Уваход Хрыста ў Іерусалім — чыё свята?

Урачысты ўваход Хрыста ў Іерусалім — ці з’яўляецца гэта свята, святам для ўсіх сучасных католікаў, праваслаўных ды пратэстантаў? Пытанне адкрытае.

Без сумневу можна сказаць, што яно ёсць святам тых, хто паверыў у словы Ісуса “Валадарства маё не з гэтага свету… Я на тое і прыйшоў у свет, каб даць сведчанне праўдзе” (Ян 18,36-37)  і для каго сэнсам зямнога жыцця стала служэнне Валадарству Божаму. Такое служэнне ніяк немагчыма спалучыць з абслугоўваннем зямных палітычных рэжымаў. Тых рэжымаў, якія непазбежна вядуць да трагедый, якім сёння імя беларускае Акрэсціна, украінскія Буча і Бярдзянск, а ў мінулым Курапаты ды Галадамор. Той, хто служыць рэжымам, не можа быць хрысціянінам. І няважна хто ён: ці ахоўнік на Акрэсціна, які катуе беларусаў-палітвязняў, ці салдат у Бучы, які выконваючы злачынны загады, расстрэльваў мірных грамадзян Украіны, ці, нават, царкоўны іерарх, які апраўдвае рэпрэсіі і  вайну. Яны ўсе не служаць Божаму Валадарству, а абслугоўваюць палітычныя рэжымы. Яны не хрысціяне. Такія, калі штосьці і маюць супольнага з Хрыстом, то толькі тое, што яны Яго ўкрыжавалі.

Ісус уваходзіць у Іерусалім як цар сваіх падданых.
Гэты цар, выбіраючы асла, як сродак транспарту, звяртае ўвагу, што атрыбутам яго ўлады можа быць у нейкім сэнсе нават упарты асёл, як сімвал станоўчасці у бескампрамісны з любым злом і беззаконным насіллем. Хрыстос з мэтай ўваходу ў Іерусалім не абіраў аптымальны шлях, Ён выбраў адзіны магчымы, прадказаны прарокамі. Яго мірны ўваход у Іерусалім  — пасланне для сучасных хрысціян. Месія ідзе ў святы горад не дзеля таго, каб у ім падпісаць мірнае пагадненне на бесканфліктнае суіснаванне пануючых розных ўладаў з рознымі ідэалогіямі і Валадарства Божага; і, каб у выніку, ў рознапалярным свеце ідэалогій, загарантаваць спакойнае існаванне Яго паслядоўнікам – хрысціянам і, ў будучым, Ягонай Царкве.

Ён бескампрамісны і едзе на асле,  бо не збіраецца весці дыскусій і дыялогу, як і не збіраецца ваяваць з тымі тыранамі, якія выбралі служэнне злу, а не Валадарству Божаму. На судах у Ірада і Пілата Ён будзе маўчаць і не будзе спрачацца з першасвятарамі.

Ведае, што тыя, хто служаць злу, абіраюць шлях вайны і ідуць прамым курсам на зруйнаванне, як бы не было дзіўна, ў першую чаргу свайго жыцця. І гэта ўжо непазбежнасць, як непазбежнасцю стала зруйнаванне Рымскай імперыі,  прадстаўнік улады каторай, Понцій Пілат, задаваў пытанне: “а што такое праўда?”. Кожная ўлада, якая не бачыць праўды ў Хрысце, вядзе да зруйнавання сваю краіну.

Ісус, будучы сам веруючым іўдзеем, у Іерусаліме не збіраецца ўратаваць інстытуцыю рэлігійнага жыцця іўдзеяў, у цэнтры каторага быў храмавы культ. Ён нават гаворыць пра гіпатэтычнае зруйнаванне Іерусалімскага Храма.
Як жа дакарае Ён і сёння сваімі словамі тых прадстаўнікоў сучасных хрысціянскіх Цэркваў, якія свае палітычныя гульні з уладай і шляхі кампрамісаў, апраўдваюць збітымі фразамі “мы павінны ўратаваць Царкву” ,”трэба прапаведаваць так, каб Касцёл выжыў”. Усё адно як бы Царква Хрыстовая насамрэч не была Хрыстовай і так, яе бы гэта не Хрыстос ёсць Яе гарантам у супрацьстаянні з “пякельнымі брамамі” ды ёй апякуецца, але яны — вялікія дзеячы Царквы.

Разам з тым, Хрыстос, які уваходзіць у Іерусалім на асле, як Месія, як Цар усіх народаў і Збаўца ўсяго чалавецтва, дае надзею кожнаму, хто вітае Яго словамі “гасанна Сыну Давідаваму”, і ёсць верным Яму аж да Крыжа, а калі трэба, то і сам на крыжы завісне, але не пойдзе на кампраміс са злом і хлуснёй коштам дабра і праўды.

Вось для такіх людзей з пэўнасцю гістарычная падзея ўваходу Хрыста ў Іерусалім ёсць святам. Бо Хрыстос уваходзіць у святы горад, каб перамагчы зло. І робіць гэта праз сваю смерць і ўваскрашэнне. Гэта праўда натхняе нас не спыняцца нават тады, калі бачым самыя нікчэмныя зверствы зла. Дабро непазбежна пераможа.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі