Зварот біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB на XXVІ Дзень кансэкраванага жыцця
Дарагія кансэкраваныя асобы ў Беларусі!
Шаноўныя святары!
Любыя браты і сёстры!
Штогадовы Сусветны дзень малітвы за кансэкраваных асоб адбываецца кожны год 2 лютага. На гэты дзень у календары Каталіцкага Касцёла прыпадае ўрачыстасць Ахвяравання Пана. Мы ўзгадваем, як Марыя і Юзаф, выконваючы закон Майсея, прынеслі свайго нованароджанага Сына ў святыню ў Ерузалеме, каб ахвяраваць Яго Богу. У гэты дзень быцькі Езуса прысвяцілі сваё Дзіцятка Богу, прынёсшы ў ахвяру пару туркавак. Так выглядала ахвяраванне, якое маглі скласці бедныя людзі.
2 лютага таксама называюць Грамніцамі, бо падчас святых Імшаў асвячаюць свечкі, якія сімвалізуюць святло Хрыстовае, што перамагае цемру ў свеце. Урачыстасць Ахвяравання Пана нагадвае дзень, у які Езус — Святло свету — увайшоў у святыню. Кансэкраваныя жанчыны і мужчыны пасля складзеных абяцанняў сваім жыццём сведчасць пра святло Хрыстовае.
Мэта Сусветнага дня кансэкраванага жыцця заключаецца ў тым, каб дапамагчы ўсяму Касцёлу яшчэ больш шанаваць сведчанне тых, хто вырашыў ісці за Хрыстом праз практыкаванне евангельскіх парад.
Гэта таксама нагода для кансэкраваных асоб аднавіць сваё пасвячэнне і нанава распаліць запал, які павінен натхніць іх на самаахвярнае служэнне Пану.
У Каталіцкім Касцёле ў Беларусі гэта таксама дзень удзячнасці кансэкраваным асобам, якія служаць і жывуць у нашай краіне.
Служэнне кансэкраваных асоб важнае і для Касцёла, і для свету. Па-першае, Касцёлу патрэбна іх святасць. Па-другое, прыклад жыцця кансэкраваных асоб, якія добраахвотна ахвяравалі сваё жыццё Богу праз штодзённае выкананне евангельскіх парад убоства, чыстасці і паслухмянасці, узбагачае свет.
Праз паслухмянасць яны знайшлі сапраўдную свабоду; дзякуючы чыстасці іх любоў скіравана не да аднаго чалавека, а да ўсіх людзей; убоства ж у сучасным свеце з’яўляецца сапраўднай каштоўнай пярлінай. Іх прыклад годных вучняў Хрыста натхняе нас, каб і мы адважна крочылі за нашым Панам, умацоўвалі супольнасць Касцёла і спрыялі яго сінадальнасці праз камунію, удзел і місію.
Ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі жадаю ўсім кансэкраваным асобам, каб прыклады Сімяона і Ганны натхнялі і падтрымлівалі вас. Як Сімяон, чакайце «суцяшэння Ізраэля».
Няхай сёння Дух Святы, які пасвяціў вас Хрысту, Божаму Месіі, у евангельскіх парадах, натхняе вас на вернасць чакання і на радасць сустрэчы з Эмануэлем!
Так, як Ганна ў сціплым і малітоўным жыцці, не стамляйцеся абвяшчаць хвалу Бога! Сваёй пакорнай прысутнасцю ў нашых супольнасцях вы паказваеце, што Езус, Сын Божы, які стаў чалавекам, які прыйшоў у свет і першы быў пасвячаны ў любові свайго Айца, заўсёды застаецца сярод нас.
Вы таксама паказваеце, што свет сам па сабе не мае мэты: ён нясе штосьці большае — Боскую Любоў, якая робіць усё новым.
Сваім сціплым, верным і моцным сведчаннем вы абараняеце чалавецтва ад забыцця пра гэтую Любоў.
Жадаю ўсім вам быць шчырымі перад Богам, светам і самімі сабой, каб вы маглі быць своеасаблівым дадаткам да Евангелля, з якога людзі змогуць лёгка чытаць прыгажосць Добрай Навіны і дзякуючы гэтаму запрагнуць любові, якая мае сваю крыніцу ва ўкрыжаваным Хрысце.
З благаслаўленнем, біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB
Адказны за Інстытуты кансэкраванага жыцця і Таварыствы апостальскага жыцця
пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Падобныя навіны
Апошнія навіны
- Дыяцэзіяльныя ўрачыстасці ў Тракелях пройдуць 9-10 ліпеня (+праграма) 29.06.2022 10:21
- Ва Украіне пад Валнавахай манах падарваўся на міне 27.06.2022 15:49
- Праграма прынясення каўчэга з часціцай мошчаў прападобнага Сергія Раданежскага ў Беларусь у перыяд з 27 чэрвеня па 3 ліпеня 27.06.2022 10:37
- Пра Беларусь, стэрэатыпы і духоўнасць. Batushka адкажа. Відэа 26.06.2022 08:28
- Вярхоўны суд ЗША 24 чэрвеня адмяніў рашэнне ў справе «Роў супраць Уэйда», што прызнавала аборт фундаментальным правам 25.06.2022 14:38
- У першы ў гісторыі Дзень дзядуляў і бабуль фэст у гонар святой Ганны адзначылі ў Жодзішках (фотарэпартаж)
- Маці Божая Шкаплерная зноў паклікала вернікаў у Гудагай
- У Чырвоным касцёле вернікі розных канфесій маліліся за Беларусь (фотарэпартаж)
- “Мы не пакаяліся ў злачынствах камунізму”. Фотарэпартаж з “Ланцуга пакаяння” ў Мінску
- Пад Віцебскам ушанавалі ахвяр камуністычных рэпрэсій (фотарэпартаж)
- Патрыярх Кірыл на асвячэнні Храма-помніка ў Мінску: Раптам паўстаў вораг і мірны дух знік (фотарэпартаж)
- Латвія. Рыга. Папа (фотарэпартаж)
- Сустрэча з Папам Рымскім у Літве вачыма беларусаў (фотарэпартаж)
- Юбілейная «Камяніца» сабрала людзей пад Мінскам (фотарэпартаж)