Будслаўская парафія запрашае прыняць удзел у дабрачынным Калядным кірмашы. Усе атрыманыя сродкі накіруюць на рамонтныя працы ў касцёле.
— Мы хочам зрабіць кірмаш, на які кожны жадаючы можа прынесці свае падарункі і кожны жадаючы можа забраць сабе нейкі сувенір за любую суму ахвяраванняў, — тлумачаць арганізатары. — Прыносьце сувеніры, статуэткі, гліняны посуд, карціны, цацкі — усё, што вы ўмееце рабіць, усю вашу творчасць.
Збор працягнецца да 19 снежня, затым пачнецца кірмаш. Пункты збору падарункаў: касцёл у Будславе, касцёл на Залатой Горцы ў Мінску (пр. Незалежнасці, 44 а).
Паводле інфармацыі парафіі, на адбудову святыні пасля пажару ў траўні 2021 году сабрана звыш 1 млн 120 тыс. рублёў ахвяраванняў. Нагадаем, базыліку цалкам накрылі часовым дахам, умацавалі купал. Але ёсць неабходнасць далей працягваць рамонтныя працы.