Архіепіскап Гурый: Мігранты бягуць у Еўропу ад наступстваў «каляровых рэвалюцый»

Гурый

«Увесь свет назіраў, як тысячы мігрантаў на беларуска-польскай мяжы, спрабуючы патрапіць у Еўропу, сустрэлі далёка не хрысціянскі прыём. Польскія сілавікі «віталі» іх вадамётамі, слезаточывай газай, светлашумовымі гранатамі. Без літасці. Без спачування. А сярод жа няшчасных мігрантаў — цяжарныя кабеты, шмат маленькіх дзяцей. Палітыкі назвалі гэта гуманітарнай катастрофай. Толькі вось падыходзіць тут больш іншы выраз — катастрофа расчалавечвання», – пракаментаваў крызіс на беларуска-польскай мяжы архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый.

У жаданні выхадцаў з Ірака і іншых краін пакінуць сваю зямлю і пасяліцца ў Еўропе кіраўнік Навагрудскай епархіі вінаваціць менавіта Еўропу – мэту мігрантаў.

«Палітыка заходніх дзяржаў, якія спрабавалі навязаць жыхарам Бліжняга Усходу і Паўночнай Афрыкі дэмакратыю і «лепшае жыццё » праз бабмбёжку гэтых краін, дае свае вынікі. Ірак быў заможнай і развітай, адной з самых уладкаваных краін Юліжняга Усходу, пакуль міжнародная кааліцыя на чале з ЗША не пачала там насаджаць свае «каштоўнасці». Сімвалічны зыход ЗША з Ірака ў 2011 годзе адбыўся, але праблемы ў краіне з-за рэлігійных і этнічных супярэчнасцяў засталіся. Вось людзі і бягуць ад іх, спадзяючыся на лепшае жыццё для сваіх дзяцей. І не толькі ж з Ірака», — разважае іерарх на сайце  Навагрудскай епархіі.

«Так, 20 гадоў насаджалі амерыканцы «дэмакратыю» у Афганістане, а калі надакучыла — імкліва пакінулі, пакінуўшы на расцярзанне насельніцтва. Разбамбілі Сірыю — краіну, старажытныя рэшткі архітэктуры якой датуюцца навукоўцамі яшчэ X-VII тысячагоддзямі да нашай эры. А «каляровыя рэвалюцыі» у Іране, Лівіі, Венесуэле? Ці ж варта здзіўляцца, што людзі, стаміўшыся гадамі жыць пад бамбёжкамі, шукаюць лепшага жыцця?», — пералічвае архіепіскап Гурый прычыны масавай міграцыі.

«Людзі ж бягуць у Еўропу таму, што іх туды запрашалі. Але гэтае запрашэнне апынулася ні чым іншым, як фальшывым квітком», — не ўдакладняе іерарх, хто менавіта запрашаў, але рэзюміруе: «На хлусні і двудушшы сёння сусветныя дзяржавы спрабуюць выбудаваць адносіны, і, як вынік, працэс расчалавечвання набірае ўсё большыя абароты. Гэта характэрная прыкмета сучаснага этапа сусветнай гісторыі».

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі