«Пеклачка ў Брузгах на мяжы ў 100 км ад нас». Што кажуць пра сітуацыю з уцекачамі хрысціянскія блогеры

Мы правялі невялікі агляд абмеркаванняў у Facebook сітуацыі з уцекачамі, у якіх удзельнічаюць як духоўныя асобы розных канфесій, так і вернікі.

photo_2021-11-08181719-co499

«Я абяцаў вам распавесці, што гаворыць Біблія пра мігрантаў. Давайце пагаворым. У Святым Пісанні ёсць нямала прароцтваў, запаведзяў і гісторый пра мігрантаў. Напрыклад, каталіцкі святар а. Георгій Мартышэўскі нагадвае запаведзь «Не прыгнятай перасяленца.  А пастар Веніямін Брух гаворыць, што атрымлівае дабраслаўленне тая зямля, якая прымае мігрантаў. Напрыклад, такі дабраслаўлёны край, як Амерыка, стаў такім менавіта таму, што спрадвеку прымаў мноства мігрантаў», — прапаноўвае  тэму для сур’ёзнай гутаркі баптысцкі пастар і журналіст Леанід Скарабагаты.

«Палітэмігрантамі ў свой час былі святы Піліп (ды і шмат якія іншыя вучні Хрыста), праведны Лот, псальмаспеўца Давід, прарок Ілія. Сам Дзіця Ісус з сям’ёй былі ўцекачамі, ратуючыся ад злобнага цара Ірада.

Хто з нас, жывучы цяпер у Беларусі, можа з упэўненасцю сказаць, што ніколі не стане ўцекачом? Як гаворыцца, ад турмы, сумы і эміграцыі не заракайся.

255136759_591832512032749_5325399049438827452_n

Акром палітэміграцыі ёсцт яшчэ так званая эканамічная эміграцыя, пошук лепшага жыцця. Такімі былі праайцы Абрагам, Ісаак і Якуб, бабуля цара Давіда Рута. Як бачым, тут няма нічога сорамнага. Шукаць лепшага жыцця не грэх.

Што тады не так? Прачытаем яшчэ некалькі тэкстаў.

1) «Хай будзе ў вас адзін закон і для перасяленца, і для карэннага жыхара краіны. Бо Я — Гасподзь, Бог ваш». (Кніга Святарская 24:22). У нашым жа выпадку мы бачым, што часам не да законаў.

2) «Пракляты хай будзе той, хто зрушвае межы блізкага свайго! І ўвесь народ хай скажа: «Амін!» (Кніга Другі закон 27:17). Тут, па-мойму, без каментараў.

3) «Праўду, праўду кажу вам: хто не дзвярыма уваходзіць у двор авечы, а пералазіць дзе-небудзь, той злодзей і разбойнік» (Евангелле Яна 10:1).

Ёсць і іншыя тэксты, якія кажуць, што госці, як мінімум, не маюць рацыі», — падводзіць вынік баптысцкі пастар.

Сярод каментараў пад месенджам баптысцкага блогера дамінуе думка аб тым, што вырашаць праблему прыехалых павінен той, хто іх «запрасіў», але ніяк не шараговыя грамадзяне.

«Хаця я й сам пратэстант, але я вымушаны прызнаць: у пратэстанцкіх цэрквах Беларусі пад маркай хрысціянства ідзе прапаганда амерыканскага ладу жыцця», — піша каментатар.

255174606_591832448699422_4311062668902742828_n

Пост, які вельмі хутка распаўсюдзіўся ў акаўнтах цалкам ці цытатамі, заўважылі ў Расіі. З адказам прыхільнікам «нейтралітэта» альбо ваяўнічага «вон з нашай зямлі» выступіў папулярны праваслаўны блогер святар Якаў Кротаў: «Аказваецца, ксенафобы ў Беларусі не дапамагаюць уцекачам, цытуючы Евангелле: «Хто не дзвярмі ўваходзіць у двор авечы, але пералазіць дзе, той злодзей і рабаўнік». Гэта прыгожа!».

У Беларускай Каталіцкай царкве таксама не ўсе пагадзіліся з трактоўкай «маральнага абавязку», прапанаванай заявай Канферэнцыі Каталіцкіх біскупаў Беларусі.

«Беларусь не мае агульнай мяжы з Германіяй. Агульнавядома, што з Беларусі няма магчымасці непасрэдным чынам трапіць у Еўрасаюз паветраным шляхам. Незразумела, на што разлічвалі тыя, хто набывалі квіткі ў РБ, плануючы свой шлях у Еўрасаюз. Дзесьці здаецца была інфармацыя аб тым, што літоўская амбасада прапанавала палітычны прытулак, пры ўмове што зацікаўленыя звернуцца ў дыпламатычную пляцоўку ў Мінску. І здаецца, інфармацыі аб чэргах не было. Аб якім маральным абавязку нам нагадваюць у такіх умовах?», — піша ў сваім акаўнце  каталіцкі святар з Магілёўшчыны.

Думку яго, мяркуючы па колькасці лайкаў і злосных каментараў «у падтрымку», падзяляюць шматлікія вернікі, у тым ліку, кансерватары, што сцвярджаюць: усё, што мае дачыненне да ўсходніх культур — татальнае зло.

255272161_591832568699410_4011776562381191739_n

«Дапамагчы мігрантам трэба. Не так важна, вінаватыя яны асабіста ці не, што трапілі ў такую сітуацыю. Відавочны факт — людзі ў бядзе. Але ПРЫНЦЫПОВАЕ ПЫТАННЕ! Ці панясуць адказнасць і ці ўнясуць свой унёсак у вырашэнне гэтай гуманітарнай катастрофы тыя турфірмы, якія зарабілі грошай на продажы такіх дзіўных тураў у Беларусь?, — піша яшчэ адзін хрысціянскі духоўны лідар, праваслаўны святар з Гродзеншчыны протаіерэй Георгій Рой.

І, калі адныя падпісчыкі рэагуюць каротка — «Айцец, дзякуй за тэкст», дык іншыя ярасна не пагаджаюцца.

«А чым менавіта ім трэба дапамагаць? Яны хочуць прарвацца ў Германію. Ім выдаць аўтаматы, гранатамёты, бтры і танкі для прарыва праз мяжу?», — парыруе каментатар, на што святар адказвае: «Яны мёрзнуць і без ежы. Яшчэ я дапамог бы ім вярнуцца дадому.».

«Усё як заўсёды. І хоць бы што новае з’явілася пад сонцам. Вялікія дзядзі рубяць лес, адно галінкі ляцяць. Пеклачка ў Брузгах на мяжы ў 100 км ад нас. Тысячы людзей, што бягуць са сваіх краінаў да хоць якога падабенства да жыцця. Амаль зіма, мінусавая тэмпература, пад адкрытым небам жанчыны і зусім малыя дзеці, голад, холад, нямецкія аўчаркі, слёзатачывы газ. Вітай, 21 век, век асветы, мудры, узбагачаны нанатехналогіямі, вызнаючы высокія маральныя цноты, ідэі гуманізма, законнасці, справядлівасці», — піша  настаяцельніца манастыра святога Паісія Святагорца, што будуецца ў лесе пад Лідай манахіня Касіяна (Купаленка).

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі