З 10 кастрычніка каранавірус ў Беларусі «вызвоньваюць» царкоўным звонам. Мітрапаліт Веніямін заклікаў да вельмі сур’ёзнай малітвы

Кіраўнік БПЦ, Патрыяршы Экзарх усея Беларусі, выступіў са зваротам да праваслаўных вернікаў Беларусі. 10 кастрычніка зварот зачытваўся ва ўсіх храмах.

«Вядома, чалавек прывыкае да ўсяго, у тым ліку і да пагражаючай яму небяспекі. Аднак, як мы не маем права прывыкаць да граху, так нам нельга паслабляць клопат пра сваё здароўе і здароўе сваіх блізкіх. Хвароба ад таго, што да яе прызвычаіліся, не становіцца бясшкоднай. Але, наадварот, прыслабіўшы ўвагу, мы становімся больш безабароннымі перад ёй. Мне часта даводзіцца наведваць бальніцы, пастаянна мець зносіны з лекарамі, таму я магу засведчыць, што сітуацыя на дадзены момант вельмі няпростая», — кажа мітрапаліт.

Што прапануе кіраўнік БПЦ? Узмацніць малітву: і хатнюю, і агульнацаркоўную. Чытаць Пісанне, удзельнічаць у таямніцах, весці ўсвядомленнае духоўнае жыццё.

«Спакон веку нашы продкі падчас хвароб і эпідэмій ўзмацнялі духоўны складнік свайго жыцця. Усё гэта прыцягвала ласку Божую і адводзіла бедствы», — нагадвае мітрапаліт Веніямін.

Але не толькі гэта.

«Не варта забываць пра меры, якія змяньшаючы рызыку распаўсюджвання захворвання і могуць засцерагчы нас і нашых блізкіх. Усім нам неабходна ўважліва і адказна ставіцца да санітарных патрабаванняў, якія перасцерагаюць хрысціяніна ад дарэмнай рызыкі, абыякавага стаўлення да здароўя як у прыватным жыцці, так і пры наведванні грамадскіх месцаў», — заклікае кіраўнік БПЦ.

Кажа мітрапаліт і пра абавязак перад лекарамі: «Будзем памятаць, што бестурботнасць і абыякавасць могуць стаць прычынай перагружанасці сістэмы аховы здароўя. Задумаемся над тым, што, захоўваючы сёння сваё здароўе, кожны з нас не адцягвае і дае магчымасць урачам выратаваць жыццё таму чалавеку, які ўжо апынуўся на бальнічным ложку».

З гэтага часу каранавірус ў Беларусі будуць «вызвоніваць» званамі — так, як гэта рабілі нашыя продкі. Штодня ва ўсіх храмах Беларусі будуць здзяйсняць перазвон па такім парадку: 12 удараў у вялікі звон, потым на працягу 10 хвілін здзяйсняць перазвон ва ўсе званы.

Звон здзяйсняецца штодня ў 12:00 і ў 15:00.

Акрамя таго, з 11 па 13 кастрычніка мітрапаліт Веніямін прапануе ўсім вернікам здзейсніць 3-дзённы пост з штодзённым хатнім чытаннем канону Багародзіцы і малітвай за хворых і лекараў. Пост варта завяршыць 14 кастрычніка, у свята Пакрова.

Поўны тэкст звароту на сайце БПЦ.

 

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі