У «Новым Жыцці » правялі асаблівы баль для асаблівых людзей
Вернікі царквы «Новае Жыццё» 18 лютага правялі баль «Night to shine» альбо «Час зіхацець» — баль для людзей з асаблівасцямі.
Галоўным арганізатарам балю стала Вольга Ганчарэнка. «Я даведалася пра гэты праект тры гады таму, і ён мяне вельмі натхніў. Тады я паглядзела відэяролік пра баль для людзей з асаблівасцямі, пабачыла шчырыя, неперадавальныя эмоцыі ўдзельнікаў, якія не бачыла больш нідзе. Да мяне прыйшло вялікае жаданне прывезці гэты праект у Беларусь і зрабіць баль для нашых людзей. Мяне спынялі маштабы падзеі, бо баль праводзіца на вельмі высокім узроўні. Патрэбная была падтрымка каманды і царквы. Калі ўсё гэта атрымалася, мы пачалі рыхтавацца», — распавядае Вольга Ганчарэнка.
Большасць з удзельнікаў свята ніколі раней не была на балі. Кожнаму з гасцей дапамагаў свой валанцёр.
«Сярод валанцёраў ёсць бізнесоўцы, дырэктары і нават дэпутаты. Гэта людзі, якія, прыйшоўшы на праект, робяцца рукамі, нагамі, вушамі нашых гасцёў. Самі валанцёры не застаюцца ранейшымі, яны мяняюцца знутры. Баль зладжаны так, што ў кожнага госця ёсць свой валанцёр-сябра. Цягам вечара ён удзельнічае з госцем ва ўсіх мерапрыемствах. І многія валанцёры пасля сканчэння балю працягваюць сябраваць і камунікаваць з нашымі гасцямі, і гэта вельмі каштоўна», — распавядае Вольга.
Кожнага госця прыгожа апранаюць, робяць макіяж і фрызуру, арганізоўваюць транспартную дастаўку. Госці прыязджаюць на белых лімузінах, ідуць у залю па чырвонай дарожцы, атрымліваюць бутан’ерку з жывых кветак, распавядае сайт царквы.
На гэты раз на баль прыехалі каля 20 інвалідаў-вазочнікаў. Усяго сабралася 70 гасцей і 90 валанцёраў. Для ўдзельнікаў балю выступалі скрыпач Давід Бэй, выканаўцы Аляксандр Патліс і Стэфанія Сакалова. З кранальным казаннем да гасцей звярнуўся пастар Вячаслаў Ганчарэнка.
«Калі заходзіць размова аб людзях з абмежаванымі магчымасцямі, аб маламаёмасных, аб шматдзетных сем’ях, аб сіротах, гучыць меркаванне, што ім «і так сыдзе». Што ім можна раздаць адзенне горш, уручыць пратэрмінаваную гуманітарку. У грамадстве ёсць устаноўка, што ім «хоць нешта». А мы жадаем зрабіць для іх самае лепшае. Таму ёсць лімузіны і чырвоная дарожка. Як бы мы сустракалі Езуса, як бы сустракалі найважнейшага і дорага госця, так мы прымаем і нашых гасцей на баль. Толькі самае лепшае, толькі самае прыгожае», — распавядаюць арганізатары балю.
Падобныя навіны
Апошнія навіны
- У МінДВ адкрылі аддзяленне царкоўнага мастацтва 07.07.2022 15:24
- У Мінску затрымалі пастара царквы «Новы Запавет» і арыштавалі ягоную жонку 07.07.2022 09:00
- Расійскі мітрапаліт заклікаў спыніць кровапраліццё на ўкраінскай зямлі пасля абстрэлу РФ 06.07.2022 09:25
- У Брэсце прайшоў маштабны крыжовы шлях 05.07.2022 19:50
- У Жыровічах асвяцілі самы вялікі ў Беларусі звон 05.07.2022 15:21
- «Маці Будслаўская, Маці святая…». Фотарэпартаж
- У першы ў гісторыі Дзень дзядуляў і бабуль фэст у гонар святой Ганны адзначылі ў Жодзішках (фотарэпартаж)
- Маці Божая Шкаплерная зноў паклікала вернікаў у Гудагай
- У Чырвоным касцёле вернікі розных канфесій маліліся за Беларусь (фотарэпартаж)
- “Мы не пакаяліся ў злачынствах камунізму”. Фотарэпартаж з “Ланцуга пакаяння” ў Мінску
- Пад Віцебскам ушанавалі ахвяр камуністычных рэпрэсій (фотарэпартаж)
- Патрыярх Кірыл на асвячэнні Храма-помніка ў Мінску: Раптам паўстаў вораг і мірны дух знік (фотарэпартаж)
- Латвія. Рыга. Папа (фотарэпартаж)
- Сустрэча з Папам Рымскім у Літве вачыма беларусаў (фотарэпартаж)