Кот і Божае Валадарства

Пра ката, апроч пары ўзгадак у старым запавеце ў Ісаі 34,14 і ў пасланні Ераміі 1,21, нічога няма ў Бібліі; ёсць пра ліліі палявыя. У нагорнай пропаведзі Хрыстос казаў: “Паглядзíце на лілеі палявыя, як яны растуць: не працуюць і не прадуць. Але кажу вам, што і Саламон ва ўсёй славе сваёй не апрана́ўся так, як кожная з іх.” (Мц 6, 28-29) Гэтымі словамі Ісус заахвочваў правільна растаўляць прыярытэты ў жыцці і перадусім шукаць Валадарства Божага.
Думаю, калі Біблія пісалася б у нашыя часы, то ў ёй непазбежна з’явіўся б кот.
А Ісус, калі б прапаведваў сёння надыход Валадарства Божага ды імкнуўся нас пераканаць, што ў ім Бог задбае пра кожнага, сказаў бы так…
Паглядзіце на ката: не працуе, нічога карыснага не робіць, а мае найлепшае месца ў кожным доме, ежы ўдосталь, а ўвагі чалавекам прысвячаецца яму параўнальна столькі ж, калі не больш, як любым топавым навінам з жыцця людзей.
Так, можа і не кожны з нас у гэтым свеце, на ўзор найлепшых герояў з галівудскіх блакбастэраў, выконвае місію ратавання свету і ўсяго толькі праводзіць спакойнае ды мала кім заўважнае жыццё. Некаторыя можа і насамрэч мала што карыснага здолелі зрабіць у сваім жыцці, а хтосьці можа нават і парадкам нашкодзіў, так як часцяком робяць каты, бо яны ж перакананыя, што самыя з’яўляюцца гаспадарамі ў доме, а не дзвюхногія істоты (людзі) прадназначэнне каторых карміць гэтых самых катоў.
Бог, у незалежнасці ад усіх вышэй пералічаных абставінаў, да кожнага з нас адносіцца значна лепш, чым любы гаспадар да свайго ката. Госпад бачыць кожнага чалавека, памятае нават пра тых, пра існаванне каго магчыма забыўся ўвесь свет. Для Бога кожны чалавек стаіць у цэнтры гісторыі свету.
Евангеліст Лука піша:
“У пятнаццаты год панавання Тыберыя цэзара, калі Понцій Пілат панаваў у Юдэі, а Ірад быў тэтрархам у Галілеі, Філіп, брат ягоны — тэтрархам у Ітурыі і Траханідскім краі, а Лізанія — тэтрархам у Абіленах; пры першасвятарах Анне і Каяфе, было скіравана слова Божае да Яна, сына Захарыі, у пустыні.” (Лк 3, 1-2).
Тут мова пра Яна Хрысціцеля. Аўтар нібы наўмысна пералічвае розных прадстаўнікоў улады, як Рымскай так і мясцовай. Узгадвае і палітычных кіраўнікоў, і рэлігійных лідэраў. А разам з тым падкрэсліваючы наяўнасць у свеце тых, якія лічылі, што яны ўжо знаходзяцца на самай вяршыні піраміды ўлады; кажа, што слова ад Бога было скіравана ў пустыні нейкаму Яну, а зусім не тым вялікім, якія меркавалі, што толькі Бог цяпер можа з імі параўнацца.
Канешне, такі падыход Бога не спадабаецца некаторым хрысціянам, якія з зямной улады ўтварылі сабе ідала і лічаць, што яе нельга крытакаваць, яе нельга змяняць, ад яе нельга нічога патрабаваць, а трэба толькі слухацца і шанаваць.
Вось тут, калі б некаторыя разчароўваліся з прычыны Божага выбару, кот бы шчыра пасмяяўся над людскім расчараваннем, ды каленапрыхільніцкім падыходзе да злачыннай зямной улады. Бо кожны кот добра ведае: навошта служаць тапкі і што з імі трэба рабіць, калі, яго меркаваннем, парушаецца прынцып зямной справядлівасці…
Падсумоўваючы вышэй агучаныя думкі і рыхтуючыся на спатканне з Хрыстом, які прыходзіць у свет, хачу падкрэсліць, як жа важна нам сёння змяніць сваё мысленне. А менавіта, забыцца пра зямныя праблемы, а перадусім пастарацца здабыць Валадарства Божае.
І дзіўная рэч, акурат так растаўляючы прыярытэты, зможам дабіцца сапраўдных пераменаў да лепшага і ў жыцці зямным. А ўмовы да жыцця будуць больш годныя, чым у якога-кольвечы ката у найлепшым доме.
Бо вянок Божага стварэння — чалавек, а не кот.
Згодна з воляй Усявышняга, чалавек павінен уладарыць і над катом (пар. Быц 1,28), а тым больш над сваім жыццём, беручы за яго адказнасць.

Вячаслаў Барок

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі