Пакутная пілігрымка з Навагрудка ва Уселюб правялі каталіцкія вернікі 20 лістапада як знак перапрашэння за грахі супраць жыцця. 52 белых крыжа, з якімі ўдзельнікі пілігрымкі выйшлі ў шлях, сімвалізуюць сумную статыстыку – па некаторых дадзеных, кожны дзень у Беларусі ад абортаў забіваецца 52 дзіцяці.
Пілігрымка адбылася ў межах міжнароднага малітоўнага кангрэсу “У абарону жыцця”, які праходзіў 18-21 лістапада ў Навагрудку, паведаміла яго ўдзельніца Марына Валасар.
— Падчас пілігрымкі вернікі маліліся ўсімі чатырма часткамі Ружанца, Вяночкам да Божай Міласэрнасці, таксама былі сведчанні розных людзей, якія служаць у абарону жыцця або былі сведкамі Божых цудаў у сваім жыцці ў гэтай сферы. Затым ва Ўселюбе была невялікая канферэнцыя ксяндза Віталія Цыбульскага, — дадала ўдзельніца.
Дата пачатку кангрэсу невыпадковая. Менавіта 18 лістапада 101 год таму камуністычныя ўлады легалізавалі аборты — у тым ліку на тэрыторыі цяперашняй Беларусі. Сярод тых, хто выступаў з дакладамі на кангрэсе – арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, доктар тэалогіі святар Франчэска Джардана, сацыёлаг, пісьменніца Габрыэла Кубі.