Хто адказны за зло, грэх, вайну?

За якія грахі нясе адказнасць чалавек? Толькі за свае асабістыя ці і за грахі продкаў? А за грахі народа, да якога прыналежыць?

Аб’яўленне Божае пераконвае, што адказнасць чалавек мае за тыя грахі, ў якіх вінаваты сам. Яшчэ ў Старым Запавеце прарок Езэхіэль прапаведваў “… сын не панясе віны бацькі і бацька не панясе віны сына…” (Езэх 18,20). Значыць, калі сам штосьці зрабіў, альбо, калі і не зрабіў, але пры гэтым даеш маўклівую згоду на існаванне зла, вось за гэта і будзеш адказваць.

На прыкладзе падзей з нашых дзён выглядала б так. Загадаў распачаць вайну – будзеш адказваць. Выканаў злачынны загад і пайшоў ваяваць у арміі агрэсара – будзеш адказваць. Пляскаў у далоні, калі агрэсар бамбардаваннем руйнаваў мірныя гарады – будзеш адказваць. Адварочваў галаву ў бок, не бачыў і маўчаў, як з тэрыторыі тваёй краіны агрэсар нападаў на суседнюю – будзеш адказваць.
Безумоўна, ступень адказнасці залежыць ад узроўню ангажыравання.

Хрыстос напэўна сёння б у прапаведванні не абмінуў бы тэму вайны, бо яна актуальная. А Евангелле паводле святога Лукі ў р.13 нагадвае, што Ён не цураўся магчымасці выказацца ў кантэксце галоўных грамадскіх падзеяў.

Сілаамская вежа ў Ерусаліме, якая абрынулася па невядомых прычынах і пахавала пад сабой 18 галіліян, ды пралітая кроў ізноў жа галілеян ад жаўнераў рымскай імперыі ў ерусалімскай святыні падчас ахвярапрынашэнняў, сталі сімваламі рэзанансных падзеяў для жыхароў не толькі Іюдэі, але і для рэгіёна Галілейскага мора, дзе прапаведваў Хрыстос. І Яму расказалі пра іх.
Мова тычыцца гістарычных фактаў; праўдападобна, здарэнні адбыліся пры вырашэнні камунальных праблемаў Іерусаліма. А менавіта існавала неабходнасць збудаваць новы вадаправод у горадзе і Пілат, які быў нібы ініцыятарам вырашэння пытання па забеспячэнні горада вадой, даў загад узяць грошы ахвяраваныя святыні. Па мерках Юдэйскіх – гэта канешне было блюзнерствам. Грошы ахвяраваныя на святыню нельга выкарыстоўваць на бытавыя патрэбы гораду.
Вось таму адбыўся ў святыні бунт з удзелам  галілеян, а Пілат пазабіваў усіх пратэстоўцаў. А 18 загінуўшых, гэта, па адной з версій, былі тыя хто працавалі пры правядзенні новай камунікацыі па забеспячэнні вадой.

Выснова грамадства была прамалінейнай. Яны загінулі, бо прынялі ўдзел у грэшнай справе і Бог іх пакараў.

Хрыстос каментуе гэтыя трагічныя падзеі ў такім духу: думаеце тыя галілеяне, што загінулі, былі больш грэшныя чым іншыя, “Не. Але кажу вам, калі не пакаецеся ўсе таксама загінеце.” (Лк 13,5).

Хрыстос кладзе націск на індывідуальную адказнасць кожнага выключна за свае ўчынкі.
І калі ўжо былі вінаватыя 18 галілеянаў, загінуўшых пад руінамі вежы, то і іншыя жыхары Ерусаліма, якія ўсё ж згадзіліся на выкарыстанне грошаў святыні на іншыя патрэбы, то зграшылі не менш. І вось таму, без пакаяння іх чакала адказнасць за бяздзейнасць і пакаранне – смерць.

З Богам усё проста: калі ідзе мова пра выратаванне, то не схаваешся за спінамі праведнікаў і нават не апраўдае тое, што сам Бог рабіў у тваім жыцці вялікія знакі і выслухоўваў твае малітвы. Апостал Павел нагадваў: “Не хачу, браты, каб вы не ведалі, што айцы нашыя ўсе былі пад воблакам, усе прайшлі праз мора, … усе елі тую самую духоўную ежу, усе пілі той самы духоўны напой … Аднак большасць з іх не ўпадабаў Бог, таму яны былі загублены ў пустыні.” (1 Кар 10, 1-6). Чаму загінулі? Бо не даканца паверылі і не пакаяліся.

Падсумоўваючы, варта падкрэсліць, што мэтай Госпада не ёсць загубіць чалавека, калі нават і існуюць аб’ектыўные на тое прычыны, але Госпад хоча каб “грэшнік пакаяўся і жыў”. Аб гэтым сведчыць і прыпавесць пра смакоўніцу ў вінаградніку, якую не адразу ссек гаспадар, хоць яна ўжо тры гады не прыносіла пладоў. Хрыстос распавёў яе пасля каментара пра ахвяры ў Ерусаліме.

Госпад хоча, каб чалавек, паверыўшы ў Валадарства Божае, у гэтым жыцці адназначна выбраў дабро і толькі яму служыў.

“Не ідзі за натоўпам, каб чыніць зло, і на судзе не схіляйся да меркавання большасці, каб сказіць праўду.
Уцякай ад хлусні. Бязвіннага і справядлівага не забівай, бо Я не апраўдаю злачынцы.”
(Вых. 23, 2.7)
Прыдзе час і кожны з нас адкажа за ўсё…

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі