэчы ў Беларусі змешчана ніжэй.

Ход сустрэчы

 

Адказныя асобы арганізуаюць групы дзяцей і бацькоў у касцёлах у цэнтрах дыяцэзій (Гродна, Віцебск, Магілёў, Пінск, Мінск). Гэтыя групы яднаюцца анлайн і прымаюць непасрэдны ўдзел у малітве. Таксама будзе ісці агульная анлайн-трансляцыя мерапрыемства.

Сустрэча мадэруецца з Мінска, з пляцоўкі каля Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра.

План мерапрыемства (хранаметраж)

18.00 — спеў на ўступ (гурт «Міхаэлькі» і Ядзвіга Багдановіч)

18.03 — уступнае слова вядучага (кс. Аляксандр Шамрыцкі МІС)

18.05 — кароткія прывітанні груп з кожнай дыяцэзіі (горад — 1 хвіліна)

18.10 — прывітальнае слова біскупа ў Мінску (3 хвіліны)

18.13 — пачатак ружанцовай малітвы (Мінск)

18.16 — кароткае разважанне (1 хвіліна, Мінск)

18.17 — Першая таямніца (спяваная, Гродна)

18.23 — кароткае разважанне (1 хвіліна, Мінск)

18.24 — Другая таямніца (прамаўляецца, Віцебск)

18.28 — кароткае разважанне (1 хвіліна, Мінск)

18.29 — Трэцяя таямніца (прамаўляецца, Магілёў)

18.33 — кароткае разважанне (1 хвіліна, Мінск)

18.34 — Чацвёртая таямніца (прамаўляецца, Пінск)

18.38 — кароткае разважанне (1 хв., Мінск)

18.39 — Пятая таямніца (спяваная, Мінск)

18.45 — малітва да святога Юзафа

18.46 — заключны спеў (Мая Беларусь)

18.49 — заключнае слова вядучага (2 хвіліны)

18.51 — заключнае слова біскупа ў Мінску і бласлаўленне (3 хвіліны)

18.55 — заканчэнне агульнабеларускай сустрэчы і анлайн-трансляцыі.

Працяг лакальнай сустрэчы ў Мінску. Спявае гурт «Міхаэлькі» (5–10 спеваў), пачастунак, гарбата.

Пра ініцыятыву

 

Мільён дзяцей моліцца на Ружанцы — сусветная ініцыятыва, арганізаваная Папскім фондам «Дапамога Касцёлу ў патрэбе».

«Не толькі ўсё яшчэ актуальны крызіс аховы здароўя зрабіў наш свет падобным да па-чалавечы невырашальнага клубка праблем. Голад, беднасць, карупцыя, войны і тэрор, вульгарызацыя чалавечага існавання і знішчэнне стварэння закранаюць жыцці незлічонай колькасці людзей. За гэтым усім крыецца паўсюдная сіла зла, якое імкнецца знішчыць боскі сусветны парадак і законы Бога.

Таму нам як ніколі патрэбная даверлівая малітва чыстых, нявінных сэрцаў, дзяцей Марыі, адкрытых на Божую дапамогу і збаўленне для ўсяго свету», — адзначаюць кіраўнікі Фонда.

Галоўная мэта гэтай малітоўнай кампаніі — паказаць, што даверлівая малітва дзяцей можа, як страла, ляцець проста да сэрца Бога і такім чынам змяняць свет. Таму ўявіце, якой моцнай будзе ружанцовая малітва, у якой дзеці будуць разам прасіць аб супакоі і згодзе ў іх сем’ях, народзе і ва ўсім свеце!

Як усё пачалося

 

Упершыню малітоўнае чуванне дзяцей прайшло ў 2005 годзе ў сталіцы Венесуэлы Каракасе. Падчас ружанцовай малітвы групы дзяцей у прыдарожнай каплічцы некалькі жанчын, якія былі разам з імі, адчулі глыбокую прысутнасць Панны Марыі. Адразу ж прыгадалася абяцанне святога айца Піо з П’етрэльчыны:

«Калі мільён дзяцей разам памоляцца Ружанец, свет зменіцца». І ў гэтым сутнасць кампаніі — верыць у моц дзіцячай малітвы. Сам Езус вучыць нас:  «Калі не станеце як дзеці, не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае» (Мц 18, 3).

З таго моманту да ініцыятывы далучыліся сотні тысяч дзяцей. З усяго свету плывуць шматлікія сведчанні, якія кажуць не толькі пра радасць дзяцей, што глыбока ўзрушыла сэрцы прысутных разам з імі дарослых, але і пра дарослых, якія самі адчулі дзеянне Божай ласкі і зрабілі Ружанец неадменнай часткай іх уласнага малітоўнага жыцця.

Чаму 18 кастрычніка

Традыцыйна кастрычнік з’яўляецца месяцам Ружанца.

Акрамя гэтага, 18 кастрычніка — свята святога Лукі Евангеліста, які распавёў нам гісторыю дзяцінства Езуса і, паводле традыцыі, лічыцца асобай, блізкай Маці Божай.

Значэнне Ружанца

 

Як пісаў Папа Ян Павел ІІ у Апостальскім лісце Rosarium Virginis Mariæ, «адкрыццё Ружанца азначае паглыбленне ў сузіранне таямніцы Таго, хто «ёсць нашым спакоем», бо «абедзве часткі чалавецтва ўчыніў адзінствам, разбурыўшы мур, што стаіць пасярэдзіне, знішчыўшы варожасць» (Эф 2, 14). <…>

Ружанец, кіруючы наш позірк на Хрыста, робіць нас таксама будаўнікамі міру ў свеце. Маючы характар пастаяннага, супольнага малення, згодна з Хрыстовым наказам, каб «маліцца заўсёды і не апускаць рук» (Лк 18, 1), Ружанец дазваляе мець надзею, што таксама сёння можна перамагчы ў такой цяжкай барацьбе, якая вядзецца за мір».

Матэрыялы для спампоўвання

мільён дзяцей моліцца на Ружанцы – 2021 (Інфармацыя)
малітва да св. Юзафа з плакатам
постэр
ліст да дзяцей
флаэр

Catholik.by

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі