Вернікі Касцёла ў Беларусі праз Caritas перадалі дапамогу мігрантам на граніцы

18 лістапада прадстаўнікі Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas сумесна з прадстаўнікамі іншых канфесій перадалі дапамогу людзям, якія сталі ахвярамі міграцыйнага крызісу і апынуліся ў нялюдскіх умовах на граніцах Беларусі.

2021-11-18-migratns-005

Вернікі па ўсёй краіне ў духу хрысціянскай міласэрнасці і спачування адгукнуліся на просьбу беларускіх каталіцкіх біскупаў арганізаваць матэрыяльную дапамогу тым, якія побач з намі «церпяць з прычыны голаду, холаду, адсутнасці даху над галавой і элементарнай медыцынскай дапамогі».

Таксама Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч у адмысловым паведамленні адносна крызісу з мігрантамі на беларуска-польскай граніцы звярнуў увагу мясцовага Касцёла на гэтую праблему. Нагадаўшы словы Святога Айца Папы Францішка, які заклікаў «запэўніць мігрантам годныя ўмовы жыцця», яго прадстаўнік у нашай краіне, між іншым, адзначыў:

«У гэты момант неабходная салідарнасць усіх, каб перадусім ратаваць жыцці людзей і каб прыйсці да найлепшага рашэння для тых, хто знаходзіцца на граніцы. Немагчыма проста глядзець на тысячы людзей, якія апынуліся на мяжы паміж жыццём і смерцю, чакаючы трывалых рашэнняў», — напісаў нунцый Ёзіч.

Паслухмяныя закліку сваіх духоўных пастыраў і голасу ўласнага сумлення, шматлікія вернікі з розных мясцін нашай Бацькаўшчыны ў духу братэрства ўсіх людзей, пра якое ў сваім вучэнні нястомна гаворыць Папа Францішак, вырашылі падзяліцца з патрабуючымі. Нашы людзі, якія часта самі жывуць у складаных матэрыяльных умовах, праявілі шчодрасць у адносінах да тых, хто пакінуў свае краіны ў пошуках лепшага жыцця ў свеце, але ў выніку маніпуляцый моцных гэтага свету апынуўся ў крытычнай сітуацыі.

Сабраная такім чынам за некалькі дзён дапамога была дастаўлена прадстаўнікамі ДКТ Caritas у вялікі лагістычны цэнтр непадалёк ад дзяржаўнай граніцы, што стаў часовым прытулкам для мігрантаў з краін Блізкага Усходу, сярод якіх нямала жанчын і дзяцей.

Як паведаміў Catholic.by дырэктар Caritas Беларусь ксёндз канонік Андрэй Аніскевіч, мігрантам былі перададзены прадуктовыя наборы і цёплыя рэчы. Да акцыі далучыліся таксама прадстаўнікі іншых хрысціянскіх канфесій.

Акрамя канкрэтнай матэрыяльнай дапамогі, якая павінна хоць крыху падтрымаць мігрантаў у складанай сітуацыі, беларускія католікі няспынна моляцца аб найхутчэйшым вырашэнні ўзніклага крызісу на граніцах нашай Бацькаўшчыны, ад якога церпяць людзі.

Па словах нунцыя Ёзіча, Каталіцкі Касцёл з вялікай увагай назірае за цяперашняй сітуацыяй, звязанай з крызісам з мігрантамі на беларуска-польскай граніцы. 9 лістапада іншы ватыканскі дыпламат, Сакратар Святога Пасаду па адносінах з дзяржавамі арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, знаходзячыся з візітам у Маскве, заклікаў «усе бакі прыняць на сябе адказнасць і вырашыць гэты вельмі сур’ёзны гуманітарны крызіс».

Спадзеючыся на яго як найхутчэйшае вырашэнне, беларускія вернікі не застаюцца ў баку і чым могуць дапамагаюць людзям, якія трапілі ў бяду на нашай зямлі.

Catholic.by

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com
18.11.2021 Беларусь| Тэгі: ,




Блогі