Беларускі праваслаўны святар распавёў, чаму і як працуе паняцце «Рускі свет»
«У «чалавека натоўпу», асераднёнага масавага спажыўца інфармацыі, не можа не быць міфаў — як у дзяцей не можа не быць казак. У дзяцей ёсць казкі не таму, што яны неразумныя, а таму што казкі, груба кажучы, адпавядаюць іх узроўню развіцця і з’яўляюцца першым даступным і неабходным для іх як відам ведаў, так і спосабам яго арганізацыі. Мысленне абывацеля ў сферах, якія не датычацца яго прафесійнай дзейнасці, грунтуецца на міфах», — разважае ў сваім акаўнце ў Facebook праваслаўны святар і публіцыст протаіерэй Сергій Лепін.
Асаблівае месца сёння, паводле яго словаў, займаюць нацыянальныя гістарычныя міфы, якія могуць выконваць не толькі стваральную ролю, але і адмоўную — тады, калі яны, ператварыўшыся ў ідэалогію, «перастаюць быць проста нематэрыяльнай крыніцай натхнення для розных відаў культуры (мастацтва, рэлігіі, філасофіі, навукі і нават самой ідэалогіі) ці проста тлумачальнымі і сістэматызуючымі канцэпцыямі, а становяцца мэтай і самамэтай усяго пералічанага ў дужках».
Так і адбылося з «Рускім светам», — разважае а. Лепін. Сам па сабе, паводле яго словаў, «Рускі свет» не з’яўляецца міфам, але ў структуры гэтага феномена ёсць тлустая міфалагічная «праслойка», якая змяшчае не рэальнае апісанне гістарычнай рэчаіснасці, а яе сімвалічную інтэрпрэтацыю, дапаўняемую рознымі кампанентамі.
«Рускі свет», на думку а. Лепіна, мог бы быць нядрэннай культурна-гістарычнай ідэяй міжнароднай і міждзяржаўнай супольнасці, накіраванай на інтэграцыю рускамоўных даследаванняў, дасягненняў мастацкай і рэлігійнай культуры і аб’яднанне носьбітаў і аматараў рускай мовы па ўсім свеце.
«Савецкі свет разбурыўся ў вядомы час, але пэўным чынам існаваў у межах РФ, распаўсюджваючы свой уплыў на мноства карэнных народаў. Аднак ужо з пачатку 2000-х ён адраджаецца як накіраваная за тэрыторыю РФ рэваншысцкая дактрына «збірання земляў» на падставе барацьбы з самымі рознымі пагрозамі (у двукоссі або без) — але ўзнікае не пад арыгінальнай назвай, а пад назвай «Рускага свету», паколькі ніхто не спяшаецца прызнаць сябе «бальшавікамі», — тлумачыць а. Лепін.
«Праз агульнасць рускай мовы расійскія ідэолагі намацалі «канал», па якім спрабуюць заходзіць са сваім «Рускім светам» да суседзяў», — кажа святар, дапаўняючы: «Найбольш дакучлівай сёння з’яўляецца менавіта тая прэзентацыя «Рускага свету», у якой не існуе ні беларусаў, ні ўкраінцаў (і іх дзяржаваў), але ў якім маюцца толькі расейцы, якія павялічылі свой субстрат за кошт «скасавання» беларусаў і ўкраінцаў, і іншыя народы».
«Самае страшнае, што некаторыя для распаўсюджвання і навязвання свайго Pax Sovietica выкарыстоўваюць РПЦ. І гаворка ідзе не толькі пра дзяржаўных ідэолагаў, канапавых нацыяналістаў ці вайсковых «палітрукаў». Гаворка ідзе часам і пра саміх духоўных асобаў, якія, свабодна прытрымліваючыся адпаведных поглядаў, становяцца (свядома ці не) «траянскім канём», які пастаўляе па каналах кананічнай юрысдыкцыі не ўласна «кананічны», а ідэалагічны і палітычны кантэнт», — дапаўняе протаіерэй Лепін.
«Я хачу, каб вы, дарагія мае браты і сёстры, цвёрда ведалі і былі ўпэўненыя ў тым, што калі я падчас набажэнства паварочваюся да вас і, бласлаўляючы, кажу «Мір усім!», я маю на ўвазе ТОЛЬКІ Мір Ісуса Хрыста – Госпада, Які кажа нам: «Мір пакідаю вам, мір Мой даю вам; не так, як мір дае, Я даю вам. Ды не бянтэжыцца сэрца ваша і хай не палохаецца». Калі нехта дае вам мір так, як гэта робіць мір, а не так, як гэта рабіў Хрыстос, то ён робіць гэта не ад Хрыста, а ад сябе. Мае на гэта права, але гэта не абавязвае вас ніяк. «Рускі свет» — замест «свету Хрыста». Падобнае павінна сустракаць толькі непрыманне, — рэзюмуе святар.
Падобныя навіны
Апошнія навіны
- Сайт Krynica.info часова спыняе сваю працу 21.09.2022 17:18
- Пастару Вячаславу Ганчарэнку штраф 100 базавых 20.09.2022 14:55
- Затрыманы Вячаслаў Ганчарэнка 20.09.2022 11:53
- Адзін з самых пазнавальных беларускіх календароў ужо ў продажы 19.09.2022 12:11
- “Стаміліся ўсё ад хлусні”. Белгарадскі мітрапаліт лічыць, што ў Расіі з-за вайны можа паўтарыцца 1917 год 19.09.2022 10:43
- «Маці Будслаўская, Маці святая…». Фотарэпартаж
- У першы ў гісторыі Дзень дзядуляў і бабуль фэст у гонар святой Ганны адзначылі ў Жодзішках (фотарэпартаж)
- Маці Божая Шкаплерная зноў паклікала вернікаў у Гудагай
- У Чырвоным касцёле вернікі розных канфесій маліліся за Беларусь (фотарэпартаж)
- Пад Віцебскам ушанавалі ахвяр камуністычных рэпрэсій (фотарэпартаж)
- Патрыярх Кірыл на асвячэнні Храма-помніка ў Мінску: Раптам паўстаў вораг і мірны дух знік (фотарэпартаж)
- Латвія. Рыга. Папа (фотарэпартаж)
- Сустрэча з Папам Рымскім у Літве вачыма беларусаў (фотарэпартаж)
- Юбілейная «Камяніца» сабрала людзей пад Мінскам (фотарэпартаж)