Брэст: грэка-католікі разам з пратэстантамі адзначылі 500-годдзе з часу выдання «Малой падарожнай кніжыцы» Скарыны
20 студзеня ў грэка-каталіцкай царкве святых братоў апосталаў Пятра і Андрэя адбылася экуменічная малітоўная сустрэча з нагоды 500-годдзя з часу выдання «Малой падарожнай кніжыцы» Францішка Скарыны, надрукаванай у Вільні ў 1522 годзе.

Як паведаміў сайт беларускай грэка-каталіцкай газеты «Царква», на запрашэнне прыняць удзел у экуменічнай сустрэчы падчас Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў адгукнуліся сем пастараў розных евангельскіх супольнасцяў з Брэста і Кобрына разам з вернікамі.
На пачатку сустрэчы прысутныя разам памаліліся, прачытаўшы шэраг псальмаў з Псалтыра ў беларускім перакладзе айца Аляксандра Надсана.
Потым са словам да прысутных звярнуўся пробашч грэка-каталіцкай парафіі ў Брэсце айцец Ігар Кандрацьеў, які падкрэсліў важнае значэнне Бібліі і яе перакладаў на сучасныя мовы ў жыцці вернікаў. Святар адзначыў вялікі ўнёсак Францішка Скарыны ў паглыбленне малітоўнага жыцця нашых продкаў, расказаў пра асветніцкае значэнне выдавецкай і перакладчыцкай дзейнасці беларускага першадрукара, які праз свае выданні імкнуўся зрабіць даступным Слова Божае для кожнага.
«Прыклад Скарыны і сёння натхняе беларускіх перакладчыкаў на новыя пераклады Бібліі на сучасную беларускую мову. Пры гэтым кожны перакладчык заўсёды прапускае Слова Божае з Бібліі праз сябе і такім чынам уступае ў дыялог з Богам. Без сумневу, вёў такі дыялог з Богам і Францішак Скарына, калі рыхтаваў да друку свае пераклады кніг Бібліі», — сказаў грэка-каталіцкі святар.
Перад прысутнымі выступілі таксама пратэстанцкія пастары. Пастар з царквы «Збаўленне» Аляксандр Барысюк расказаў пра асветніцкія праекты «Біблія на Берасцейшчыне» і «Беларускія пераклады Бібліі», якія ладзіліся ў Брэсцкай абласной бібліятэцы і ў Нацыянальнай бібліятэцы Біларусі ў Мінску з удзелам прадстаўнікоў розных канфесій. Яны могуць служыць прыкладам экуменічнага супрацоўніцтва, бо Біблія — гэта тое, што яднае ўсіх хрысціянаў.
«І сёння Біблія павінна быць нашай „падарожнай кніжкай“», — падкрэсліў пастар.
Яго калега Юрый Аліеў расказаў, як да яго ў савецкія часы патрапіла першая Біблія. Гэта адбылося падчас яго знаходжання ў Нарвегіі, калі ён служыў мараком, і з таго часу Святое Пісанне назаўжды ўвайшло ў яго жыццё.
Прысутных на экуменічнай сустрэчы прывітаў таксама пастар з Кобрына Сяргей Самулевіч. Айцец Ігар Кандрацьеў прачытаў адну з малітваў з «Малой падарожнай кніжыцы», напісаную самім Францішкам Скарынам — да Хрыста ўкрыжаванага. Потым, узяўшыся за рукі, усе прысутныя на экуменічнай сустрэчы разам прачыталі малітву «Ойча наш».
Сустрэча яшчэ доўга працягвалася ў нефармальнай прыязнай атмасферы за гарбатай. Прысутныя дзяліліся досведам свайго рэлігійнага жыцця, разважалі над асобнымі ўрыўкамі і складанымі месцамі ў Бібліі, адказвалі на розныя пытанні, у тым ліку пра жыццё і дзейнасць Францішка Скарыны.
Экуменічная малітоўная сустрэча ў брэсцкай грэка-каталіцкай царкве праходзіла ў межах Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў, які штогод адзначаецца 18–25 студзеня, і стала своеасаблівай падзякай вернікаў розных канфесій Францішку Скарыну за яго асветніцкую працу ў пашырэнні Божага слова.
Падобныя навіны
Апошнія навіны
- Пастар Ганчарэнка: «Зараз шмат хто будзе зняможаны душой» 18.05.2022 13:10
- У Данецку пад расійскім абстрэлам загінула насельніца манастыра 17.05.2022 16:34
- У Гродне 15 мая адбыліся Каложскія ўрачыстасці 17.05.2022 14:48
- У ЗША злачынец адкрыў страляніну ў прэсвітэрыянскай царкве 17.05.2022 11:19
- Пастар Ганчарэнка: «Я думаю пра Марыупаль» 13.05.2022 16:33
- У першы ў гісторыі Дзень дзядуляў і бабуль фэст у гонар святой Ганны адзначылі ў Жодзішках (фотарэпартаж)
- Маці Божая Шкаплерная зноў паклікала вернікаў у Гудагай
- У Чырвоным касцёле вернікі розных канфесій маліліся за Беларусь (фотарэпартаж)
- “Мы не пакаяліся ў злачынствах камунізму”. Фотарэпартаж з “Ланцуга пакаяння” ў Мінску
- Пад Віцебскам ушанавалі ахвяр камуністычных рэпрэсій (фотарэпартаж)
- Патрыярх Кірыл на асвячэнні Храма-помніка ў Мінску: Раптам паўстаў вораг і мірны дух знік (фотарэпартаж)
- Латвія. Рыга. Папа (фотарэпартаж)
- Сустрэча з Папам Рымскім у Літве вачыма беларусаў (фотарэпартаж)
- Юбілейная «Камяніца» сабрала людзей пад Мінскам (фотарэпартаж)