Айцец Сергій Лепін: «Сёння Парусія – не нагода адпадзення ад Царквы, а, хутчэй, нагода далучыцца да яе»

Праваслаўны святар и блогер протаіерэй Сергій Лепін разважае ў сваім акаўнце ў facebook аб тым, што «і чаканне Другога Прышэсця Госпада павіннае быць напоўненае жыццё хрысціяніна».

Пры тым, што дата Вяртання не названая, разважае святар, «апосталы і іх бліжэйшыя вучні верылі, што гэта станецца «вось-вось», а ў пасланнях апостала Паўла нескладана заўважыць паступовую змену інтанацый ад упэўненасці, што «з дня ў дзень», да сумневаў у тым, што сам ён, Павел, будзе яшчэ жывы, калі надыйдзе «дзень Хрыста».

Нагадвае а. Сергій Лепін і пра побытавыя патрэбы тых, хто перад Сконам раздаў сваё майно: ісці няма куды, есці няма чаго, а Хрыста няма.

У гісторыі хрысціянства гэтая праблема, пазначаная як «затрымка Парусіі» ці «Прыйсця», вывучаецца як нагода для адпадзення ад Царквы і з’яўлення ерасяў: ад «Ён увогуле не прыйдзе» да «Ды гэта ж я!»

«Хрысціянін не можа не чакаць Хрыста. Не павінен яго не чакаць. Але сёння для большасці гэтае чаканне замененае адно фармальнай згодай з тым, што Хрыстос аднойчы прыйдзе, але ўжо невядома калі, у будучым бясконца нявызначаным часе. Тэма Скону часоў на практыцы замяняецца разважаннямі вакол хуткаплыннасці ўласнага жыцця, пагрозы смерці без пакаяння – гэта значыць, культывацыяй заклапочанасці асабістага канца. Бацюшка, які раптам пачне прапаведваць пра «хутка станецца вось-вось» альбо хворы на ўсю галаву, альбо знаходзіцца ў спакусе», – разважае святар.

Нішто ў жыцці самой Царквы на ўсіх узроўнях яе арганізацыі не ўяўляе карціну чакання Скону. На ўзроўні Царквы таксама культывуецца чаканне – але ўжо не смерці, не, а таго, што прыйдзе яшчэ нешта больш страшнае: здарыцца глабалізацыя, напрыклад. Але вы ўзгадайце, як у «Фаусце» у Гётэ апісваюцца ўмовы дамовы з Мефістофелем продажу таму душы Фаўста? Душа Фаўста пяройдзе новаму гаспадару як толькі той скажа «Остановись, мгновенье, ты прекрасно!» Праблема затрымкі Парусіі нікуда не дзелася, мы проста навучыліся з ёй жыць. Нават больш за тое: нам спадабалася! Сёння Парусія – не нагода для адпадзення ад Царквы, а, хутчэй, нагода для далучэння да яе», – робіць выснову а. Сергій.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі