Беларусь адмовілася выдаваць Расіі Сведку Іеговы Алега Ланшакова, ён вызвалены з СІЗА

14 кастрычніка 2021 года Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь адмовіла ўладам РФ у выдачы Сведкі Іеговы Алега Ланшакова. Верніку адмянілі меру стрымання і адпусцілі на волю з брэсцкага СІЗА № 7. Ён правёў у няволі больш за два тыдні.

Ланшакоў, абвешчаны Расіяй у міждзяржаўны вышук, быў затрыманы раніцай 29 верасня ў Брэсце, дзе ён пражывае ўжо больш за год і мае від на жыхарства. Мужчына правёў 2 дні ў ІЧУ, пасля чаго намеснік пракурора горада Брэста Э. А. Пашкевіч вынес пастанову аб заключэнні Ланшакова ў СІЗА № 7 да 8 лістапада 2021 года.

Да пераезду ў Беларусь 44-гадовы вернік жыў у пасёлку Таўрычанка Прыморскага краю. У траўні 2020 года ўлады Расіі распачалі супраць Ланшакова крымінальную справу па ч. 1 арт. 282.2 КК РФ (арганізацыя экстрэмісцкай дзейнасці), па сутнасці, з-за яго веравызнання. З прычыны рэлігійных рэпрэсій на радзіме мужчына быў вымушаны з’ехаць у Беларусь.

У верасні 2021 года Ланшакоў падаў хадайніцтва аб атрыманні статусу бежанца па прыкмеце веравызнання. У бліжэйшыя тыдні яго плануюць разгледзець у дэпартаменце па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі.

Гэта не першы выпадак, калі ўлады Беларусі затрымліваюць, а затым адпускаюць на волю Сведку Іеговы з Расіі.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі