Папа Францішак: толькі любоў можа прыцягнуць і змяніць сэрца чалавека

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 27 кастрычніка прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI, Папа Францішак працягнуў катэхетычны цыкл аб Пасланні да Галатаў.

Фота: Paul Haring / CNS

Як паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец заўважыў, што ўсё прапаведванне святога Паўла было засяроджана на Езусе і Яго пасхальнай таямніцы, а галатам, якія «мелі спакусу закласці ў аснову сваёй рэлігійнасці захаванне запаведзяў і традыцый, ён нагадваў пра галоўную падзею збаўлення і веры: смерць і ўваскрасенне Пана».

На думку Папы Францішка, нават і сёння многія людзі шукаюць у першую чаргу «рэлігійнай бяспекі», а не «жывога і сапраўднага Бога, засяроджваючыся на рытуалах і прадпісаннях, а не на тым, каб усёй сваёй сутнасцю прыняць Бога любові».

Гэта спакуса «новых фундаменталістаў», якіх «палохае шлях наперад», і таму яны «вяртаюцца назад, бо так адчуваюць сябе ў бяспецы». Павел жа прасіў «вярнуцца да істотнага; да Бога, які дае нам жыццё ва ўкрыжаваным Хрысце».

«Калі губляем нітку духоўнага жыцця, калі нас пераследуюць тысячы праблем і думак, прымем параду Паўла: станем перад Укрыжаваным Хрыстом, пачнем зноў з Яго, возьмем у рукі ўкрыжаванне, прыціснем яго да сэрца або паўдзельнічаем у адарацыі Эўхарыстыі, у якой Езус з’яўляецца Хлебам, ламаным за нас; Укрыжаваным Уваскрослым; сілай Бога, які ўлівае сваю любоў у нашыя сэрцы», — заклікаў Пантыфік.

Папа Францішак заўважыў, што калі мы сустракаем Укрыжаванага Езуса ў малітве, атрымлівае дар Святога Духа, які з’яўляецца пачаткам духоўнага жыцця. «Гэта Ён змяняе сэрца: не нашыя ўчынкі, а дзеянне Святога Духа ў нас! Гэта Ён кіруе Касцёлам, а мы пакліканы быць паслухмянымі Яго дзеянню, якое дзьме, куды і як хоча», — сказаў Папа, падкрэсліваючы, што менавіта Святы Дух пераканаў нават самых упартых з апосталаў у тым, што Евангелле Езуса адрасавана ўсім, а не вузкаму колу прывілеяваных.

«Такім чынам жыццё супольнасці адраджаецца ў Святым Духу і заўсёды дзякуючы Яму мы ўмацоўваем нашае хрысціянскае жыццё і працягваем нашую духоўную барацьбу», — сказаў Пантыфік.

Святы Айцец заўважыў, што ў Пасланні да Галатаў апостал паказаў два супрацьлеглыя бакі духоўнай барацьбы чалавека: «учынкі цела» і «плады Духа». «Учынкі цела» — гэта паводзіны, што супярэчаць Божаму Духу. Апостал назваў іх так «не таму, што ў чалавечым целе ёсць нешта няправільнае ці дрэннае», але таму, што яны датычацца «выключна зямнога вымярэння чалавека, замкнёнага ў самім сабе, у гарызантальным жыцці, які кіруецца нізкімі інстынктамі і закрывае дзверы для Духа, што ўздымае і адкрывае на Бога і іншых людзей». Да гэтых учынкаў адносіцца «эгаістычнае выкарыстанне сексуальнасці, магічныя практыкі, якія з’яўляюцца ідалапаклонствам і пагражаюць міжасобасным адносінам: «варожасць, спрэчкі, зайздрасць, гнеў, сварлівасць, звады» (пар. Гал 5, 19–21), — нагадаў пастыр паўсюднага Касцёла.

Ён падкрэсліў, што пладамі Духа, наадварот, з’яўляюцца «любоў, радасць, супакой, доўгацярплівасць, лагоднасць, дабрыня, вернасць, далікатнасць, стрыманасць» (Гал 5, 22). «Хрысціяне, які праз хрост „апрануліся ў Хрыста“, пакліканы жыць такім чынам. Цудоўнае духоўнае практыкаванне можа заключацца ў тым, каб перачытаць спіс святога Паўла і паглядзець на свае ўласныя паводзіны, каб убачыць, ці суадносяцца яны, ці сапраўды мы жывем паводле Святога Духа, ці прыносіць наша жыццё такія плады. Напрыклад, першыя тры — любоў, радасць і супакой. Па іх пазнаецца, ці жыве ў чалавеку Святы Дух», — сказаў Пантыфік.

На думку Святога Айца, «гэтае настаўленне апостала ставіць цудоўны выклік перад нашымі супольнасцямі». «Часам у тых, хто набліжаецца да Касцёла, складаецца ўражанне, што яны сутыкаюцца са шчыльнай масай загадаў і прадпісанняў <…>. Так можа быць у нейкім таварыстве, а не ў Касцёле!

На самай жа справе нельга зразумець прыгажосці веры ў Езуса Хрыста на аснове вялікай колькасці запаведзяў і нейкага маральнага бачання, якія, развіваючыся ў мноства плыняў, могуць прымусіць нас забыцца пра першапачатковую плённасць любові, што сілкуецца малітвай, адорвае нас супакоем і радасным сведчаннем.

У той жа час, жыццё Духа, якое выражаецца ў сакрамэнтах, не можа быць задушана бюракратыяй, што перашкаджае доступу да ласкі Духа, творцы навяртання сэрца <…>. Таму мы нясем вялікую адказнасць за абвяшчэнне ўкрыжаванага і ўваскрослага Хрыста, натхнёнае подыхам Духа любові, бо толькі Любоў мае сілу прыцягнуць і змяніць сэрца чалавека», — завяршыў катэхезу Папа Францішак.

Catholic.by

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі