Арцыбіскуп Станеўскі наведаў Беразіно, дзе будуецца касцёл Маці Міласэрнасці

Увечары 16 лістапада, ва ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Міласэрнасці (Маці Божай Вастрабрамскай), Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі надведаў парафію ў Беразіно, дзе ў гэты дзень адзначаўся парафіяльны адпуст.

У мястэчку на Бярэзіне, якое знаходзіцца на палове дарогі з Мінска да Магілёва, каталіцкая супольнасць вядомая з XVII стагоддзя. Касцёл, пабудаваны тут у сярэдзіне ХІХ стагоддзя, быў знішчаны падчас Першай сусветнай вайны. Парафія ў Беразіно адрадзілася ў 1992 годзе, вядзецца будаўніцтва новага касцёла, а пакуль вернікі на чале са сваім пробашчам ксяндзом Андрэем Фёдаравым моляцца ў невялікай часовай каплічцы, абсталяванай для рэлігійных патрэб у звычайным жылым доме. Мясцовая каталіцкая супольнасць — адзіная ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, якая мае тытул Маці Божай Міласэрнасці.

З нагоды парафіяльнай урачыстасці ў гонар Маці Міласэрнасці, пад чыёй асаблівай апекай знаходзіцца парафія ў Беразіно, арцыпастыр сустрэўся з мясцовымі вернікамі на супольнай малітве і ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы.

Перадусім арцыбіскуп падзякаваў пробашчу і вернікам за іх клопат пра веру і намаганні па будаўніцтве святыні — дома для Маці Божай. Іерарх асаблівым чынам падзякаваў святару за апеку над вернікамі, якія жывуць на берагах паўнаводнай Бярэзіны.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Станеўскі заахвоціў удзельнікаў урачыстасці наследаваць прыклад Найсвяцейшай Панны Марыі і разам з Ёй, пакорнай Слугой Пана, адказваць Богу «так».

«Бог паважае нашу свабоду, якой сам нас адарыў. Са свайго боку, мы не павінны толькі „падтакваць“, калі не маем намеру выканаць дадзеныя Яму на хросце абяцанні.

Калі ж сапраўды хочам выконваць Яго волю, але баімся, што не хопіць сіл і здольнасцяў, будзем прасіць дапамогі ў Марыі, Маці Міласэрнасці», — адзначыў арцыпастыр.

Ён заўважыў, што парафія ў Беразіно мае прывілей, які дазваляе мясцовым парафіянам і гасцям больш глыбока перажыць незвычайныя рэчы ад Пана. «У невялічкай капліцы з-за яе малых памераў абраз Маці Божай Вастрабрамскай змешчаны, як мы кажам, на адлегласці выцянутай рукі. Вось Яна, наша Матуля, так блізка. Мы можам добра разгледзець Яе аблічча.

Як мала хто, мы маем тут магчымасць заўважыць лёгкую ўсмешку Марыі: далікатную, поўную любові і таямнічай глыбіні. Здаецца, што мы чуем, як Марыя вядзе малітоўны дыялог з Богам.

Ледзь прыкметны смутак на Яе твары перамяняецца ў лагодную ўсмешку прывітання і прыняцця Божага Сына ў сваё ўлонне. Вось чаму варта яшчэ больш наблізіцца да Бога, бо той, хто знаходзіцца блізка да Бога і Марыі, больш бачыць, разумее і чуе», — падкрэсліў арцыбіскуп.

Ён заахвоціў вернікаў суцішыць свае сэрцы перад малітвай, каб пачуць голас Бога: так, як гэта зрабіла Марыя. «У цішыні, у непасрэднай блізкасці, Божая воля становіцца больш бачнай і зразумелай», — дадаў арцыпастыр.

Згадаўшы цяжкія часы пераследу веры і Касцёла, арцыбіскуп Станеўскі зазначыў, што тады, «калі некаторым здавалася, што Бог пакінуў, забыўся пра нас, тады з вамі, з усімі намі была Панна Марыя.

Маці Міласэрнасці нас не пакінула, яна нас абараняла», — сцвердзіў іерарх.

На заканчэнне арцыбіскуп Станеўскі пажадаў хутшэйшага завяршэня будаўніцтва касцёла, які назваў «Бярэзінскім Бэтлеемам», і ўдзяліў прысутным пастырскае благаслаўленне.

  Фота: кс. Юрый Ясевіч / Catholic.by

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі