«Я тут, бо я каталічка». У апошнім слове на судзе Вольга Залатар гаварыла пра сваю веру

Залатар

Вольга Залатар, маці пяці дзяцей, прызнаная праваабаронцамі палітычнай зняволенай, выступіла 30 лістапада ў судзе з апошнім словам.

Пракурор запрасіла для Вольгі 5 гадоў пазбаўлення волі. Прысуд па справе Вольгі Залатар павінен быць агучаны ў Мінскім гарадскім судзе 3 снежня ў 10.00.

Вольгу Залатар абвінавачваюць у кіраванні экстрэмісцкім фарміраванне і фінансаванні акцый пратэстаў, а таксама ва ўдзеле ў іх. Суд над ёй распачаўся 15 лістапада гэтага года.

У апошнім слове Вольга Залатар казала аб сваёй веры.

«Я тут, бо я неабыякавы чалавек. Я тут, бо я жыву па Божых Запаветах. Як мама і каталічка я стаю на варце чалавечай годнасці і духоўных каштоўнасцяў. Усе мае дзеянні і выказванні прадыктаваныя любоўю да людзей і нянавісцю да хлусні і гвалту. Мы ўсе — дзеці Божыя. Кожны з нас мае патэнцыял зрабіць гэты свет падобным да Валадарства Божага, дзе пануе любоў. У Валадарстве Божым няма нянавісці, хлусні, зайздрасці, помсты і страху», — сказала ў судзе Вольга Залатар.

«Маё сэрца рвецца на часткі, бо градус нянавісці расце, павялічваецца колькасць болю і крыўдаў. Неабходна пакаянне і ўзаемнае прабачэнне. Толькі так магчыма спыніць грамадска-палітычны крызіс ў краіне. У матэрыялах справы маім дзеянням нададзены сэнс, які я не мела на ўвазе: звычайныя чалавечыя ўчынкі, рэакцыі, пачуцці крыміналізаваныя. У матэрыялах справы ёсць фота з плакатам, на якім напісана «Мір, любоў, свабода!». І я падпісваюся пад кожным словам. Я хачу міру для сваёй роднай краіны», — патлумачыла Вольга сваё стаўленне да пратэстаў мінулага году.

«Я хачу, каб у маёй краіне панавала любоў да Бога і людзей», — завяршыла сваю прамову Вольга.

Вольга Залатар скончыла лицэй БГУ і факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ. Мае Ордэн маці. Старэйшай дачцы з яе пяці дзяцей 17 гадоў, малодшаму сыну — 4 гады.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі