Віншаванне Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскупа Віцебскага Алега Буткевіча з нагоды афіцыйнага ўступлення арцыбіскупа Юзафа Станеўскага на пасаду Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага

«Вось я, пашлі мяне» (Іс 6, 8). Гэтымі словамі прарока Ісаі, паважаны наш брат у біскупстве, ты выказаў згоду на прапанову Святога Айца Папы Францішка прыняць у сваю пастырскую апеку найбольш адказную частку Каталіцкага Касцёла ў Беларусі — Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію. Няма патрэбы казаць пра ўзнёсласць і веліч гэтага задання, якое ў твае маладыя рукі ўкладае Божы Провід. Укладае ў не самы просты і спрыяльны час. Маеш перад сабой, шаноўны ксёндз арцыбіскуп Юзаф, шмат розных выклікаў і складаных сітуацый, сярод якіх трэба далей працягваць справу пабудовы Божага Валадарства на нашай зямлі. І таму, канечне ж, гэта вялікі высілак і нялёгкае выпрабаванне.

Аднак, як вядома, Бог разам з новымі абавязкамі дае адпаведныя здольнасці і ласку. Рыхтуючы кожнага з нас да таго ці іншага задання, Ён дае нам адпаведных людзей, якія сваім прыкладам, добрай парадай, ахвярнасцю і проста малітвай гатовыя стаць нашай апорай: своеасаблівымі «Сымонамі Кірынэйцамі», якія падтрымаюць у нясенні жыццёвага крыжа. Няхай такіх людзей будзе як мага больш, і няхай яны заўсёды будуць для цябе, паважаны ксёндз арцыбіскуп Юзаф, знакам Божай любові і клопату, прысутных асабліва цяпер, на парозе новага служэння.

Такой падтрымкай і апорай няхай стане для цябе, Эксцэленцыя, шаноўны наш Мітрапаліт, малітва вернікаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, спагада і адкрытасць іх сэрцаў, сыноўняя адданасць святароў, братоў і сясцёр манаскіх супольнасцяў, а таксама наша, біскупаў Беларусі, братняя лучнасць і малітва. Трымай высока планку біскупскага служэння, каб аўтарытэт Каталіцкага Касцёла ў нашай Краіне, здабыты, між іншым, тваімі годнымі і паважанымі папярэднікамі, і надалей быў моцным і сведчыў аб трываласці хрысціянскіх каштоўнасцяў на нашай зямлі.

Няхай заступніцтва Найсвяцешай Панны Марыі, Маці Божай Будслаўскай, Маці Міласэрнасці, а таксама святога Юзафа, твайго, Эксцэленцыя, асаблівага Апекуна, як і магутная апека святога Міхала Арханёла — Апекуна Касцёла ў Беларусі, неадступна спадарожнічаюць табе, шаноўны ксёндз арцыбіскуп Юзаф, на новым шляху служэння каталіцкаму Касцёлу ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і ва ўсёй нашай краіне.

«Няхай Бог цябе благаславіць і сцеражэ. Няхай Ён распраменіць над табой сваё аблічча і адорыць сваёй ласкай!» (пар. Ліч 6, 24–25). У добры шлях, з Богам!

Старшыня ККББ

✠ Алег Буткевіч
Біскуп Віцебскі

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com
23.10.2021 Беларусь| Тэгі:




Блогі