Слова біскупа Яшэўскага на распачацце дыяцэзіяльнага этапу Сіноду Біскупаў у Касцёле на Беларусі

17 кастрычніка, у Сусветны дзень місій, адмысловымі цэлебрацыямі ў катэдральных касцёлах дыяцэзій на Беларусі распачынаецца дыяцэзіяльны этап двухгадовага сінадальнага шляху, прысвечанага тэме: «На карысць сінадальнага Касцёла: камунія, удзел і місія».

Слова Старшыні Сінадальнай камісіі пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB на распачацце дыяцэзіяльнага этапу Сіноду Біскупаў у дыяцэзіях на Беларусі

Вашы Эксцэленцыі, глыбокапаважаныя браты ў святарскім і манаскім служэнні, шаноўныя кансэкраваныя асобы, дарагія браты і сёстры ў Езусе Хрысце!

Распачынаючы дыяцэзіяльны этап Сіноду Біскупаў у катэдральных касцёлах дыяцэзій на Беларусі на тэму «На карысць сінадальнага Касцёла: камунія, удзел і місія», як ключ да зразумення нашай сучаснасці і будучыні Касцёла прапаную засяродзіцца на біблійным вобразе вучняў, якія ідуць па дарозе ў Эмаус.

Узгадаем гэты эпізод з Евангелля паводле святога Лукі (Лк 24, 13–35). Два вучні, адным з якіх быў сам Евангеліст Лука, , чыё літургічнае свята будзе адзначацца ў Касцёле заўтра, уцякаюць з Ерузалема, аддаляюцца ад «слабасці» Бога. Яны шакаваныя паразай Месіі, на якога так спадзяваліся, і які цяпер здаецца безнадзейна пераможаным, прыніжаным, знішчаным у ганебнай смерці.

Складаная таямніца людзей, якія сёння аддаляюцца ад Касцёла; людзей, якія, паддаўшыся ілюзорным прапановам некаторых фальшывых «прарокаў», лічаць, што Касцёл — іх Ерузалем — больш не можа прапанаваць нічога значнага і важнага.

Расчараваныя, яны выпраўляюцца ў дарогу у самоце. Магчыма, Касцёл здаецца ім занадта слабым; можа, занадта далёкім ад іх патрэбаў; можа, занадта халодным ці абыякавым або занадта самадастаковым, вязнем свайго жорсткага спосабу камунікацыі, а магчыма, успрымаецца сучасным светам як перажытак мінулага і ўжо няздольным даць адказ новым выклікам. Сёння ёсць шмат людзей, падобных да вучняў з Эмаус, і не толькі тых, хто шукае адказы ў новых рэлігійных групах, але і тых, хто, як здаецца, жыве так, як быццам Бог не існуе.

Што ж рабіць, сутыкнуўшыся з такой сітуацыяй?

Папа Францішак вучыць, што ў такой сітуацыі неабходны Касцёл, які б не баяўся ўвайсці ў ноч гэтых людзей; Касцёл, здольны сустрэцца з імі; здольны ўключыцца ў іх размову, будаваць дыялог з тымі вучнямі, якія, уцякаючы з Ерузалема, бязмэтна блукаюць сам-насам са сваім смуткам, расчараваныя ў хрысціянстве, што сёння лічыцца бясплоднай зямлёй, якая не ў стане надаць сэнс жыццю сучаснага чалавека.

Сутыкнуўшыся з такой сітуацыяй, Касцёл павінен умець быць блізка, і не толькі для таго, каб проста выслухаць. Касцёл павінен суправаджаць у падарожжы, ісці разам з людзьмі; павінен асвятляць ноч, якая ахінула так шмат братоў і сясцёр у іх уцёках з Ерузалема.

Касцёл павінен быць здольным разгледзець у прычынах аддалення людзей шляхі іх магчымага вяртання.

Крызіс, якім бы балючым ён ні быў, з іншага боку, з’яўляецца шанцам для вырашэння праблем. Аднак для гэтага трэба ўмець паглядзець на ўсё з мужнасцю. Езус распаліў сэрцы вучняў з Эмаус, і яны казалі: «Ці ж не палала ў нас сэрца нашае?..» (гл. Лк 24, 32).

Падчас дыяцэзіяльнага этапу Сіноду Біскупаў на тэму сінадальнасці Касцёла, нам варта спытацца ў саміх сябе: ці з’яўляемся мы Касцёлам, здольным саграваць сэрцы, здольным прывесці вучняў назад у Ерузалем, дадому? У Ерузалеме — Касцёле — знаходзяцца нашыя крыніцы: Святое Пісанне, катэхізацыя, сакрамэнты, супольнасць, блізкасць Бога, Марыя, апосталы і многае іншае. Ці ў стане мы расказаць пра гэтыя крыніцы, і расказаць так, каб абудзіць захапленне іхняй прыгажосцю?

Гэта выклік для ўсяго Паўсюднага Касцёла, у тым ліку і для Касцёла ў Беларусі.

Папа Францішак на працягу ўсяго свайго пантыфікату прароча ўказвае на выклікі для Касцёла, каб наша камунія (еднасць), удзел і місія былі якаснымі і плённымі.

Па-першае, Папа ўказвае на прыярытэт фармацыі як духавенства, кансэкраваных асобаў, так і свецкіх вернікаў. Калі мы не выхаваем людзей, здольных саграваць сэрцы іншых, ісці разам з імі праз ноч, здольных сустракацца з іх ілюзіямі і расчараваннямі, аднаўляць у іх цэласнасць асобы, бачыць у першую чаргу несмяротную душу чалавека, якую трэба збавіць, а не перспектыву матэрыяльнай бяспекі, дык на што мы зможам спадзявацца ўжо сёння і ў будучыні? Гэта няпраўда, што ў людзей няма тугі па Богу. Нам трэба вучыцца глядзець глыбей: проста не хапае тых, хто сагрэе іхнія сэрцы, як адбылося з вучнямі на дарозе ў Эмаус.

Вось чаму так важна клапаціцца і развіваць якасную фармацыю ў Касцёле, якая рыхтуе асобаў, здольных выйсці ў ноч і пры гэтым не паддацца цемры, не разгубіцца і не згубіцца; здольных слухаць ілюзіі многіх і не спакусіцца; прымаць расчараванні іншых і не паддацца горычы; разумець і прымаць адметнасць іншых, але пры гэтым не страціць уласнай тоеснасці. Неабходна належным чынам фармаваць чалавечую, культурную, эмацыйную, духоўную, дактрынальную трываласць.

Трэба мець мужнасць глыбока перагледзець структуры і метады падрыхтоўкі духавенства і свецкіх у Касцёле.

Недастаткова проста зрабіць нейкія крокі ў фармацыі або ў праграмах. Для стварэння трывалых структур падрыхтоўкі на мясцовым, рэгіянальным, нацыянальным узроўнях неабходна практычная мудрасць. Гэта павінна знаходзіцца ў самым сэрцы Касцёла, які не шкадуе для іх сіл, увагі і падтрымкі. Сёння сітуацыя патрабуе кваліфікаванай фармацыі на ўсіх узроўнях, і гэта фундаментальная справа нашага Касцёла.

Па-другое, XVI Звычайная асамблея Сіноду Біскупаў на тэму сінадальнасці, якая распачынаецца, мае на мэце ўмацаваць калегіяльнасць і салідарнасць духавенства, кансэкраваных асоб і свецкіх вернікаў Касцёла.

Касцёлу недастаткова проста мець паасобных лідараў: неабходна ствараць сетку рэгіянальных «сведчанняў», якія, гаворачы ў адзін голас, забяспечвалі б усюды не ўніфармізм, а сапраўднае адзінства ў багацці разнастайнасцяў.

Камунія, узаемнасць, адзінства — гэта тканіна, якая тчэцца цярпліва і з настойлівасцю, набліжаючы валокны адно да аднаго, каб покрыва станавілася больш шчыльным і шырокім. Коўдра, сатканая з рэдкіх нітак, не грэе.

Вучні з Эмаус вярнуліся ў Ерузалем, дзе апавядалі пра свой досвед сустрэчы з уваскрослым Хрыстом (гл. Лк 24, 33–35) і ўжо там даведаліся пра іншыя Яго аб’яўленні і пра досвед сваіх братоў. Сінадальнасць Касцёла — гэта і ёсць тая жыццёвая прастора, якая дае магчымасць абмену сведчаннямі аб сустрэчах з Уваскрослым на поўначы і на поўдні, на захадзе і ўсходзе. Такім чынам, надаючы належную ўвагу лакальным і рэгіянальным элементам, жыццёва неабходна развіваць сінадальнасць. Гэта будзе спраўдным багаццем для ўсіх членаў Касцёла.

Па-трэцяе, Папа Францішак моцна пераконвае, што для ажыццяўлення місіі сінадальнага Касцёла нам неабходна пастырскае навяртанне.

Нам усім трэба памятаць пра пастаянны заклік да місіі і пра неабходнасць навяртання. Гэта два важныя сігналы для ўсяго Каталіцкага Касцёла, у тым ліку і для Касцёла ў Беларусі.

Тэрміновасць місіі зыходзіць з яе ўнутранай матывацыі. Гаворка ідзе пра перадачу спадчыны. Метад перадачы падобны да эстафетнага бегу: эстафетную палачку не кідаюць у паветра, і хто можа — няхай ловіць, а хто не можа — застанецца ні з чым. Для таго, каб перадаць спадчыну, мы ўсе як члены Містычнага Цела Хрыстовага павінны даць яе асабіста, з рук у рукі. Трэба дакрануцца да чалавека, якому хочам перадаць гэтую спадчыну.

Гаворачы пра пастырскае навяртанне, я хацеў бы нагадаць, што «пастырства» — гэта не што іншае, як практыка мацярынства Касцёла. Ён нараджае, корміць, гадуе, выхоўвае, папраўляе, лечыць, вядзе за руку і гэтак далей. Такім чынам, неабходны такі Касцёл, які здольны нанава адкрыць мацярынскае ўлонне міласэрнасці. Сёння без міласэрнасці немагчыма ўвайсці ў свет «зраненых» людзей, якім так патрэбна разуменне, прабачэнне і любоў.

Вельмі важнымі заданнямі місіі Касцёла, з’яўляюцца ўмацаванне сям’і — асновы грамадства і Касцёла; належнае выхаванне моладзі — будучага твару Касцёла; фармацыя мужчын і жанчын, а таксама бацькоў, якія маюць ключавую ролю ў перадачы веры і з’яўляюцца ў грамадстве той штодзённай сілай, якая рухае яго наперад і аднаўляе. Трэба шанаваць значэнне ўдзелу жанчын у жыцці Касцёла. Калі Касцёл страціць жанчын, то ў сваім агульным і рэальным вымярэнні ён рызыкуе застацца бясплодным.

Па-чацвёртае, Касцёл дзейнічае ў грамадстве і не можа быць вылучаны з яго. Адносна грамадства ёсць адна безумоўная рэч, якая Касцёлу асабліва неабходна, а менавіта: поўная свабода абвяшчэння Евангелля, нават калі гэта знаходзіцца ў супярэчнасці са светам, нават калі гэта ідзе супраць цячэння, трэба не баяцца абараняць скарб, які толькі ў ім захоўваецца, і каштоўнасці, якія Касцёл атрымаў і павінен быць ім верны.

Касцёл сцвярджае сваё права служыць чалавеку ў яго цэласнасці, навучаючы пра тое, што Бог адкрыў пра чалавека і яго рэалізацыю. Ён хоча наблізіць тую нематэрыяльную спадчыну, без якой грамадства рассыплецца.

Касцёл мае права і абавязак падтрымліваць запаленае полымя свабоды чалавека і адзінства чалавецтва.

Адукацыя, ахова здароўя, сацыяльнае служэнне, тэма справядлівасці, свабоды, узаемапавагі, дабрачыннасці і многае іншае — гэта пытанні і выклікі, на якія Касцёлу ёсць што сказаць. Таму што, каб адэкватна рэагаваць на выклікі сучаснасці, недастаткова мець толькі тэхнічныя рашэнні: неабходна мець глабальнае бачанне чалавека, яго свабоды, яго каштоўнасці, яго адкрытасці на трансцэндэнтнае. Таму не трэба баяцца прапаноўваць гэты ўклад Касцёла на карысць грамадства і ўносіць у яго Уцелаўлёнае Слова, са шматлікімі сведчаннямі абаронцаў і мучанікаў веры нашага Касцёла ў Беларусі.

Вашы Эксцэленцыі, глыбокапаважаныя браты ў святарскім і манаскім служэнні, шаноўныя кансэкраваныя асобы, дарагія браты і сёстры ў Езусе Хрысце!

Я падзяліўся з вамі разважаннямі на распачацце дыяцэзіяльнага этапу Сіноду Біскупаў пра сінадальнасць у нашых дыяцэзіях і канкрэтна акрэсленымі папам Францішкам кірункамі працы, якія з’яўляюцца вялікай мазаікай, створанай з маленькіх каменьчыкаў, вобразаў, формаў, праблем, выклікаў, але менавіта таму гэта — велізарны скарб. Касцёл — гэта ні ў якім разе не аднастайнасць, гэта — разнастайнасць у гармоніі адзінства.

Святы Ян Павел ІІ заклікаў да адзінства ў разнастайнасці, і так павінна быць у кожнай рэчаіснасці Касцёла.

Няхай Найсвяцейшая Панна, Маці Касцёла і Каралева Беларусі, будзе той Зоркай, якая асвятляе нашу працу і наш шлях, каб і мы, як члены Касцёла неслі Хрыста кожнаму мужчыну і кожнай жанчыне, кожнаму маладому чалавеку і кожнаму дзіцяці нашай краіны. І тады Езус Хрыстус сам будзе саграваць нашыя сэрцы і дарыць новую і моцную надзею, як гэта зрабіў з расчараванымі і разгубленымі вучнямі па дарозе ў Эмаус.

Прызываючы моц святла Духа Святога і заступніцтва святога Міхала Арханёла, апекуна Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, жадаю кожнай дыяцэзіі плённых вынікаў распачатага дыяцэзіяльнага этапу Сіноду Біскупаў.

З малітвай і благаслаўленнем,

Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB,
Старшыня Сінадальнай Камісіі пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Мінск, 17 кастрычніка 2021 г., Сусветны дзень місій

Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі